21.02.2024 Тэгі: заканадаўства, умовы ўтрымання, пенітэнцыярная сістэма Установа "Лекары за праўду і справядлівасць" разам з экспертамі працягваюць даследваць тэму пенітэнцыярнай медыцыны і псіхалогіі ў Беларусі. Чарговая канферэнцыя, якая прайшла ў Вільні 20 лютага, мела назву "Пакаранне ў зняволенні: інструмент выпраўлення або знявагі? Міжнароднае і нацыянальнае права і практыка". Фактычна, аналізавалася сітуацыя "турмаў ў турме", калі зняволеных, за розныя правіны, а часта і без іх, змяшчаюць у карцэры, ШІЗА і ПКТ. Канферэнцыя прайшла на фоне інфармацыі аб новай смерці палітзняволенага: пятым загінулым у месцах зняволення за апошні час стаў грамадскі актывіст Ігар Леднік. Удзельнікі канферэнцыі ўспранялі гэтае паведамленне хвілінай маўчання.

З вынікамі маніторынгу становішча з захаваннем правоў зняволеных пенітэнцыярных устаноў у Беларусі пры іх знаходжанні ў штрафных ізалятарах і спосабах абскарджання парушаных правоў пры змяшчэнні зняволеных у штрафныя ізалятары, карцэры, памяшканні камернага тыпу распавядаў эксперт Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка.

Ён спаслаўся на адмысловыя "Правілы Нэльсана Мандэлы", шэраг рэкамендацый, якія былі падрыхтаваныя камісіяй ААН, параўнаўшы іх з артыкуламі крымінальна-выканаўчага кодэксу Беларусі. Павал Сапелка прапанаваў свой спіс з 11 пэўных рэкамендацый, якія маглі б паправіць становішча.

Вынікамі свайго даследванння на тэму "Псіхалагічныя наступствы ўмоваў утрымання беларускіх зняволеных у штрафных ізалятарах. Патрэба ў псіхалагічнай дапамозе падчас адбывання пакарання і пасля вызвалення" падзялілася экспертка-псіхолаг Вольга Вялічка.

Яна на падставе дакументавання сведчанняў 37 былых зняволеных, а таксама аналізу 120 кейсаў палітвязняў, прааналізавала ўплыў ШІЗА на агульны псіхічны стан зняволеных. Па словах эксперткі, 91% арыштантаў ў ШІЗА адчувалі рознага віду расстройствы, псіхозы і дэпрэсіі, трывожнасць і нервовасць, страх смерці і ізаляцыі, думкі пра суіцыд.

Вольга Вялічка адзначае, што псіхалягічныя наступствы доўгага знаходжання ў ШІЗА (больш за 15 дзён) для мужчын і жанчын адрозніваюцца.

Дырэктар установы "Лекары за праўду і справядлівасць" Алег Дарашкевіч закрануў тэму, якая яшчэ шукае сваіх механізмаў вырашэння. Гэта «Права на здароўе зняволеных пенітэнцыярных устаноў у Беларусі пры іх знаходжанні ў штрафных ізалятарах: патрабаванні міжнародных і нацыянальных нарматыўна-прававых актаў і рэальная сітуацыя».

Ён прааналізаваў заканадаўчыя нормы, паводле якіх у ШІЗА мусяць забяспечыць гарантаванае канстытуцыяй права асуджаных на захаванне здароўя. Высновы ў былога менскага лекара простыя: калі ўлады такую мэту і ставяць, дык матэрыяльнымі рэсурсамі і кадрамі яе дасягнення не забяспечваюць.

Падчас канферэнцыі былі прадэманстраваныя дзякуючы відэазапісам сведчанні былых вязняў, якія адбывалі пакаранні да 2020 году і пасля.

