26.02.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, рэпрэсіі У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 16 лютага адбыўся суд над музыкам гурта "Мінімум Дыстанцыі" Яўгенам Шумам, якога затрымалі па вяртанні з Польшы. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Справу хлопца разглядзеў суддзя Дзмітрый Карсюк. 

Нагадаем, у студзені з Яўгенам з'явілася першае "пакаяльнае відэа". Тады ён казаў, што ўдзельнічаў у пратэстах 2020 года. Пасля выбараў офіс, дзе працаваў хлопец, рэлакаваў яго ва Украіну. А з пачаткам поўнамаштабнай вайны ён зʼехаў у Польшчу, дзе прабыў да заканчэння працоўнай візы, якую нібыта адмовіліся працягнуць.

Пасля суда паводле арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) праўладны тэлеграм-канал апублікаваў ужо другое відэа з Яўгенам. Ён кажа, што яму прызначылі тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу "хатняй хіміі". Таксама хлопец дадаў, што "пасля выхаду на волю ён вырашыў зноў звярнуцца з яўкай у органы ўнутраных спраў, бо ім былі здзейснены данаты, якія фінансуюць экстрэмісцкую дзейнасць"

Мінімум 207 затрыманых па вяртанні ў Беларусь: актуальная статыстыка ад "Вясны" за 2023 год

"Вясна" сабрала ўсю вядомую інфармацыю пра пераслед людзей, якія вяртаюцца ў Беларусь з-за мяжы.

Крыніца: Музыку гурта "Мінімум Дыстанцыі" асудзілі да 3 гадоў "хатняй хіміі"