19.03.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя У судзе Ленінскага раёна Мінска 29 лютага завяршыўся разгляд крымінальнай справы Галы Аншук, якую абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). Справу разглядала суддзя Юлія Шчоткіна.
Гала Аншук, у час з 5 траўня 2022 года да 14 лютага 2023 года пяць разоў накіроўвала электронныя звароты на адрас Генеральнай пракуратуры і ў Савет міністраў, у якіх, на думку абвінавачання, дапускала негатыўную ацэнку Лукашэнкі, выяўленую ў непрыстойнай форме і якая па сваім змесце прыніжала ягоныя гонар і годнасць.
У судзе Гала Аншук патлумачыла, што “накіроўвала названыя звароты, бо хацела пракаментаваць выкананне Лукашэнкам сваіх паўнамоцтваў і абавязкаў як кіраўніка дзяржавы і не лічыць, што абразы насілі публічны характар, паколькі іх чытала абмежаваную колькасць супрацоўнікаў дзяржаўных органаў”.
Пасля затрымання 5 лютага Галу змясцілі пад хатні арышт да суда. Але перад гэтым жанчыну накіравалі ў судова-псіхіятрычны экспертны стацыянар, які пастанавіў, што па сваім псіхічным стане яна мае патрэбу ў прымусовых мерах бяспекі і лячэння.
Тым не меней, суд прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін тры гады (“хатняя хімія”).
Крыніца: "Накіроўвала звароты ў Генпракуратуру і Саўмін": у Мінску за абразу Лукашэнкі асудзілі пенсіянерку