21.02.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, свабода мірных сходаў Акцыя пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе. Ілюстрацыйнае фота Суд Савецкага раёна Мінска 18 студзеня вынес прысуд Віталю і Аксане Каражанам, абвінаваціўшы іх па "народным", 342 артыкуле Крымінальнага кодэкса за ўдзел у акцыі пратэсту восенню 2020 года. Справу разглядала суддзя Вольга Емельянчыкава.

Пасля затрымання на трое сутак іх вызвалілі да суда пад залог, прычым Аксана Каражан унесла 5 500 рублёў, а Віталь – 11 100 рублёў.

Па матэрыялах абвінавачання Віталь і Аксана, "прымаючы ўдзел у мерапрыемстве, знаходзіліся сярод групы асоб на праспекце Пераможцаў і вуліцы Леніна, выходзілі на праезную частку дарог у Мінску, у выніку чаго блакавалі і заступалі шлях транспартным сродкам, што пацягнула парушэнне працы грамадскага транспарту, якое выявілася ў яго cпыненні. Прымаючы ўдзел у масавым мерапрыемстве, лозунгі не выкрыквалі".

16 лютага 2024 года Аксана і Віталь былі ўнесеныя ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.

Суд прызначыў абодвум пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін два гады і шэсць месяцаў.

Крыніца: Мужа і жонку Каражан асудзілі да "хатняй хіміі" за ўдзел у акцыі пратэсту