20.02.2024 Тэгі: выбары-2024 На Гарадзеншчыне першы дзень датэрміновага галасавання прайшоў пад знакам небывалага адміністратыўнага ўплыву, прычым тон задавала самае высокае кіраўніцтва вобласці.

Забыўшыся на свае дзяржаўныя клопаты, раніцай прыйшла галасаваць на свой участак для галасавання №89, які размяшчаецца ў Гродзенскім дзяржаўным політэхнічным каледжы, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта.

"Сёння я аддаю свой голас за мір і стабільнасць у нашай краіне, за незалежнасць і росквіт роднай дзяржавы. За 30-гадовы перыяд развіцця наша Беларусь прайшла праз многае. І мы разумеем, наколькі каштоўныя для нас мір, спакой, дабрабыт," – пракаментавала удзел у галасаванні Алена Пасюта.

Нагадаем, што ў Гарадзенскай вобласці створана  602 выбарчыя ўчасткі, а вынікі забяспечваюць звыш 6 тысяч “сябраў камісій”. Такія звесткі паведаміў БелТа старшыня Гарадзенскай абласной выбарчай камісіі Уладзімір Хлябіч.З 602 участкаў ажно 567 пачнуць сваю працу ўжо 20 лютага на так званым “датэрміновым галасаванні”. Гэта звязана з тым, што рэшта ўчасткаў – 35 – створаны ў закрытых медыцынскіх установах і будуць працаваць толькі у дзень “выбараў”.

У гэты ж дзень старшыня аблвыканкама Уладзімір Каранік сустрэўся са студэнтамі і выкладчыкамі ГрДУ імя Янкі Купалы. Зразумела, што галоўнай тэмай сустрэчы стала электаральная кампанія.

"Удзел у выбарах – гэта наша выбарчае права, але варта разумець, што гэта права дазваляе людзям уплываць на будучыню сваёй краіны, вызначаць развіццё і свайго рэгіёну, г і Беларусі ў цэлым," – адзначыў ён.

Аднак да назіральнікаў паступае і не вельмі прыглядная інфармацыя. Так, стала вядома, што ў першы дзень галасавання многіх асуджаных да абмежавання волі ва ўстановах адкрытага тыпу Гарадзенскай вобласці арганізавана пасадзілі ў транспарт і адвезлі галасаваць на бліжэйшыя выбарчыя ўчасткі, хаця ўсе «хімікі» маюць працу і ім было б зручней прагаласаваць у асноўны дзень галасавання, які прыпадае на нядзелю.

Таксама паводле інфармацыі падпісчыкаў @Grodno_grab у Слоніме на ўсіх выбарчых участках з“явіліся спісы з "нядобранадзейнымі грамадзянамі". Пасля выбараў 25 лютага сябры выбарчых камісій павінны даць справаздачу аб тым, хто з "нядобранадзейных" прыйшоў і прагаласаваў, а хто не.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Крыніца: Таемныя спісы "неблаганадзейных", масавае галасаванне "хімікаў": першы дзень датэрміновага на Гарадзеншчыне