21.02.2024 Тэгі: палітвязні, гісторыі вязняў 21 лютага ААН абвешчаны Міжнародным днём роднай мовы. Беларуская мова ўключана ЮНЕСКА ў спіс моваў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення (статус: vulnerable, "уразлівая"). Згодна з арт. 50 Канстытуцыі, кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін. Але ў Беларусі існуе дыскрымінацыя па моўнай прыкмеце. Нягледзячы на фармальна аднолькавы статус рускай і беларускай мовы – абедзве па Канстытуцыі з'яўляюцца дзяржаўнымі – першая дамінуе ва ўсіх сферах, а людзі, якія карыстаюцца беларускай мовай, штодзённа сутыкаюцца з дыскрымінацыяй. З ціскам праз ужыванне беларускай мовы сутыкаюцца і палітзняволеныя ў некаторых месцах няволі. Так, адзін з палітвязняў распавядаў, што ў наваполацкай калоніі № 1 з восені 2023 года прыбралі ўсе кніжкі на беларускай мове: Купалу, Караткевіча, Коласа і іншых. За выкарыстанне беларускай мовы некаторых палітвязняў змяшчалі ў ШІЗА, пазбаўлялі званкоў і перадач, выпісвалі "парушэнні" за даклад на роднай мове, абгрунтовываючы гэта тым, што зняволеныя выкарыстоўвывалі неіснуючыя словы накшалт "гадзіннік". Таму, акрамя барацьбы за свабоду, некаторыя палітвязні паралельна адстойваюць сваё права карыстацца роднай мовай. Да Дня роднай мовы праваабаронцы "Вясны" сабралі сведчанні былых палітвязняў і арыштантаў пра ўжыванне беларускай мовы ў зняволенні і ўспрыняцце яе ў месцах няволі.
"Як я чуў, ён пачаў прынцыпова размаўляць з адміністрацыяй па-беларуску. А яны прымушалі яго гаварыць па-руску. Ён кажа: "Дзяржаўная мова беларуская, і я буду па-беларуску гаварыць". Магчыма, за такую яго пазіцыю [збівалі]", – распавядаў былы палітвязень Вадзім Хіжнякоў пра Вітольда Ашурка, які загінуў у шклоўскай калоніі № 17.
А вось, што распавялі праваабаронцам былыя палітзняволеныя ды арыштанты пра ўжыванне беларускай мовы ў ІЧУ на Акрэсціна, у Гомелі і Маладзечне, у СІЗА-1, на мазырскай "хіміі" і ў калоніі № 15. Публікуем іх сведчанні.
"Параіў не размаўляць па-беларуску з "вяртухаямі" ды падчас суду, бо можна атрымаць большы тэрмін"
Былы арыштант распавёў пра выпадак у ІЧУ на Акрэсціна напрыканцы лютага 2022 года:
"Быў абед і выпадкова цётка, якая выдавала ежу, пачула, што ўнутры ізалятара хтосьці размаўляе па-беларуску. У той момант яна была ў форме падобнай хутчэй на буфетчыцу, а не ў форме МУС. Яна праз “кармушку” казала мне, што выдатная мілагучная мова і, калі яна, будзе выдаваць ежу, то заўсёды з ёй размаўляць на роднай мове. Пэўным чынам падтрымала і казала, каб мы ўсе трымаліся. Больш я яе не сустракаў.
Праз пэўны час быў першы допыт у следчага, дзе ён параіў не размаўляць па-беларуску з "вяртухаямі" ды падчас суду, бо можна атрымаць большы тэрмін. Я прыняў гэтую параду і для сябе вырашыў, што буду размаўляць па-беларуску толькі са зняволенымі..."
