24.02.2024 Тэгі: выбары-2024 Нягледзячы на максімальнае выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу для арганізацыі электаральнай кампаніі на Гарадзеншчыне за чатыры дні датэрміновага галасавання бюлютэні атрымалі толькі 30,69% выбарцаў, калі ў цэлым па краіне гэтая лічба складае 33,61%. Пры гэтым на этапе агітацыі чыноўнікі і кіраўнікі розных узроўняў вобласці штодня праводзілі па некалькі сустрэч у працоўных калектывах, установах адукацыі, збіралі нарады з апаратчыкамі і актывам.

З-за самай нізкай яўкі выбаршчыкаў па Гродзенскай вобласці ў першы дзень датэрміновага галасавання кіраўніцтва Гродзенскага аблвыканкама і далей у дні датэрміновага галасавання праводзіла сустрэчы ў працоўных калектывах.

Так, 21 лютага першы намеснік старшыні аблвыканкама Юрый Валеваты правёў сустрэчу з калектывам ААТ "Гродзенскі мясакамбінат", а памочнік Прэзідэнта, інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў сустрэўся з гульцамі ФК "Нёман". Галоўная тэма сустрэчы – электаральная кампанія. Выступіла і намеснік старшыні Гродзенскай абласной ГА "Белая Русь" Святлана Вараніца.

Юрый Караеў у ГрГМедУ сумесна з дзеючым дэпутатам Гродзенскага аблсавета і рэктарам Ігарам Жуком правёў сустрэчу з актывам, студэнтамі і прафесарска-выкладчыцкім складам па тэме электаральнай кампаніі, а затым Караеў сустракаўся таксама з навучэнцамі і выкладчыкамі музычнага каледжа, а Уладзімір Каранік сустрэўся са студэнтамі і выкладчыкамі ГрДу ім.Я.Купалы. Днём раней яны ўдвух праводзілі сустрэчы з актывамі Наваградскага, Дзятлаўскага і Карэліцкага раёнаў.

Каб выправіць сітуацыю з нізкай яўкай на ўчасткі ў Гродна ў адзіны дзень галасавання ў горадзе на маршруты выйдуць дзесяткі дадатковых аўтобусаў.

А 24 і 25 лютага ў кінатэатрах Гродна, а таксама ва ўстановах культуры і школах, дзе размешчаны выбарчыя ўчасткі,адбудуцца паказы кароткаметражнага фільма "Беларусь. Адзінства " і легенды беларускага кінематографа — адрэстаўраванай кінастужкі" Белыя росы". Гэта падарунак кінастудыі "Беларусьфільм" грамадзянам Беларусі да важнай падзеі і вялікага свята: адзінага дня галасавання.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

Крыніца: Ці вераць заклікам чыноўнікаў выбаршчыкі Гродзенскай вобласці? Лічбы кажуць – не вельмі