26.03.2024 Тэгі: умовы ўтрымання, катаванні, гісторыі вязняў Мінчука Дзмітрыя Хадаровіча жорстка збілі пасля затрымання на пратэстах у жніўні 2020 года. За хлопцам была сапраўдная пагоня, затрыманне са зброяй і жахлівыя катаванні на Акрэсціна. Некалькі месяцаў ён правёў у шпіталі і рэабілітацыйным цэнтры. Супраць яго завялі дзве крымінальныя справы і пагражалі пасадізць у турму на 10 гадоў. Але хлопцу ўдалося з’ехаць з Беларусі. За мяжой яму зрабілі аперацыю на калене, а ён да гэтага часу працягвае аднаўляць здароўе пасля збіцця беларускімі сілавікамі.

Дзмітрый распавёў "Вясне" пра тое, як хамутамі яму зламалі кісць рукі, брэкетамі прабілі вусны і ўдарам разарвалі звязкі на калене, а таксама пра тое, як яму ўдалося застацца на волі з дзвюма крымінальнымі справамі.

dzmitryi-khadarovicz_1.jpg
Дзмітрый Хадаровіч. Фота: з асабістага архіва Дзмітрыя

"Амапавец праз лабавое шкло стрэліў мне ў плячо"

11 жніўня 2020 года ў разгар пратэсных акцый Дзмітрый са сваёй дзяўчынай ехаў на машыне па вечаровым Мінску. У знак салідарнасці ён пасігналіў пратэстоўцам. Супрацоўнік ДАІ паказаў яму знак спыніцца. Дзмітрый збочыў з дарогі, яго машыну з абодвух бакоў заблакавалі мікрааўтобусы, а да яго беглі сілавікі і супрацоўнікі ДАІ.

"Яны пачалі грукаць па шклу і крычаць, каб мы з дзяўчынай выходзілі з машыны. Амапаўцы, якія акружылі машыну, навялі на нас зброю. Я не мог уявіць, што з-за звычайнага сігнала, могуць так жорстка затрымліваць. Я нават падумаў, што мяне з кім-небудзь пераблыталі".

Дзмітрый кажа, што тады моцна спужаўся і ў яго спрацаваў інстынкт самазахавання. Ён здаў назад, зачапіў міліцэйскі бус і пачаў з’язджаць.

"Калі я ад’язджаў, то амапавец праз лабавое шкло стрэліў мне ў плячо. Добра, што куля не захрасла ўнутры. Хутчэй за ўсё гэта была цяжкая гумовая куля. Але на той момант я не разумеў, што адбываецца. На мяне паляцела разбітае шкло — усе рукі ў крыві. Наўздагон яны мне стрэлілі яшчэ разоў пяць па машыне".

За хлопцам паехалі некалькі бусаў і машын ДАІ. Пагоня доўжылася да рэзідэнцыі Лукашэнкі на праспекце Пераможцаў.

"Шкада, што не засталося відэазапісу. Бо гэта была нібы сцэна з галівудскага кіно".

Хамутамі паламалі кісць

У выніку машыну Дзмітрыя нагнала машына ДАІ. Адтуль на яго наставілі табельную зброю і крыкнулі: “Стой ці буду страляць!”.

Ён вырашыў спыніцца.

"Я сказаў сваёй дзяўчыне, каб не хвалявалася і рабіла тое, што скажуць. Далей яны адчыняюць мае дзверы удар у твар, затрыманне, я ляжу на зямлі. Мне вельмі моцна тады заціснулі рукі хамутамі. Там іх было, напэўна, штукі чатыры. У выніку мне зламалі кісць".

dzmitryi-khadarovicz_4.jpg
Аўтамабіль Дзмітрыя, які пашкодзілі сілавікі падчас яго затрымання. Фота: з асабістага архіва Дзмітрыя

"Пачалася поўная жэсць"

Хлопца з дзяўчынай адвялі ў міліцэйскі бус і кудысьці павезлі. Дзяўчыну пасадзілі на крэсла і загадалі апусціць галаву паміж каленяў, а Дзмітрыя паклалі на падлогу і ўсю дарогу збівалі нагамі і дручкамі. А адзін з сілавікоў перыядычна душыў хлопца, наступаючы яму на горла ботам. У пэўны момант сілавікі спыніліся  і сказалі адзін аднаму:

"Штосьці яго сучка не моцна па ім плача".

