26.02.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, пераслед, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 26 лютага 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманы магілёвец, які "абражаў" Аляксандра Лукашэнку ў "Аднакласніках"

Сілавікі зрабілі справаздачу аб затрыманні магілёўца, які ў "Аднакласніках" пісаў паведамленні з «абразамі» Аляксандра Лукашэнкі. Відэа з ім апублікаваў праўладны тэлеграм-канал "Шосты рэгіён".

Калі мужчына быў затрыманы і па якіх артыкулах яго абвінавачваюць, не паведамляецца.

У сацыяльных сетках мужчына падпісаны як Аляксандр Гурджыеў, паведамляе "Медыязона".

У Беларусі новыя "экстрэмісцкія фармаванні"

Гэта праекты "Беларусь 2.0 Сяргей Бульба" і "ВИРУС СВОБОДЫ". Па версіі КДБ, да першага праекту маюць дачыненне Сяргей Бульба (Чыслоў) і Яўген Казакевіч, а да другога — Віталь Кандраценка і Пётр Лысак.

Палітвязня Алега Рубца пачнуць судзіць за "непадпарадкаванне адміністрацыі турмы"

Алега Рубца затрымалі 10 жніўня 2020 года за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах у Пінску (ч. 2 арт. 293 КК). Пры затрыманні яго моцна збілі сілавікі. Суд прызначыў палітвязню 5,5 гадоў калоніі.

У чэрвені 2022 года па рашэнні суда пінчуку ўзмацнілі пакаранне і перавялі з калоніі ў жодзінскую турму, дзе па некалькі месяцаў запар Алега ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары. Агулам у ШІЗА за апошні год Алег правёў больш за 200 сутак.

Заўтра, 27 лютага, у Жодзіне над Алегам распачнецца чарговы суд. Яго абвінавачваюць паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі турмы). Справу будзе разглядаць суддзя Святлана Самусева. Алегу могуць дадаць яшчэ два гады зняволення.

Сёння Алег чацвёрты раз адзначае Дзень народзінаў у зняволенні.

Падтрымайце палітвязня: Следчая турма № 8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Алег Віктаравіч Рубец.

ГУБАЗіК затрымаў некалькі супрацоўнікаў кампаніі "Легіён-104"

Кампанія абслугоўвае экраны, на якіх учора паказалі зварот Ціханоўскай. Адзначым, што ўсе затрыманыя на «пакаяльным відэа» нічога не кажуць пра ўчорашнія падзеі — іх затрымалі нібыта за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020-ым годзе.

 

Нагадаем, учора больш чым 2000 экранаў у Беларусі паказалі зварот Святланы Ціханоўскай — гэта адбылося з дапамогай арганізацыі «Белпол».

Крыніца: Затрыманні за відэазварот Ціханоўскай і абразу Лукашэнкі: хроніка пераследу 26 лютага