24.02.2024 Тэгі: выбары-2024 У Брэсцкай вобласці за чатыры дні датэрміновага галасавання па інфармацыі ЦВК бюлетэні атрымалі 35,04% грамадзян ад агульнай колькасці выбаршчыкаў.
Увесь тыдзень раённыя СМІ Брэсцкай вобласці масава даюць справаздачы аб яўцы выбаршчыкаў на датэрміновае галасаванне. Хто гэтыя людзі, – разбіраецца BG.Media.
У першую чаргу, вядома, чыноўнікі рознага ўзроўню. Кіраўнікі дэпутацкіх карпусоў і мясцовых райвыканкамаў у першы дзень, так званага, датэрміновага галасавання сталі галоўнымі героямі мясцовых газет.
Не менш шматлікай групай на датэрміновым "галасаванні" сталі людзі сталага ўзросту. Напрыклад, у маштабным фотарэпартажы Пінскай газеты налічылі 52 фатаграфіі з жыхарамі Пінскага раёна, якія апускаюць бюлетэнь у скрыню на розных участках галасавання. У асноўным гэта — пажылыя людзі.
Практычна ва ўсіх раёнках Берасцейшчыны зрабілі справаздачу і аб актыўным удзеле моладзі ў датэрміновым галасаванні. Усім выбаршчыкам, якія ўпершыню галасуюць, на некаторых участках уручылі падарункавыя экзэмпляры Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. І не толькі. Напрыклад, у Маларыцкім і Івацэвіцкім раёне маладым людзям "уручылі падарункі ад БРСМ". Якія менавіта – у артыкулах не ўдакладнілі.
Іванаўская раёнка «Янаўскі край» адсправаздачылася, што ў аграгарадку Адрыжын Іванаўскага раёна «дораць сувеніры выбаршчыкам, якія ў перыяд правядзення электаральнай кампаніі адзначаюць Дзень нараджэння ці юбілей вяселля. Без увагі і падарункаў не засталіся і мужчыны, якія прагаласавалі 23 лютага». На адным з фота відаць, што мужчыну падарылі пакунак гарбаты.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»
Крыніца: Каляндары, канстытуцыі і... габата: як завабліваюць на ўчасткі для галасавання на Берасцейшчыне