10.04.2024 Тэгі: палітвязні, пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 10 красавіка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітвязня Уладзіміра Гундара пазбавілі перадачы. Паўгода яго ўтрымліваюць у адзіночнай камеры
Як паведаміла "Радыё Рацыя", палітвязня на год пазбавілі перадачы:
"З 1 сакавіка яго зноў пазбавілі перадачы. Хаця сядзіць ужо паўгода ў камеры-адзіночцы. Паводзіць сябе ніжэй травы, цішэй вады. Таму сам не ведае, за што. Магчыма, у іх там па плану штосьці такое бывае".
Нагадаем, фігуранта "справы Аўтуховіча асудзілі агулам да 20 гадоў калоніі па некалькіх крымінальных справах. Па прыбыцці ў калонію яго некалькі разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар. Напачатку кастрычніка 2023 года стала вядома, што Гундару ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым.
Падтрымайце Уладзіміра: Турма № 4, 212011, Магілёў, Крупскай, 99А, Уладзімір Тадэвушавіч Гундар
Увечары 9 красавіка была затрымана актывістка Галіна Лагацкая
Яна пайшла у Кастрычніцкі РУУС Мінска забіраць свой тэлефон, які ў яе вынялі 2 гады таму і не аддавалі. Нагадаем, у сакавіку 2022-га году Галіне прызначылі 15 сутак арышту за лістоўкі "Не вайне" — гэта палічылі "несанкцыянаваным пікетаваннем". Зараз ж ёй паведамілі, што гатовыя аддаць тэлефон, таму і запрасілі ў РУУС.
Вядома, што яна "затрымана на 72 гадзіны", то бок, верагодна, да суда па адміністрацыйнай справе. Сутнаць абвінавачвання невядома.
Жыхарку Сянно судзяць па артыкуле аб парушэнні заканадаўства аб выбарах
Суд Сенненскага раёна 10 красавіка разглядае справу мясцовай жыхаркі Галіны Гарбачовай, паведаміў тэлеграм-канал "Витебск, я гуляю". Яе судзяць па рэдкім артыкуле 10.9 КаАП (парушэнне заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян). Гэты артыкул прадугледжвае штраф памерам да 15 базавых велічыняў (600 рублёў). Пакуль невядома, што менавіта ставяць у віну Гарбачовай.
Аўтары канала прааналізавалі нядаўнія рашэнні суда ў банку дадзеных судовых рашэнняў па гэтым артыкуле. Так, беларусаў судзілі за фота бюлетэня, за вынесены з участку чысты бюлетэнь і за падачу старшыні ўчастковай камісіі пры рэгістрацыі ў якасці назіральніка пратакол пасяджэння аб'яднання, якое не зарэгістравана ў Мінюсце.
Сілавікі затрымалі дзяўчыну, якая ў 2020-ым годзе "перашкаджала праезду машыне ДАІ"
Паводле інфармацыі "Медыязоны", гаворка пра Наталлю Салук.
Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што супраць дзяўчыны распачалі крымінальную справу.
Крыніца: Затрыманне актывісткі, ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 10 красавіка