26.02.2024 Тэгі: аналітыка, выбары-2024 Экспертная місія па назіранні за выбарамі*2024 арганізаваная Беларускім Хельсінкскім Камітэтам і ПЦ "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Місія збірае і аналізуе інфармацыю аб выбарчай кампаніі па адкрытых крыніцах і паведамленнях ад выбаршчыкаў з Беларусі.

ВЫСНОВЫ:

Адзіны дзень галасавання ўведзены ў Беларусі па выніках змянення Канстытуцыі на рэферэндуме 2022 г. Выбары* дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання і мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання былі прызначаныя на 25 лютага 2024 г. указам № 367 ад 20 лістапада 2023 г.

Экспертная місія па незалежным назіранні за выбарамі дэпутатаў у адзіны дзень галасавання 25 лютага 2024 года ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", якая аб'ядноўвае Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Беларускі Хельсінкскі Камітэт, ставіць сваёй мэтай ацэнку выбарчага працэсу з пункту гледжання беларускага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаванне беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці аб ходзе падрыхтоўкі і правядзення выбараў*, а таксама аб выніках назірання.

Выбары*2024 у Беларусі праходзілі ва ўмовах бесперапынных рэпрэсій; ва ўмовах фактычнай адсутнасці свабоды выказвання меркавання, мірных сходаў і асацыяцый; у атмасферы татальнага страху і ў зачышчаным палітычным полі. Працягваюцца рэпрэсіі супраць любых праяваў таго, што ўспрымаецца ўладамі як палітычная актыўнасць; ліквідаваныя незалежныя СМІ і сотні арганізацый грамадзянскай супольнасці, уключна з усімі праваабарончымі. Пасля перарэгістрацыі ў краіне засталося 4 палітычныя партыі з 16, усе апазіцыйныя партыі былі ліквідаваныя, а іх чальцы не могуць ажыццяўляць партыйную дзейнасць пад пагрозай крымінальнага пераследу па артыкуле 193-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які быў вернуты ў крымінальнае заканадаўства ў пачатку 2022 года.

Пасля поствыбарчага крызісу 2020 года і канстытуцыйных змяненняў 2022 года адбыліся істотныя змены ў прававым рэгуляванні выбараў. Гэтыя змены накіраваныя на зніжэнне ролі парламента, звужэнне кола ўдзельнікаў электаральных працэсаў, абмежаванне выбарчых правоў грамадзян і павышэнне кантролю ўладаў над выбарчым працэсам.

Праведзены кампаніяй "Праваабаронцы за свабодныя выбары" маніторынг усіх этапаў выбарчай кампаніі дазваляе зрабіць выснову, што выбары* дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання і мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання не адпавядалі міжнародным стандартам правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў, а таксама суправаджаліся шматлікімі парушэннямі Выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Усе этапы выбарчага працэсу не проста кантраляваліся ўладамі адміністрацыйна, а былі імі арганізаваныя для ўтрымання ўлады, імітацыі народнай падтрымкі і згоды ў грамадстве. Пра гэта сведчаць: непразрыстае фармаванне выбарчых камісій; узгодненыя ўладнай вертыкаллю спісы людзей, якія вылучаюцца ў кандыдаты і зарэгістраваных кандыдатаў; агітацыя, якая імітуе палітычную актыўнасць, але мерапрыемствы ды іх медыйнае асвятленне будаваліся вакол агульных заклікаў прыйсці прагаласаваць; працяг практыкі прымусу выбаршчыкаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні; атмасфера запалохвання з забаронамі на фатаграфаванне і вынас бюлетэняў, рыторыкай адносна "планаў экстрэмістаў" і супрацоўнікамі міліцыі на ўсіх участках для галасавання; непразрыстая працэдура падліку галасоў; поўная адсутнасць незалежных назіральнікаў.

Выбары*2024. Папярэдняя аналітычная справаздача па выніках назірання за выбарамі дэпутатаў у адзіны дзень галасавання 25 лютага 2024 года

Крыніца: Выбары*2024. Папярэдняя аналітычная справаздача па выніках назірання за выбарамі дэпутатаў у адзіны дзень галасавання 25 лютага 2024 года Дакумент