Тады бус спыніўся. Дзяўчыну вывелі на вуліцу і паставілі на калені на газон, а Дзмітрый застаўся сам з траімі супрацоўнікамі АМАПу.

"Тады яны пачалі мяне вельмі моцна збіваць. Два мужчыны мяне трымалі за рукі, а трэці біў па твары. Я тады насіў брэкеты. Амапавец біў так моцна, што ў некаторых месцах брэкеты прабілі вусны і прайшлі наскрозь. Калі я піў, адтуль вылівалася вада.

Далей мяне перагарнулі і пачалі моцна біць па патыліцы. У той момант сілавік дастаў нейкую жалезную прыладу і ці то жартам ці ўсур’ёз прапанаваў мне ўскрыць чэрап. Пасля гэтага моманту я “паплыў”. У мяне было сатрасенне мозгу".

Брэкеты ўратавалі ад выбіцця зубоў

Пазней па вызваленні Дзмітрый распавёў свайму артадонту пра збіццё. Той сказаў, што брэкеты ўратавалі ад выбіцця зубоў.

Далей хлопца з дзяўчынай павезлі ў Фрунзенскі РУУС. Там іх клалі на зямлю побач са шматлікімі затрыманымі. У Дзмітрыя ад пераціскання моцна пасінелі і анямелі кісці рук.

"Я пачаў прасіць іх, каб хамуты змянілі на кайданкі. Баяўся, што кісці ампутуюць. Нейкі сілавік сеў мне на спіну і пачаў вельмі неакуратна тупым нажом зразаць хамуты. У выніку парэзаў скуру на руках".

"Упадзеш — адпіз*зім"

Пасля пару перавялі ў спартовую залу з процьмай затрыманых і паставілі да сцяны на калені, а галавою да падлогі.

"Сілавікі ўсім казалі "Упадзеш адпіз*зім". Поза была вельмі нязручная, а стаяць трэба было вельмі доўга. У пэўны момант сілавік вельмі буйной камплекцыі сеў на спіну маёй дзяўчыне, біў яе па ягадзіцах і патрабаваў пароль ад яе тэлефону. Яна адмовілася яго называць, тады сілавік проста раздавіў тэлефон нагою".  

Дзмітрый распавядае, што супрацоўніцы РУУСа падыходзілі і некалькі разоў білі яго ў пах.

Пасля хлопца з дзяўчынай развялі па розных кабінетах. У весь гэты час у яго ў майтках быў схаваны тэлефон, які Дзмітрый паспеў схаваць перад затрыманнем.

"На жаль, я не ўключыў бязгучны рэжым. У той момант мне хтосьці патэліў. Я тады падумаў, што мне канец. Сілавікі дасталі смартфон, адкрылі галерэю і ўбачылі аўтаматычна захаваныя выявы ў тэлеграме. У тыя дні я, як і ўсе нармальныя людзі, чытаў "NEXTA", "Беларусь галаўнога мозга" і іншыя каналы. Сілавікі адразу падумалі, што злавілі самага галоўнага куклавода. Тады ледзь патлумачыў ім, у чым справа і што гэта не я аўтар фотаздымкаў".

Падчас допыту Дзмітрый распавёў, як усё было. Але сілавікі яго збівалі і патрабавалі, каб хлопец прызнаўся, што падчас уцёкаў машынаю збіў міліцыянта.