"Прадольны нават стараўся амаль заўсёды размаўляць са мной па-нашаму"
Праваабаронца Алесь быў затрыманы напрыканцы 2021 года і змешчаны ў ІЧУ Маладзечанскага раёна па адміністрацыйнай справе, дзе агулам прабыў два месяцы. Увесь час ён размаўляў з усімі выключна па-беларуску:
"Трэба сказаць, што за ўвесь час я сустрэў толькі дзве негатыўныя рэакцыі з іх боку на маю мову – і то не агрэсіўную. Адзін раз ад намесніка ізалятара ў нейкай размове са мной выказаў пажаданне, каб я з ім размаўляў па-расейску. На маю заўвагу, што беларуская мова мае статус дзяржаўнаў, ён пачаў штосьці плесці, што мы ж нарадзіліся ў СССР і ўсё такое. Але больш нам з ім практычна не давялося мець ніякіх размоў. Другі раз пачуў ад маладога прадольнага штосьці кшталту "гавары на нармальнам языке". І ўсё. Усе астатнія, і дзяжурныя, і іншыя прадольныя, і начальнік ізалятара не выказвалі да маёй беларускай гаворкі ніякага негатыву. Больш за тое, адзін сталы прадольны нават стараўся амаль заўсёды размаўляць са мной па-нашаму.
З боку ж арыштантаў (а пераседзець мне давялося з даволі вялікай колькасцю, бо часта перакідвалі з адной камеры ў другую), незалежна ад сацыяльнага статусу і артыкулу адчуваў толькі прыхільнае стаўленне. Некаторыя нават спрабавалі са мной размаўляць па-беларуску. Чаму так? Магчыма, праз тое, што рэгіён наш усё ж гістарычна належыць да Віленшчыны, дзе заўсёды былі моцныя традыцыі мясцовага патрыятызму і нацыянальнай талерантнасці..."
"Стала для многіх не проста мовай, а сімвалам супраціўлення"
Былы палітзняволены актывіст Ілля Міронаў распавёў пра ўжыванне беларускай мовыў гомельскім ІЧУ ў траўні 2023 года:
"Перад эвакуацыяй я апынуўся ў душным прасякнутым безвыходнасцю ІЧУ. У цеснай камеры нас было шасцёра. І, як глыток свежага паветра, як прамень святла ў цёмным царстве, гучала наша родная, беларуская мова.
Пасля жніўня 2020 года яна стала для многіх не проста мовай, а сімвалам супраціўлення, гімнам нязломнай волі. Хтосьці гаварыў на ёй чыста, хтосьці – з цяжкасцю, але ўсе мы, нібы ў адзіным парыве, супрацьпастаўлялі яе бяздушнаму рэжыму Лукашэнкі.
У гомельскім ІЧУ панавала тая ж атмасфера. Мы звярталіся да наглядчыкаў на беларускай мове, і хаця яны адказвалі па-руску, у іх вачах чыталася незадаволенасць. Пару разоў прагучалі з'едлівыя заўвагі, але адкрыта перашкаджаць нам яны не вырашаліся.
Нас пазбавілі права нават на паперу. Калі складалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, мне наадрэз адмовіліся выдаць бланк на беларускай мове. Але гэта толькі ўмацавала маю рашучасць. Я буду змагацца за сваю свабоду, за свабоду слова, за права размаўляць на роднай мове".
"Спроба абмежаваць саміх сябе ад расейскамоўнай лаянкі, якую ўвесь час ужываюць "вяртухаі"
Былы палітзняволены (імя не называецца ў мэтах бяспекі) размаўляў па-беларуску падчас знаходжання за кратамі ў СІЗА-1 тры з паловай месяцы вясной 2022 года.
"Пра стаўленне з боку зняволеных можна і не пісаць, бо нават не палітычныя вязні, якіях я сустрэў, ставіліся да роднай мовы з вялікім імпэтам і зацікаўленасцю. Як і ў звычайным жыцці хтосьці ў адказ размаўляў па-беларуску, хтосьці – не, але ніводнага “говорі нормально” не пачуў. Цяпер чатыры палітычныя вязні, якіх я ведаю і якія цяпер адбываюць "хатняю хімію", пачалі выкарыстоўваць беларускую, і для нас гэта ў тых умовах быў прамень надзеі і такая асаблівая спроба абмежаваць саміх сябе ад расейскамоўнай лаянкі, якую ўвесь час ужываюць "вяртухаі".
"Мова як пратэст"
Яшчэ адзін былы палітвязень распавёў, як у 2021 годзе на "Валадарцы" з сукамернікамі ладзілі дні беларускай мовы і агулам стараліся размаўляць на роднай мове.
