22.02.2024 Тэгі: грамадства, улады, выбары-2024 MAYDAY паведамляе, што па ўсёй Магілёўскай вобласці студэнтам "рэкамендуюць" прагаласаваць датэрмінова. Акрамя гэтага, у апошні тыдзень перад выбарамі, працягваюцца ідэалагічныя лекцыі ва ўніверсітэце.
Так, настойліва парэкамендавалі прагаласаваць датэрмінова студэнтам Магілёўскага архітэктурна-будаўнічага каледжа БРУ. Як паведаміў падпісант MAYDAY TEAM, прапанова паступіла з боку намесніка дырэктара па навучальна-выхаваўчай працы Магілёўскага архітэктурна-будаўнічага каледжа БРУ Вольгі Алекса. Тычылася гэта ў першую чаргу тых студэнтаў, якія пражываюць у інтэрнаце АБК. Матывавалі студэнтаў магчымымі праблемамі з пражываннем і вучобай. Жыхары інтэрната павінны галасаваць на ўчастку №64, што як раз і размешчаны ў будынку інтэрната, а ў склад участковай камісіі ўваходзяць супрацоўнікі АБК БРУ – у тым ліку, Вольга Алекса.
Загон на выбары студэнтаў горацкай БДСГА ператварылі ў шоу. У першы дзень датэрміновага галасавання, 20 лютага, студэнты-актывісты БРСМ і пярвічкі "Белай Русі" выйшлі перад Домам культуры Акадэміі на пікет "у падтрымку выбараў". Па задумцы ідэолагаў, яны мусілі раздаваць мінакам улёткі з заклікам прыйсці на ўчасткі. Але мінакоў у халодны і снежны дзень не было, таму на масоўку для фота сагналі з дзясятак студэнтаў. Самыя цікавыя падзеі разгарнуліся на студэнцкім участку №28 у дзясятым корпусе БДСГА, куды прыехалі карэспандэнты мясцовай раёнкі, каб прадэманстраваць высокую яўку. Зала для галасаванняў адчынілася а 12:00, і адразу ж да яе ўтварылася чарга са студэнтаў. Мяркуючы па відэа, якія гуляюць па сацсетках, на ўчастак студэнты прыходзілі арганізавана, навучальнымі групамі.
Вядомыя і імёны першых прагаласаваўшых – другакурснікі эканамічнага факультэта Вольга Раманава і Арцём Мірановіч. Маладыя людзі прызналіся, што яны прыезджыя і вельмі хочуць на выходныя паехаць дадому. Акрамя таго, яны ўпершыню ўдзельнічаюць у галасаванні і ім вельмі цікава, таму ім паказальна былі ўручаныя спецыяльныя падарункі ў выглядзе тэксту Канстытуцыі і аўтаручкі з лагатыпам БДСГА. Жаданне студэнтаў паехаць на выходныя дадому стала асноўнай падставай масавага загону студэнтаў на ўчастак – да пятніцы прагаласуюць усе інтэрнаты БДСГА.
Пераконваюць прагаласаваць датэрмінова і ў беларуска-расейскім універсітэце. Як паведамілі падпісчыкі MAYDAY TEAM, куратары студэнцкіх груп "парэкамендавалі" студэнтам БРУ прагаласаваць да адзінага дня галасавання (25 лютага). За гэта ім паабяцалі адзін вольны ад навучання дзень. Студэнты, якія жывуць у інтэрнатах, павінны галасаваць на ўчастках №44 (будынак гарадскога каледжа мастацтваў) і №67 (будынак МДУ ім. Куляшова).
А ў Магілёўскім дзяржуніверсітэце імя Куляшова, нягледзячы на старт датэрміновага галасавання працягваецца ідэалагічная "напампоўка" студэнтаў. 21 лютага першакурснікаў МДУ імя А. Куляшова з усіх факультэтаў сабралі на лекцыю ў межах чарговай агітацыйнай акцыі пад назвай "Заліковая размова". Прарэктар па выхаваўчай рабоце ВНУ Дзмітрый Рагаўцоў, які да таго ж вылучыўся ў кандыдаты ў дэпутаты парламента, паўстаў у новай якасці – як эксперт Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД). Тэмай "інфармацыйнай сустрэчы" зноў стаў адзіны дзень галасавання 25 лютага, хоць такія мерапрыемствы ва ўніверсітэце праводзіліся кожны месяц, пачынаючы з кастрычніка.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Крыніца: Па ўсёй Магілёўскай вобласці студэнтам "настойліва рэкамендуюць" прагаласаваць датэрмінова