"Пасля допыту яны мяне проста моўчкі пачалі збіваць без аніякіх тлумачэнняў. У выніку сказалі, што або я магу і далей “хлусіць”, або распавяду ім, як падчас выезду нібы наехаў на двух супрацоўнікаў АМАПу. Я імкнуўся да апошняга не адкрываць рот. Але ў выніку не змог больш трываць збіццё. Сказаў ім, што пры спробе схавацца з месца злачынства я выпадкова мог здзейсніць наезд на супрацоўніка АМАПу. Пасля гэтага яны ад мяне адчапіліся".

Дзмітрыя перавялі з кабінета ў душавую, абсталяваную для здымак “пакаяльных” відэа. Там гісторыя паўтарылася: калі ён адмаўляўся казаць, што нібы наехаў на супрацоўнікаў АМАПу, яго моцна збівалі.

dzmitryi-khadarovicz_.jpg
Дзмітрый пасля збіцця. Фота: сайт BYSOL

"Ударам нагі ён разарваў мне каленныя звязкі"

 "Наступны фрагмент у маёй памяці – мяне вязуць у Цэнтральны РУУС", – кажа суразмоўца.

У аддзяленні хлопца адвялі на трэці паверх, дзе на той момант размяшчаліся супрацоўнікі Следчага камітэту. Там яго паставілі да сцяны і загадалі разсунуць ногі.

"Сілавіку не спадабалася, як я стаў. Не надта шырока паставіў ногі. Ён моцна ўдарыў мяне нагою па ўнутраным баку калена. У той момант у мяне разарваліся крыжовыя звязкі. Ад болі я закрычаў лаянкай. Сілавік на здзіўленне нічога мне не адказаў. Зразумеў, што перабольшыў і сыйшоў".

Пэўны час Дзмітрый ляжаў у кайданках пад сталом на падлозе.

"У кабінет час ад часу заходзілі маладыя супрацоўнікі міліцыі, якія былі самыя "ініцыятыўныя". Яны бачылі, што ляжыць затрыманы галава адбітая, увесь у крыві, твар таксама разбіты, вусны прадзіраўленыя. Тыя маладыя міліцыянты казалі "Я заб’ю цябе, сука. Аддайце яго мне! Давайце вывядзем яго на вуліцу!".

"У амапаўцаў і даішнікаў былі розныя паказанні"

У кабінет зайшлі два супрацоўнікі ДАІ, якія затрымлівалі хлопца. Яны давалі паказанні супраць Дзмітрыя і паведамілі, што нібы быў трэці даішнік, якому Дзмітрый наехаў на нагу. Прозвішча аднаго з іх было Піскароў. А ва Фрунзенскім РУУСе супрацоўнікі АМАПу "выбівалі" ў хлопца паказанні, што нібы ён збіў на машыне двух амапаўцаў.

"У мяне ёсць відэа сведкі, які засняў момант, як я выязджаў. На ім добра бачна, што я нікога не збіваў. Толькі зачапіў міліцэйскі бус. Але гэта не дапамагло б на судзе. Бо справа была цалкам спланаваная і падстаўная", распавядае суразмоўца.

Пасля гэтага Дзмітрыя пачалі дапытваць і ён упершыню з моманту затрымання сутыкнуўся з негвалтоўным стаўленнем. Следчы перасцягнуў яму кайданкі наперад, даў вады і паспрабаваў супакоіць.

"Следчы нармальна са мною размаўляў, не абражаў і не біў. Не запужваў, як мянты. Яны мне пастаянна казалі: "Мы цябе пасадзім у турму на 10 гадоў". Але праз тое, што ў мяне была чэрапна-мазгавая траўма і вельмі кружылася галава, я не змог азнаёміцца з уласнымі паказаннямі. Падпісаў не чытаўшы".

У калідоры хлопец убачыў сваю дзяўчыну упершыню з таго моманту, як іх разлучылі ва Фрунзенскім РУУС.

