18.03.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, свабода мірных сходаў Суд Фрунзенскага раёна Мінска 27 лютага вынес прысуд былому супрацоўніку “Беларусбанка” 35-гадоваму Артуру Філіпаву, абвінаваціўны яго ва ўдзеле ў масавых акцыях пратэсту ў 2020 годзе паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядала суддзя Ала Скуратовіч.
Артура затрымалі 15 снежня мінулага года і склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэння за “выраб, распаўсюд і (альбо) захаванне экстрэмісцкіх матэрыялаў” (арт. 19.11 КаАП). Пазней з’явілася "пакаяльнае відэа", дзе мужчына кажа, што нібыта прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана "Перамога" і ўдзельнічаў у пратэстах. Таксама яго прымусілі сказаць, што ён быў падпісаны на "дэструктыўныя каналы" і дасылаў інфармацыю ў чат-боты Nexta, "Голас", "Беларусь галаўнога мозгу".
Па матэрыялах абвінавачання, Артур Філіпаў неаднаразова “прымаў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады-супрацоўнікаў АУС, а менавіта, рухаўся па праезнай частцы дарог і тратуараў, у тым ліку ў складзе калоны, блакаваў і заступаў шлях транспартным сродкам".
У справе фігуруюць эпізоды ягонага ўдзелу у пратэстах 23 і 30 жніўня, 13 і 20 верасня 2020 года.
У судовым пасяджэнні Філіпаў віну ў прад'яўленым абвінавачванні прызнаў часткова, растлумачыў, што 23.08.2020 пры ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на праезную частку не выходзіў. Ад дачы паказанняў адмовіўся.
Суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін тры гады (“хатняя хімія”).
Мера стрымання у выглядзе заключэння пад варту да ўступлення прысуду ў законную сілу зменена на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.
Крыніца: За ўдзел у акцыях пратэсту ў Мінску асудзілі супрацоўніка "Беларусбанка"