Так, Дзмітрый Дзегцяроў адбываў пакаранне ў магілёўскай калёніі № 15 у канцы 2010-х. Агулам былы вязень правеў у ШІЗА 90 дзён запар:

"Спалі на падлозе, прыціснуўшыся адзін да другога, паколькі было холадна. Зімой батарэі амаль ня грэлі. Трапіць у ШІЗА можна было за што заўгодна. Для ахоўнікаў гэта неахайны выгляд — незашпілены гузік ці брудны каўнерык".

Сведчанні былой палітзняволенай Ганны Вішняк:

"Тых, хто не ішлі на кампрамісы, пазбаўлялі перадач, спатканняў, на працягу ўсяго тэрміна закідвалі ў ШІЗА мінімум на 10 сутак. Стойкія не ўдзельнічалі ні ў якіх секцыях і гуртках — як можна ладзіць "танцы на касцях" там? Патрапіўшы ў калонію, я зразумела, што ў СІЗА была як у Бога за плячыма. У першы ж дзень мяне выклікалі "на дыван", таму што я перакінулася парай слоў з Тоняй КанавалавайПершыя тры месяцы я асабліва не вылазіла і жыла няблага, але потым я пачала распавядаць праўду пра тое, што адбываецца, разважлівым дзяўчатам — гэта вельмі не спадабалася адміністрацыі. За год я памяняла 10 атрадаў, кожны месяц была ў ШІЗА".

"Я распусціла гульку, а там — запечаная кроў". Гісторыя палітзняволенай Ганны Вішняк

У першы раз мяне адправілі ў ШІЗА, бо знайшлі ў кішэні падкінуты кімсьці паламаны кіпяцільнік.

Былы палітзняволены праваабаронца Леанід Судаленка прэзентаваў сваё даследванне "ШІЗА ў Еўропе? Віды пакарання зняволеных у пенітэнцыярных установах еўрапейскіх краін, забеспячэнне захавання правоў зняволеных пры гэтым. Параўнанне з асабістым досведам".

Калі ў Беларусі большасць зняволеных трымаюць у калоніях з будынкамі казарменнага тыпу, то ў Еўропе — гэта турмы з дастаткова ўтульнымі камерамі, вялікімі пляцоўкамі для прагулак і заняткаў спортам, развітай інфраструктурай. Ізалятары для парушальнікаў парадку там таксама ёсць, але пакараных ніхто не пазбаўляе пасцельнай бялізны і не катуе холадам. І накіраваць у той ізалятар могуць толькі за сур“ёзнае парушэнне. А ў Беларусі ШІЗА як пакаранне за парушэнне ўнутранага парадку прадугледжана Крымінальна-выканаўчым кодэксам. У артыкуле 114 (пункт 1) гэтага кодэксу пералічана, чаго дакладна ня мусіць быць у асуджанага, якога зьмясцілі ў ШІЗА: спатканняў са сваякамі, лістоў, кніг, прагулак і нават пасцельнай бялізны. Абмяжоўваецца таксама харчовы рацыён.

Удзельнікі канферэнцыі пасля абмеркавання дакладаў пагадзіліся павышаць актыўнасць у фіксацыі парушэнняў правоў палітвязняў, назапашваць архіў такіх справаў і не адмаўляцца ад накіравання скаргаў на парушэнні правоў у адпаведныя інстанцыі Беларусі. Досвед удзельнікаў канфэрэнцыі аб праблемах выкарыстаньня ШІЗА кажа пра тое, што такая магчымасць, хаця і ілюзорная, яшчэ існуе.

"Медыцына ў турме – чорнае люстэрка, у якое заглянуў кожны з нас"

Каманда экспертаў, у якую ўвайшлі юрысты, медыкі, былыя адвакаты і псіхолагі, падрыхтавалі серыю дакладаў, у якіх распавялі аб тым, з якімі праблемамі сёння сутыкаюцца зняволеныя.

Крыніца: "Турмы ў турме": захаванне правоў зняволеных ў ізалятарах, карцэрах і ПКТ — праблемы і выклікі