08.03.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, гісторыі вязняў Цяпер у Беларусі 171 палітзняволеная жанчына. Агулам за барацьбу за грамадска-палітычныя правы і выказванне свайго меркавання са жніўня 2020 году пераслед зазналі больш за восем тысяч жанчын. Аднак яшчэ больш жанчын у краіне ўтрымліваецца ў зняволенні не паводле палітычных прычынаў, а паводле крымінальных справаў. Іх правы і свабоды таксама парушаюцца, яны зазнаюць такі ж самы ціск.
Больш за 8000 жанчын зазналі палітычны пераслед у Беларусі
Напярэдадні 8 сакавіка мы пагутарылі пра правы жанчын у зняволенні і святкаванне гэтага дня з былой палітзняволенай Аленай Дзядзюляй. Падчас зняволення яна тлумачыла жанчынам іх правы, дзякуючы ёй яны дамагаліся адвакатаў і пераставалі адчуваць сябе вінаватымі.
“Мы зрабілі торт з батона”
8 сакавіка 2022 году Алена правяла ў жодзінскай турме №8. Яна распавядае, што ў гэты дзень жанчыны ў камеры падзяліліся сваімі перадачамі, каб скласці святочны стол.
— Для гэтага я нават падэканоміла сваю перадачу, што прыйшла за два тыдні, — усміхаецца Алена Дзядзюля. — Там была нават чырвоная рыбка. У атаварцы мы замовілі мінералку і напітак — гэта было наша шампанскае. У нас атрымаўся добры стол, нават торт! Мы замачылі ў салодкай вадзічцы батон, паклалі туды сухафрукты, фрукты, якія ў нас былі. Наверх мы “пацёрлі” шакалад: без нажа, відэльца ці лыжкі, проста пашкраблі, патаўклі рукамі, як маглі, каб было прыгожа. Ён атрымаўся цудоўным, такіх больш нідзе не купіш! Я нават сям’і гатавала такі ўжо на волі.
Супрацоўнікі турмы павіншавалі зняволеных са святам і нават дазволілі ў гэты дзень двум жанчынам застацца ў камеры, пакуль іншыя пайшлі па прагулку, каб яны маглі падрыхтаваць святочны стол.
— Я пагутарыла з імі, патлумачыла, што хочацца зрабіць дзяўчатам свята, — распавядае жанчына. — У кагосьці з 12 жанчын у камеры ўвогуле не было перадач, таму іх такі сюрпрыз вельмі ўразіў: мы скінуліся, хто чым мог. Яны былі ўдзячныя. Мы ніколі не ігнаравалі іншых жанчын, стараліся падтрымаць кожную. Мы не звярталі ўвагу, паводле якіх артыкулаў сядзелі жанчыны, галоўнае — гэта ўсе людзі, і з імі трэба неяк жыць.
“Я апынулася па другі бок праблемы”
Алена распавядае, што за год зняволення яна сутыкалася са шматлікімі парушэннямі правоў жанчын, якія сядзелі як паводле палітычных артыкулаў, так і паводле непалітычных. Да затрымання яна была прыёмнай маці і выхавала дзвюх прыёмных дзяўчынак, маці якіх пазбавілі бацькоўскіх правоў. Але толькі ў зняволенні яна пабачыла сітуацыю з другога боку, сутыкнуўшыся ўласна з гэтымі жанчынамі.
— Гэты год зняволення быў мне патрэбны, каб перамяніць сваё меркаванне пра гэтых жанчын, — дзеліцца Алена Дзядзюля. — Я думала, што яны ўсе п’юць, але насамрэч жанчын саджаюць проста за аліменты і ніякім чынам не дапамагаюць даць рады жыццёвым сітуацыям. Я не ведаю, дзе мне крычаць пра гэтых жанчын, правы якіх гэтак эа парушаюцца, бо цяпер усім больш цікавыя палітзняволеныя. У іх забіраюць дзяцей, але большасць з іх гэтага не заслугоўвае! Напэўна, пакуль не было палітвязняў, рэжыму былі патрэбныя рабыні, якія будуць бясплатна шыць форму міліцыянтам.
"На полі іх білі, на вопратцы малявалі крыжы, мне тапталі руку нагой" — экс-палітзняволеная Алена Дзядзюля распавяла пра "справу цюкоў"
Алена распавядае, што большасць з жанчын, якія сядзяць за аліменты, настолькі зацюканыя, што згодны з усім, што іншыя выказваюць у іх адрас і проста апускаюць галовы і ніяк не адказваюць.
— Тады я стала іх абараняць, — кажа Алена. — Так, частка з іх выпівае, але ёсць розныя жыццёвыя сітуацыі. І ім ніхто не дапамагае! У яе забіраюць дзіцёнка, і яна ніяк не можа яго вярнуць, нават калі перастане піць. У іх вылічваюць 75% ад заробку на аліменты, а на працу не бяруць нікуды, акрамя як прыбіральшчыцамі. Яны ідуць на неафіцыйныя падпрацоўкі, каб неяк жыць, праз гэта прапускаюць афіцыйную працу, а за прагулы іх саджаюць. Як у такіх умовах забярэш дзіцёнка?
Жанчыны, якія абаранялі сябе
Алена сутыкнулася са шматлікімі гісторыямі жанчын, якія апынуліся ў турме. Асобная з іх катэгорыя — тыя, хто трапіў туды, калі абараняўся ад мужчынаў.