"Мы рабілі гэта, каб падтрымліваць беларускую мову, акцэнтаваць на яе ўвагу іншых людзей, якія там сядзяць, і каб зразумелі каштоўнасць гэтай мовы. Каб нагадаць, што мы беларусы, і ў нас нават ёсць свая мова!
Мы ладзілі нават дні беларускай мовы, калі з усімі сукамернікамі размаўлялі па-беларуску. Шмат людзей пазітыўна ставіліся да гэтага. Сукамернікі, якія былі вельмі далёкія ад нашай сітуацыі, успрымалі гэта нейтральна-пазітыўна, што з'яўляецца добрым знакам".
Але рапарты і размовы з супрацоўнікамі вялі на расейскай, "каб не было лішніх праблемаў і не нарывацца на непрыемнасці".
"У нас смешны момант там быў. Калі раніцай з камеры забіралі смецце, то пры гэтым яны выкарыстоўвалі беларускую мову. Адчыняюцца дзверы і яны кажуць не "мусор", а "смецце". Тут яны рэзка робяцца беларускамоўнымі".
Паводле былога палітвязня, таксама на беларускамоўнасць некаторых у зняволенні паўплывала распачатая ўзброенымі сіламі Расіі вайна ва Украіне.
"Нам у лістах пісалі, што гэта вельмі моцна паўплывала на людзей у Беларусі і вельмі шмат людзей пераходзіць з рускай на беларускую мову, каб не размаўляць на мове агрэсара. Мова як пратэст. Так было асабліва ў першыя месяцы. І мы стараліся прытрымлівацца гэтай тэндэнцыі".
Паводле яшчэ аднаго палітвязня, у гомельскім СІЗА № 3 не было цяжкасцей ані з дакладамі, ані з іншымі вязнямі праз беларускую мову.
"Афіцэры спрабавалі вучыць, як правільна размаўляць"
Яшчэ адзін палітвязень распавёў, што ў 2021-2022 годзе камунікаваў на беларускай мове падчас адбыцця "хіміі" ў ПУАТ № 21, і праблем з гэтым у яго не было:
"Без цяжкасці і заявы пісаў, і рапарты рабіў на беларускай мове. Размаўляў на ёй з "хімікамі" і з начальствам – і стаўленне было цалкам нармальным. Толькі некаторыя афіцэры спрабавалі вучыць, як правільна размаўляць".
"Паспрабаваў рабіць даклад па-беларуску – атрымаў 10 сутак"
Яшчэ адзін былы палітзняволены распавёў "Вясне", што ў 2022 годзе сутыкаўся з ціскам праз беларускую мову ў магілёўскай калоніі № 15.
"На зоне ў Вейне праблемы ўзніклі з першага дня... Дакументы на пачатку я яшчэ пераклаў і напісаў па-беларуску, але ўжо пачуў ад кантынгенту, што "Это нельзя".З першага дня даклад на беларускай мове не прынялі і сказалі, што даклад не зроблены і далі 10 сутак ШІЗА. Потым я яшчэ два разы паспрабаваў рабіць даклад па-беларуску – атрымаў яшчэ 10 сутак і быў пазбаўлены ўсіх спатканняў, а следам – і перадач. У першыя 20 дзён у ПК-15 мяне зрабілі "злоснікам". Далей рабіць даклады і пісаць заявы ды хадайніцтвы на беларускай мове я адмовіўся, бо забаяўся падпасці пад артыкул 411 КК ды атрымаць ў плечы яшчэ год ці гады... Нават першы ліст да хаты напісаў па-расейску. Там, вядома, не паверылі, што ліст ад мяне. Гэты ліст не на роднай мове больш расказаў, што са мной адбываецца там, чым калі б я напісаў яго па-беларуску... З сядзельцамі размаўляў па-беларуску ды і з некаторымі з начальства таксама, але вымушаны быў з большасцю з начальства гаварыць па-расейску. Некаторыя "челы" негатыўна і прэтэнзійна ставіліся да мовы, але большасць адносілася станоўча і нават размаўлялі... Магчыма я і не перайшоў бы на чужую мову, каб не ведаў, што хутчэй за ўсё за мову быў забіты Вітольд Ашурак..."
Крыніца: "Мова як пратэст". Як (не)жыве беларуская мова ў зняволенні