20.02.2024 Тэгі: умовы ўтрымання, правы зняволеных, гісторыі вязняў У калоніях усе вязні за рэдкім выключэннем павінны працаваць на прамзоне. Часта гэта цяжкая брудная праца з парушэннем нормаў бяспекі і 6-дзённым працоўным тыднем для палітычных, як, напрыклад, у Наваполацкай ПК № 1. На "промцы" зняволеныя сартуюць пластыкавыя адкіды з прамысловых прадпрыемстваў, вырабляюць вугаль, пераапрацоўваюць другасную сыравіну, працуюць на дрэваапрацоўцы. За гэта яны атрымліваюць фармальныя заробкі ўсяго па некалькі рублёў у месяц.
Былы палітзняволены Міхаіл (імя зменена) распавёў "Вясне" пра жыццё прамзоны ў Наваполацкай калоніі, пра дробныя перашкоды і нягоднае стаўленне адміністрацыі да вязняў, пра "палітычны балкон" і планёркі палітвязняў, як афіцэр адабраў у зняволеных дэзадаранты, як на "промцы" забаранілі старую зэкаўскую традыцыю, пра пацукоў на прамзоне, а таксама як пры новым начальніку Руслану Машадзіеву сталі кантраляваць моц палітвязняў.
Планёркі палітвязняў і зэк-радыё
Міхаіл распавядае, што летам і восенню 2022 года на прамзоне ПК-1 існаваў "палітычны балкон" – лесвічны пралёт, на якім палітвязні зранку перад працай ладзілі "планёрку".
"Гэта быў невялікі балкончык на 5-7 чалавек. Там збіраліся адукаваныя вядомыя палітвязні, якія перад арыштам пастаянна з’яўляліся ў навінах. Іх было сапраўды цікава паслухаць. На балконе абмяркоўвалі навіны і ладзілі мазгавы штурм па важных пытаннях. "Зэк-радыё" прыносіць шмат плётак. Там высвятлялі, што з гэтага праўда а што не. Таксама абмяркоўвалі навіны з волі і з прачытанага ў часопісах і газетах".
Хутка адміністрацыя пачала дасылаць кантралёраў, якія імкнуліся нечакана ўварвацца на балкон, каб даведацца, пра што там размаўляюць. Палітвязні ставілі чалавека “на пікет”. Адзін з палітвязняў нерухома пільнаваў кантралёра каля лесвіцы. Як толькі “пікетчык” пачынаў рухацца, гэта значыла, што з балкона трэба тэрмінова разыходзіцца. Разбягаліся за 2 секунды, распавядае Міхаіл.
"Некалькі разоў кантралёры ўсё ж такі паспявалі забегчы на балкон. Тады некаторых вязняў цягалі ўжо на іншыя размовы да адміністрацыі калоніі. Пазней частка з гэтай кампаніі з’ехала на ПКТ, кагосьці адправілі на крытую турму або ў іншыя атрады і "палітычны балкон" спыніў сваё існаванне".
"Забаранілі старую зэкаўскую традыцыю"
Суразмоўца распавядае пра чарговы прыклад дробнага шкодніцтва і нягоднага стаўлення адміністрацыі калоніі да зняволеных. У калоніі на прамзоне вязні праводзяць палову дня: акрамя працы ходзяць у сталовую, мыюцца і, калі дазваляе час, могуць троху адпачыць. Туды яны бяруць з барака неабходныя асабістыя рэчы, у тым ліку і сталовыя прыборы. Пры новым начальніку калоніі ўсім вязням забаранілі выкарыстоўваць тканенвыя чахлы для лыжак.
"На "промцы" даволі брудна, таму проста ў кішэні лыжку не паносіш. Ды і гэта такая старая зэкаўская традыцыя. У чахол хтосьці клаў зубчык часныка. Хосьці ў ім насіў "пасыпуху" (прыправа для ежы). Да таго ж зэкі вельмі пільнуюць, каб рэчы не былі бруднымі і сталовы прыбор заўсёды мусіць быць чыстым.
Але больш за ўсё мы былі абураныя тым, што адміністрацыя не папярэдзіла аб гэтым загадзя. Можна было б, напрыклад, паспець перакласці лыжку ў цэлафанавы пакет. А так, зранку вязні пайшлі на працу, там іх усіх разварочваюць назад. У той дзень зранку на асфальце каля “промкі” паўсюль валяліся чахлы ад лыжак".
"Звычайны сродак гігіены"
Аднойчы прадстаўнікі адміністрацыі пачалі забіраць у вязняў на прамзоне дэзадаранты.