Некалькі гадзінаў ноччу ён правёў лёжачы ва ўнутраным дворыку аддзялення міліцыі. Там утрымлівалася вялікая колькасць затрыманых. Хлопец кажа, што было каля 100 чалавек.

"Каб выйсці ў прыбіральню ці змяніць позу, трэба было прасіцца. Некаторых затрыманых міліцыянты палівалі халоднай вадою. Мяне не аблівалі, бо я і так быў увесь мокры. Яны паклалі мяне проста ў лужыну".

Затрыманых прымушалі спяваць дзяржаўны гімн Беларусі і вадзіць карагоды. Усю ноч іх па чарзе выклікалі падпісваць пустыя аркушы паперы. Дзмітрый бачыў, як тых, хто адмаўляўся падпісваць, моцна збівалі, таму вырашыў не супраціўляцца.

Аўтазак, Акрэсціна

Пад раніцу з РУУСа Дзмітрыя павезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. Разам з ім пяць мужчын змясцілі ў маленькую камеру аўтазака, разлічаную толькі на дваіх.

"Мы былі вельмі стомленыя, не спалі некалькі сутак і заснулі стоячы. Праз пэўны час я прачынаюся і разумею, што зусім няма чым дыхаць. А аўтазак увесь гэты час стаяў на месцы. Хлопцы пачалі грукаць у дзверы, пакуль не ўключылі вентыляцыю".

Па прыездзе на Акрэсціна затрыманых сустрэлі так званым калідорам з дубінак: сілавікі станавіліся ў два шэрагі насупраць адзін аднаго і моцна збівалі пратэстоўцаў, якіх праганялі праз іх.

"З намі ў "стакане" аўтазака ехаў дзед. Калі мы беглі праз гэты калідор, прыкрывалі рукамі дзеду галаву. Бо ён старэйшы і мог бы больш цяжка перажываць траўмы".

"Цяпер будзеш працаваць на адзін рухавік"

У тыя дні камеры былі перапоўненыя і Дзмітрыя размеркавалі ў адзін з унутраных двароў ізалятара.

"Двор прыкладна 4 на 4 метры. Над галавою краты. У двор завялі чалавек 50. Было вельмі шчыльна. Замест прыбіральні было вядро. Нам загадалі стаяць моўчкі. У выпадку размоваў выводзілі са двара і збівалі. Стаянне ў такім рэжыме вельмі стамляла. Да таго ж было вельмі халодна. Мужыкі былі ў паніцы. Мы кагалам вырашылі легчы на падлогу ў позе "елачкай", каб грэцца адзін аб аднаго".

У той час разам з хлопцам на Акрэсціна знаходзіўся расійскі блогер Антон Лядаў, які пазней у сваіх відэароліках падрабязна распавядаў пра катаванні сілавікоў у жніўні 2020 года.

Суразмоўца распавядае, як на Акрэсціна стаў сведкам моцнага збіцця аднаго з затрыманых.

"Яго білі за сценамі дворыка. Наносяць адзін, другі ўдар. Ён крычыць. Сілавікі яму кажуць, каб спяваў песню, як ён любіць АМАП. Гэта проста нейкая імправізацыя. Ты там проста фрыстайліш. Падчас яго "спеваў" яго працягвалі збіваць. Раптам хлопец перастаў крычаць. Я чуў, як сілавікі загадалі зняць яму штаны і пасля сказалі: "О, ну цяпер будзеш працаваць толькі на адзін рухавік". Я так разумею, што яму адбілі яйкі".

"Спынішся — буду страляць у спіну"

Рана раніцай 12 жніўня затрыманых паступова пачалі вадзіць групамі ў будынак ізалятара.

