14.03.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, праваабаронцы Сёння стала вядома, што супраць праваабаронцы і рэдактара аршанскага незалежнага сайта orsha.eu Ігара Казмерчака распачалі спецвытворчасць — яго збіраюцца судзіць завочна.
Ігара абвінавачваюць у "абразе Аляксандра Лукашэнкі" (ч. 1 арт.368 КК) і "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК).
Казмерчака "запрашаюць" вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ў Аршанскі міжраённы аддзел Следчага камітэта.
Справа пра абразу Лукашэнкі была ўзбуджаная даўно, незадоўга да расейскага ўварвання ва Ўкраіну і сам праваабаронца за гэты час звыкся з гэтымі рэаліямі. Затым у родным горадзе Ігара Оршы з’явіліся абвесткі “Іх расшуквае міліцыя”, а праваабаронцу абвясцілі ў міждзяржаўны вышук.
Пра арышт кватэры Ігар даведаўся выпадкова, калі на ягоны беларускі адрас прыйшоў ліст з Віцебскага агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру. Рашэнне прынятае на падставе пастановы Аршанскага аддзела Следчага камітэта, датаванага 13 лістапада 2023 года.
Спыталіся ў праваабаронцы пра ягоную рэакцыю на ўзбуджэнне спецвытворчасці:
“Пакуль эмоцыяў аніякіх. Шкада, што заблакавалі банкаўскія рахункі ў Беларусі, затое цяпер не сорамна прыстойным людзям у вочы глядзець. У астатнім я спакойна стаўлюся да гэтага. Могуць завочна асудзіць. Я прапанаваў бы завочна мяне расстраляць - зусім супраць не буду.
А вось у чым чым канкрэтна палягае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці я пакуль не ведаю. Магчыма проста ў маім існаванні - гэта дастаткова лагічна”.
Нагадаем, што Ігар Казмерчак з’ехаў з краіны яшчэ ў 2021 годзе.
Крыніца: Ігар Казмерчак: "Цяпер не сорамна прыстойным людзям у вочы глядзець"