28.03.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, дыфамацыя, экалагічныя правы Святлана Кароль. Гомельскі абласны суд 28 сакавіка вынес прысуд пенсіянерцы і велаактывістцы Святлане Кароль. Яе абвінавацілі ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку паводле ч. 2 арт. 367 Крымінальнага кодэкса і ч. 1 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці). Справу разглядаў суддзя Вадзім Бобыраў.

Палітзняволеная Святлана Кароль — пенсіянерка і велаактывістка з Гомеля, старшыня абласнога грамадскага аб'яднання "ВелаГомель". Раней Кароль працавала педагогам-арганізатарам. У 2020 годзе жанчына далучылася да Гомельскай Каардынацыйнай Рады.

20 верасня 2023 года стала вядома, што яна знаходзіцца ў ІЧУ Гомеля. Калі і дзе адбылося затрыманне – невядома. Пенсіянерку і актывістку затрымлівалі ў 2020 годзе за ўдзел у акцыях пратэсту. З таго часу міліцыянты рэгулярна наведваліся да яе з так званымі «прафілактычнымі» гутаркамі ледзь не кожны месяц.

Суд над Святланай распачаўся 11 сакавіка 2024 года ў Гомельскім абласным судзе.

Сёння быў вынесены прысуд: пенсіянерку пакаралі пазбаўленнем волі тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Крыніца: У Гомелі асудзілі вядомую велаактывістку Святлану Кароль