16.02.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, адміністратыўны пераслед, грамадства, пераслед, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 16 лютага 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Докшыцах затрымалі былога настаўніка гісторыі Арцёма Стадольніка

Яго абвінавачваюць паводле арт. 24.23 КаАП ("несанкцыянаванае пікетаванне") за допіс у інстаграме ад 18 студзеня 2021 году. Ён не мае палітычнага зместу, але быў праілюстраваны здымкам машыны з налепкай "Пагоні". Налепку Арцём зняў пазней па патрабаванні міліцыянтаў: тады абыйшлося без пратакола. Цяпер маладзёна затрымалі на трое сутак.

Раней Арцёма затрымлівалі ў кастрычніку 2020 года за "несанкцыянаванае мерапрыемства", а потым 8 ліпеня 2021, у час першай масавай зачысткі — на трое сутак па "падазрэнні" ў крымінальнай справе за палітычны надпіс на прыпынку. Мужчына мае траіх непаўнагадовых дзяцей.

Супрацоўнікі КДБ правялі «прафілактычны рэйд» перад выбарамі* па Магілёўскай вобласці

Вядома мінімум аб некалькіх людзях, якія 15 лютага былі затрыманыя супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Верагодна, рэальная лічба затрыманых яшчэ большая.

Сілавікоў цікавілі дзеянні магіляўчан і некаторых жыхароў райцэнтраў вобласці пасля выбараў 2020 года, а таксама перапіскі ў месэнджарах і сацсетках, падпіскі на Telegram-каналы. У некаторых выпадках, людзей прымушалі адпісвацца ад іх, нават тых, якія не ўключаны ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», а проста не спадабаліся чэкістам.

Акрамя таго, супрацоўнікі КДБ цікавіліся, ці збіраецца той ці іншы чалавек ісці на выбары*. Пасля размовы людзей прасілі падпісаць дакумент, у якім яны дэкларавалі недапушчальнасць незаконных дзеянняў, пасля чаго адпускалі.

Лукашэнка сцвярджае, што ў Лельчыцах затрымалі дыверсантаў

Нагадаем, учора ў Лельчыцкім раёне ўчора ўводзіўся рэжым контртэрарыстычнай аперацыі. Пазней журналістам сказалі, што гэта вучэнні.

Лукашэнка сёння заявіў, што на мяжы злавілі некалькіх украінцаў і беларусаў, якія нібыта перакідвалі на тэрыторыю Беларусі выбухоўку для тэрактаў на тэрыторыі РФ і Беларусі.

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 24 чалавек — цяпер у ім 3789 прозвішчаў

16 лютага МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі украінца Рамана Гузінскага і асуджанага за данаты Юрыя Юрэню.

Да допіса далучаны апошні «Пералік грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Крыніца: У Докшыцах затрымалі былога настаўніка: хроніка пераследу 16 лютага