16.04.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя У судзе Бярозаўскага раёна 26 сакавіка асудзілі Сяргея Буваку паводле ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Наталля Мінчанка прызначыла Сяргею тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хіміі"). Дзяржабвінавачанне падтрымаў пракурор Аляксандр Круцько.
- Выязны суд над Сяргеем Бувакам на базе Бярозаўскага камбіната кааператыўнай прамысловасці. Фота: газета "Bereza.by"
Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён пакінуў у тэлеграм-чаце на 341 чалавека паведамленне ў бок Лукашэнкі, якое суд палічыў абразлівым. Да суда Сяргей знаходзіўся пад хатнім арыштам. Ён цалкам прызнаў віну.
Як паведаміла раённая газета "Bereza.by", судовае пасяджэнне мела выязны фармат і праходзіла на базе Бярозаўскага камбіната кааператыўнай прамысловасці, дзе і працуе бярозаўчанін.
Мабільны тэлефон мужчыны канфіскавалі ў даход дзяржавы "як сродак здзяйснення злачынства".
"Берасцейская вясна" даведалася з сацсетак, што Сяргей мае 58 гадоў.
Сяргей Бувака мае сярэдне-спецыяльную адукацыю, працуе механікам у Бярозаўскім ККП.
Крыніца: 58-гадовага механіка з Бярозы асудзілі на 3 гады "хіміі" за каментар пра Лукашэнку