"Нас недзе па 20 чалавек павялі на верхні паверх, дзе пад подпіс выдавалі позвы ў суд. Рыхтаваліся выпускаць. Але перад чаргой на выхад нам загадалі распрануцца дагала і стаць тварам да сцяны. Сілавікі адвольна збівалі затрыманых перад вызваленнем. Цяпер я гэта ўзгадваю і разумею, што яны як фашысты. Распранулі і голымі паставілі людзей да сценкі, каб збіваць. Мяне тады прамінулі, бо я і так быў увесь сіні: азадак, спіна, ногі.

Мяне аднаго з недзе 40 чалавек тыкнулі дручком, сказалі зрабіць два крокі назад і станавіцца ў чаргу на выхад. Ужо на вуліцы каля брамы ізалятара сілавік з аўтаматам паказаў рукой напрамак і загадаў мне бегчы. Сказаў, што калі спынюся, ён пачне страляць мне ў спіну".

dzmitryi-khadarovicz_2.jpg
Дзмітрый пасля збіцця. Фота: асабісты архіў Дзмітрыя

"Лёг у бальніцу, завялі крыміналку"

На наступны дзень суразмоўца паехаў у пракуратуру падаваць заяву аб збіцці. Там яму толькі "пакруцілі пальцам у віска", кажа хлопец.

"Я зняў пабоі. Мяне паклалі ў Бальніцу хуткай медычнай дапамогі (БХМД), дзе я прабыў 20 дзён. Праз два дні мне прынеслі позву аб завядзенні крымінальнай справы аб пагрозе гвалтам міліцыянтам (ч. 2 арт. 363 КК). Перыядычна я ездзіў на допыты да следчай. Нават два разы схадзіў на апытанні як пацярпелы па крымінальнай справе па факце майго збіцця. Шчыра кажучы, допыты па маёй крыміналцы праходзілі больш лагодна, чым апытанні. На іх было бачна, як мяне ненавідзіць следчы".

Хлопей мяркуе, што калі б ён не быў так моцна збіты і не знаходзіўся ў бальніцы, то яго адразу ўзялі б пад варту.

"Больш за ўсё мяне здзівіла, што мне не далі канвой. Медсёстры мне выказвалі спачуванні і распавядалі, як у суседнім аддзяленні хлопца ахоўвалі сілавікі: два былі ў палаце, адзін на выхадзе".

Па лекаванні ў бальніцы Дзмітрый правёў месяц у рэабілітацыйным цэнтры ў Аксакаўшчыне. А пасля яшчэ пэўны час жыў звычайным жыццём у Мінску.

"Аднойчы мне патэліла следчая і паставіла ўльтыматум: або я прыводжу проста зараз 5000 рублёў або мяне бяруць пад варту цягам 30 хвілінаў. Але яна мне раней казала, што два дні "білася за мяне" – прасіла ў свайго начальніка, каб мяне не бралі пад варту. У выніку я прывёз ёй грошы і застаўся на волі пад закладам".

Падчас аднаго з чарговых допытаў, Дзмітрыю паведамілі аб завядзенні другой крымінальнай справы – пашкоджанне чужой маёмасці (ч. 2 арт. 218 КК).

"Я хуценька залез у тэлефон, паглядзеў, што санкцыя па гэтым артыкуле да 10 гадоў пазбаўлення волі. У мяне акругліліся вочы. Але мяне на дзіва зноў не затрымалі".

Праз тры дні Дзмітрый выехаў з Беларусі. У 2020 годзе неўзабаве пасля ад’езду хлопца над ім адбыўся адміністрацыйны суд, пасля якога яго абвясцілі ў вышук.

Цяпер хлопец працягвае рэабілітацыю ў Польшчы. Нядаўна яму зрабілі аперацыю на калене, пасля якой неабходна два разы на тыдзень наведваць рэабілітолага. BYSOL адкрыў збор на медычную дапамогу хлопцу.

Крыніца: "Упадзеш — адпіз*зім". Гісторыя беларуса, якога жорстка катавалі за сігнал у падтрымку пратэстоўцаў