"Пакуль мы працуем, у распранальню прыходзіць афіцэр і забірае ўсё, што на яго думку не павінна там быць. Ты вяртаешся з працы, а ў цябе беспарадак і няма асабістых рэчаў. Як кажа адміністрацыя, ёсць спіс прадметаў, якія дазволеныя на "промцы", а калі ў ім няма дэзадаранта, значыць ён вам там не паложаны. Але ж гэта звычайны сродак гігіены кожнага чалавека, ды і не танны для зэка".
"Зэк не можа быць дужэйшым за мянта"
Міхаіл распавядае, чаму вязні ў калоніі мусяць займацца спортам на прамзоне. У бараку ў кожным атрадзе ёсць турнікі і брусы, на якіх можна рабіць агульныя практыкаванні. Акрамя гэтага ў калоніі ёсць спартовы гарадок, які размяшчаецца на вуліцы і дзе можна трэнавацца больш грунтоўна. Туды палітвязняў не пускаюць. Таму шмат хто з іх спрабуюць займацца спортам на прамзоне, робячы сабе спартовыя снарады з падручных рэчаў. Але вязням даводзіцца хавацца ад правяраючых, каб не патрапіць пад рэпрэсіі.
"Хтосьці адціскаецца, хтосьці прысядае з бервяном. Усё гэта робіцца ў перапынках паміж працай. У нас там ляжаў тоўсты кабель. Мы яго адклалі і хлопцы пэўны час прысядалі з ім як са штангай. Пазней снарад знайшлі і загадалі парэзаць. Увогуле, калі адміністрацыя ловіць вязняў падчас спартовай трэніроўкі, то можна патрапіць у ШІЗА".
Пры новым начальніку ў мясцовую краму завезлі пратэін. Так працягвалася пэўны час, але аднойчы ён сказаў, што “зэк не можа быць дужэйшым за мянта” і пратэін прадаваць забаранілі, кажа Міхаіл. Але, як кажа суразмоўца, у іншых калоніях яго свабодна прадаюць.
Пацучыная варта
Як правіла, на тэрыторыі калоніі жывуць каты. Вязні іх падкармліваюць, а тыя ловяць грызуноў. Як кажа Міхаіл, з часоў папярэдняга начальніка калоніі Андрэя Пальчыка ўсіх катоў павыганялі.
"Таму на зоне бегаюць агромністыя пацукі. Звычайна яны жывуць на “промцы” ці каля сталовай. Але іншым разам могуць забегчы і на "жылку" (жылая зона – заўв. рэд.). І вось аднойчы на прамзоне здох пацук. Але зрабіў гэта ў сядзячай позе прытуліўшыся да слупа. Вязні вырашылі пазабавіцца. Яны знайшлі яму палачку адпаведнага памеру, якая паходзіць на стрэльбу і паклалі ў адну лапу. А ў іншую – акурак. Так гэты пацук некалькі дзён нёс сваю варту, пакуль мы хадзілі на працу. Калі сур’ёзна, гэта выпадак сведчыць, што мянты не надта даглядаюць тэрыторыю зоны, калі на бачным месцы некалькі дзён валяецца дохлы пацук".
Пра добрыя змены, якія прывялі да горшага
Пры новым начальніку калоніі адміністрацыя абнавіла распранальні, але гэта толькі пагоршыла сітуацыю.
"У распранальні стаялі лаўкі шырынёй прыкладна 20-25 сантыметраў. На іх усе пераапраналіся, а рэчы вешалі на цвікі на сцяне. Пры новым начальніку нам пачалі шкодзіць. Лаўкі зрабілі ў два разы вузейшымі, каб вязні на іх не спалі падчас абеду. Вядома, што зэкі прыстасаваліся спаць і на гэтых вузкіх лаўках. У выніку замест лавак увогуле паставілі шафы для рэчаў, якія былі без дзвярэй. Хацелі як лепей, але не ўлічылі адну рэч. Па шафах пачалі ўзбірацца пацукі і грызці рэчы. Калі адзенне вісела на цвіках, грызуны не маглі да яго дабрацца".
Пасля першых жа выходных з новымі шафамі вязні знайшлі свае рэчы на прамзоне ўсе пагрызеныя пацукамі.
"Пагрызлі ўсё, што толькі было магчыма: драўляныя лыжкі, мыла, цыгарэты. Паразрывалі кішэні, дзе засталіся хлебныя крошкі".
Крыніца: Планёркі палітвязняў і забарона старой "зэкаўскай" традыцыі. Як жыве прамзона ПК-1