19.03.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, экстрэмізм У Мінскім гарадскім судзе 19 сакавіка пачынаецца разгляд крымінальнай справы блогера і журналіста Ігара Карнея. Яго абвінавачваюць ва “ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні” паводле ч. 3 арт. 361-1 КК. Па гэтым артыкуле журналісту можа пагражаць абмежаванне волі на тэрмін да чатырох гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў. Справу прызначаны разглядаць суддзя Сяргей Кацэр.
Ігар Карней быў затрыманы 17 ліпеня, дома ў журналіста быў праведзены ператрус. Напачатку ён быў арыштаваны на 10 сутак, меркавана за падпіскі “на экстрэмісцкія” каналы. Затым супраць Ігара ўзбудзілі крымінальную справу. Магчыма, сілавікі звярнулі ўвагу на яго пасля пахавання мастака Алеся Пушкіна, на якім прысутнічаў Ігар.
Ігар Карней – доўгі час працаваў журналістам на “Свабодзе”, вядомы як эсэіст, аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі, трэвэл-блогер. Неўзабаве пасля затрымання сям'я Ігара выехала за мяжу.
Нагадаем, паводле БАЖ, у зняволенні ў Беларусі зараз 34 прадстаўнікі медыя.
Падтрымайце Ігара паштоўкай альбо лістом: СІЗА №1, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, 220030. Ігар Пятровіч Карней.
Крыніца: У Мінску пачынаецца суд над блогерам і журналістам Ігарам Карнеем