06.03.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства Стала вядома, што 15 лістапада 2023 году ў судзе Глуска да дзесяці месяцаў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ ("хатняй хіміі") асудзілі мэнэджарку Вольгу Глускую.
Яе прызналі вінаватай паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады). Апроч гэтага, яна мусіць выплаціць штраф у памеры 40 базавых велічынь (1480 рублёў), матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 600 рублёў і дзяржпошліну на карысць дзяржавы ў памеры 111 рублёў. Вядома, што пры гэтым Вольга — удава, якая выхоўвае траіх непаўнагадовых дзяцей. Яна знаходзілася на волі да суду, але вядома, што яе затрымлівалі на некалькі сутак да прад'яўлення абвінавачання.
Суддзя Вольга Галаўнёва прызнала яе вінаватай у тым, што яна запосціла ў інстаграм сторыз, якія нібыта зневажалі мясцовага інспектара ДПС. Вольга Глуская прызнала віну і распавяла, што размясціла ў сваім інстаграме ролік з ім, бо была пакрыўджаная тым, што супрацоўнік склаў на яе пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні. Калі яе спынілі, у яе машыны не было пасведчання пра тэхнічнае абслугоўванне. Сторыз маглі паглядзець каля 60 чалавек — менавіта столькі ў жанчыны падпісантаў.
Супрацоўнік ДПС запрасіў пазоў у памеры 5000 рублёў, аднак Вольга адзначыла, што гэта сума занадта высокая для яе. Суддзя зменшыла яе да 600 рублёў, якія жанчына мусіць выплаціць на карысць "пацярпелага".
Крыніца: Шматдзетная ўдава мусіць выплаціць амаль 2200 рублёў за сторыз, якую "магло праглядзець" 60 чалавек