22 сакавіка ў цэнтры Мінска падчас раздачы ўлётак з запрашэннем на дазволеную акцыю ў гонар стагоддзя БНР былі затрыманыя два актывісты "Моладзі БНФ" - Арцём Касавараў і Арсеній Д.

Пра гэта праваабаронцам "Вясны" паведаміў іншы актывіст арганізацыі Юрась Лукашэвіч

Паводле Лукашэвіча, чатыры актывісты ішлі па вуліцах Мінска і раздавалі ўлёткі-запрашальнікі на будучае святочнае мерапрыемства. Праходзячы па вуліцы Гарадскі вал, двое з іх вырашылі сфатаграфавацца ля скульптуры мінскага гарадавога. Менавіта ў гэты момант да маладых людзей падышлі супрацоўнікі міліцыі. 

І хоць актывісты мелі пры сабе копію дазволу на мерапрыемства ад гарвыканкаму, міліцыянты вырашылі затрымаць дваіх з іх "для размовы". Па словах Лукашэвіча, іх павезлі ў РУУС Маскоўскага раёна.

У выніку непоўнагадовага Арсенія Д. адпусцілі праз тры з паловай гадзіны ўтрымання ў Маскоўскім РУУС. А Арцёма Касаварава, па словах дзяжурнага РУУС, адвезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Аднак у самом ЦІП кажуць, што Арцёма ў іх няма. Ёсць вялікая верагоднасць, што 23 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёна яго будуць судзіць, аднак па якім артыкуле - пакуль невядома. 

Крыніца: У Мінску падчас раздачы ўлётак затрымалі актывістаў "Моладзі БНФ" Дапоўнена