— Жанчынам, якія ў самаабароне пырнулі мужчын ножыкамі, давалі па тры-тры з паловай года зняволення, — узгадвае Дзядзюля. — Нягледзячы на тое, што гэта самаабарона, што ў іх у крымінальнай справе напісана, што яны былі збітыя. Я ведаю гісторыю, калі ў жанчыны былі сламаныя рэбры, збіты твар і была чэрапна-мазгавая траўма. А ў выніку яна атрымала тры з паловай гады калоніі, і хаця нават мужчына не адмаўляў збіванне, яна нават мусіла выплаціць яму кампенсацыю, якую ён забраў.
Разам з гэтым жанчыны не разумеюць сваіх правоў і знаходзяцца ў стане “вывучанай бездапаможнасці”, іх упэўнілі ў тым, што яны вінаватыя — і ў гэта яны і вераць.
— Вядома, у іх ёсць доля віны, але не ў турму ж за гэта! — усклікае Алена. — Мусіць быць лячэнне ад алкаголя, сацыяльная дапамога, якая дапамагае такім сем’ям выхоўваць дзяцей, а не адразу забіраць іх. А так атрымліваецца, што жанчын забіраюць у турму, дзеці вырастаюць у дзіцячых прытулках, а потым часта альбо самі трапляюць у турму, альбо становяцца алкаголікамі.
Палітзняволеныя, якія дапамагаюць
Дзякуючы палітвязням стала вядома пра шматлікія праблемы, якія дзесяцігоддзі існуюць у беларускіх турмах, улічваючы парушэнні правоў жанчын.
— Да таго ж, умовы пастаянна пагоршваюцца, — кажа Алена. — Адна жанчына ў тапачках паслізнулася на зоне, сламала нагу — забаранілі гумавыя тапачкі. Хтосьці грабянцом ускрыў сабе вены ў ІЧУ — забаранілі грабянцы. Цяпер каб расчасаць валасы, жанчына мусіць зневажацца перад прадольным, выпрошваючы нават свой грабянец. І так пастаянна.
І калі ролю жанчынаў у грамадстве ў зняволенні могуць абмяркоўваць, то пра больш грунтошныя падыходы ці з’явы там наўпрост часта не ведаюць. Пра правы чалавека і тое, як іх абараняць, ім часта распавядаюць палітзняволеныя, якіх за гэта вельмі паважаюць.
— Калі я кагосьці абараняла, яны былі ўдзячныя, што я за іх заступалася, — распавядае Алена. — Я тлумачыла, што не ўсё так зразумела, што ёсць розныя сітуацыі, што жанчыны — ахвяры рэжыма. Што рабіць, калі ў цябе застаецца мінімальная частка заробку? Ісці да мужыка, які цябе накорміць і напоіць. Так жанчыны сыходзяць далей і далей на дно, а трэба толькі ў пэўны момант падтрымаць! Тых, хто не мусіць сядзець за аліменты, большасць, і ім сапраўды патрэбная дапамога, а не чарговы турэмны тэрмін. Яны нават абаронцу не бралі, я распавядала ім, што ёсць магчымасць бясплатнага адваката. Чалавек пяць напісалі з маёй дапамогай запыт на абаронцу.
Алена кажа, што палітычных у зняволенні паважалі, таму прыслухваліся да яе меркавання. На волі рабіць гэта складаней.
— Тут шмат хто лічыць, што дзеці не мусяць жыць у алкагалізаванай сям’і, — кажа жанчына. — Але я сама выхоўвала дзяцей з такіх сямей, для іх нават тая маці, якая п’е, важнейшая за любога чалавека. Таму я, напрыклад, ніколі не забараняла сваім дзяўчатам камунікаваць з роднай маці. Цяпер я дзе магу стараюся пра гэта распавядаць, бо я абяцала гэтым жанчынам, што буду буду казаць пра іх лёсы паўсюль, дзе магу. Я абяцала, што мы іх не пакінем, так не мусіць быць!
Жанчына распавядае пра шмат гісторый, у якіх апынаюцца жанчыны ў зняволенні. Хтосьці выйшаў з дзіцячага дома ў бацькоўскі дом, а апынулася, што на ім шмат запазычанасцей за камунальныя паслугі. Ніхто не патлумачыў, што і як рабіць, таму на яе павесілі ўсе даўгі. Яна нарадзіла дзіцёнка, якога ў яе забралі — і жанчына праз даўгі трапіла ў турму. Яшчэ адна жанчына плаціла аліменты за сябе і за памерлага мужа. Алена кажа, што каб змяніць сістэму, трэба пераглядзець заканадаўства. Апроч гэтага, калі з сям’і забіраюць дзяцей, трэба дапамагаць жанчынам знайсці добрую працу, а таксама дапамогу па ўзнаўленні ў правах. Таксама лячэнне ад алкагалізму мусіць быць бясплатным і даступным кожнай.
— Безумоўна, для гэтага патрэбная падтрымка сям’і, — рэзюмуе Алена. — Ва ўсіх жанчынах раскрываліся вялікія таленты, калі яны крыху аттайвалі праз нашае цёплае стаўленне. Я здзіўлялася гэтаму! Бо спачатку яны сядзелі ціха, баяліся штосьці браць з “общака”.