04.03.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі, экстрэмізм У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 2-4 сакавіка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Мастачка-керамістка Алена Карпенка, якую затрымалі на выбарчым участку, знаходзіцца ў ІЧУ

karpenka-3.jpg
Алена Карпенка

Як паведаміў MAYDAYTEAM, мастачка знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў Магілёве.

Нагадаем, дзяржаўная прапаганда абвінаваціла дзяўчыну ў тым, што яна запісала відэа, як выбарчы ўчастак №87 (быў размешчаны на тэрыторыі Магілёўскай абласной псіхіятрычнай бальніцы) закрыўся раней за афіцыйны час. Па версіі прапагандысткі Крысціны Бармуцкай, дзяўчына адправіла ролік у «экстрэмісцкі канал», аднак насамрэч яна адправіла відэа сяброўцы за мяжу.

Пасля інцыдэнту Алена атрымала адміністрацыйны арышт, аднак невядома па якім артыкуле.

Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да Юрыя Шчучко

Інфармацыя аб гэтым з'явілася 4 сакавіка ў тг-канале "Специальное производство. Официально".

Юрый — сябра загінуўшага ў Кіеве беларуса Віталя Шышова, паведаміла "Медыязона".

Яго падазраюць па артыкулах аб паклёпе (арт. 188 КК), незаконных дзеяннях у дачыненні да персанальных дадзеных (ч. 3 арт. 203-1 КК), заведама ілжывым паведамленні аб небяспецы (ч. 1 і ч. 2 арт. 340 КК), пагрозе гвалту ў дачыненні да службовай асобы (ч. 1 арт. 368 КК), абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і абразе суддзі (арт. 391 КК).

Супраць былога палітзняволенага праваабаронцы Леаніда Судаленкі распачалі завочную крымінальную справу

Інфармацыя аб гэтым з'явілася 4 сакавіка ў тг-канале "Специальное производство. Официально". Яму інкрымінаваны артыкул 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Нагадаем, у лістападзе 2021-га году яго асудзілі да 3 гадоў зняволення. Праваабаронца выйшаў на волю 21 ліпеня, цалкам адбыўшы свой тэрмін — за кратамі праваабаронцу ўтрымлівалі два з паловай гады. Праз два тыдні пасля вызвалення ён з'ехаў з Беларусі.

Сілавікі затрымалі мужчыну за ўдзел у акцыі пратэсту

На "пакаяльным відэа" ад 4 сакавіка затрыманы кажа, што кадры з ім былі знятыя іншым чалавекам, а пазней нібыта з'явіліся ў сеціве.

У Беларусі новыя "экстрэмісцкія фармаванні"

Гэта праекты "ЖЫВЕ ВИТЕБСК 97%", "Народные посольства" ("Беларусы зарубежья"/"Беларусы замежжа") і "Это Минск, детка".

Па версіі МУС, да праекту "ЖЫВЕ ВИТЕБСК 97%" мае дачыненне Арцём Скуман, а да "Это Минск, детка" — Усяслаў Пашкевіч, Святлана Чабатар, Генадзь Паршуткін, Антон Дзеручэнка.

Сілавікі затрымалі як мінімум чатырох жыхароў Бярозы

Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту. Аднаму з затрыманых апранулі шалік хакейнага мінскага "Дынама" падчас запісу "пакаяльнага відэа" ад 4 сакавіка. 

ГУБАЗіК і САХР затрымалі 54-гадовага мінчука, які нібыта "адмаўляў генацыд беларускага народу"

Паводле МУС, мужчына ў 2020 годзе стварыў і адміністраваў групу ў сацыяльнай сетцы, дзе размяшчаў матэрыялы "пратэснай тэматыкі".

"Разам з гэтым у сваіх публікацыях фігурант адмаўляў генацыд беларускага народа з боку нямецкіх захопнікаў падчас Вялікай Айчыннай вайны, рэабілітуючы фашыстаў і прыпісваючы савецкім грамадзянам злачынствы, учыненыя акупантамі", — сцвярджае МУС.

Следчымі распачатыя крымінальныя справы за адмаўленне генацыду беларускага народа, арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх, абразу Лукашэнкі, рэабілітацыю нацызму.

Былы палітвязень Андрэй Кудзік не выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту

Андрэй Кудзік. Фота з Facebook
Андрэй Кудзік

Пра гэта стала вядома 2 сакавіка. 

Нагадаем, актывіст з Вілейкі перастаў выходзіць на сувязь 15 лютага. Пазней стала вядома, што Кудзік знаходзіцца ў мясцовым ІЧУ, дзе адбывае 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Днямі ён павінен быў выйсці на волю.

Крыніца: Крымінальная справа супраць праваабаронцы, мастачка ў ІЧУ: хроніка пераследу 2-4 сакавіка Дапоўнена