17.04.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, ціск, умовы ўтрымання, рэпрэсіі, гісторыі вязняў, зборныя матэрыялы Па стане на 15 красавіка 2024 году праваабаронцам вядома не менш чым пра 255 палітвязняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. Сярод іх — 16 чалавек з інваліднасцю, 93 чалавекі ў цяжкім стане здароўя, 63 сталых чалавекі, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто з іх таксама мае вялікія праблемы са здароўем стан), а таксама дзесяць чалавек з ментальнымі разладамі. 23 маладзёны былі затрыманыя непаўнагадовымі, сярод палітзняволеных — 40 шматдзетных маці і бацькоў. Вядома мінімум пра пяць сямей, дзе абодва бацькі знаходзяцца за кратамі.
Самы старэйшы з палітвязняў — 76-гадовы Міхаіл Ляпейка з Магілёву, які быў накіраваны на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным шпіталі за абразу Лукашэнкі.
Для людзей з пэўных уразлівых групаў зняволенне апынаецца яшчэ большым выпрабаваннем, чым для астатніх. Да таго ж, яно яшчэ больш пагаршае стан іх здароўя праз несвоечасова аказаную дапамогу, адсутнасць рэгулярных медабследаванняў, якія ім патрэбныя, недасяжнасць патрэбных медычных сродкаў. Таму “Вясна” распавядае пра людзей з уразлівых групаў, якія сёння знаходзяцца за кратамі.
Цяжкі фізічны стан
Як мінімум 93 чалавекі цяпер знаходзяцца ў зняволенні ў цяжкім стане здароўя. У зняволенні кожнае захворванне прагрэсуе хутчэй: акрамя адсутнасці кваліфікаванай медычнай дапамогі, на гэта ўплываюць умовы ўтрымання – недахоп свежага паветра, дрэннае харчаванне, пастаянны псіхалагічны ціск і стрэс. Гэта прыводзіць да таго, што нават тыя праблемы, якія не абвастрыліся б у нармальных умовах, у зняволенні апынаюцца для людзей сур’ёзнымі праблемамі.
Актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Андрэй Войніч смяротна хворы. Пасля віруснага гепатыту ён мае цыроз печані, цукровы дыябет, пухліна над наднырачнікамі, выдалены жоўцевы пузыр і мноства звязаных з гэтым ускладненняў. Яму патрэбная тэрміновая перасадка печані, да арышту ён штомесяц наведваў трансплантолага. Аднак у калоніі, куды яго накіравалі для адбыцця сямігадовага зняволення, яго кідаюць у карцар, ён пазбаўлены перадачаў і спатканняў.
У 59-гадовага палітолага Аляксандра Фядуты дыягнаставаная вострая сардэчная недастатковасць, у СІЗА у яго здараліся прыступы сценакардыі і арытміі. Яго асудзілі да дзесяці гадоў калоніі, аднак адразу пасля этапу ён трапіў у лякарню праз праблемы з сэрцам і ацёкі. Нават нягледзячы на цяжкі стан, мужчына абвесціў медыцынскую забастоўку супраць абмежаванняў на ліставанне са сваякамі: пэўны час ён адмаўляўся прымаць пігулкі, без якіх у яго мог здарыцца сардэчны прыступ. Восенню 2022 году ягоная жонка распавядала, што праз праблемы з сэрцам Фядута не можа ляжаць і нармальна спаць. Яму нават рабілі рэнтген і кардыяграмы, збіраліся праводзіць кансіліум наконт ягонай сітуацыі, але чым усё скончылася — невядома. У снежні Аляксандра этапавалі ў магілёўскую ПК № 15. Як выявілася, амаль адразу пасля пераводу палітвязень трапіў у бальніцу, бо ў яго абвастрыліся праблемы з сэрцам.
19-гадовы Мікіта Залатароў хварэе на эпілепсію, на адным з допытаў адразу пасля затрымання яго забрала “хуткая”, але пасля рэанімацыі яго зноў вярнулі ў ізалятар. Хлопец распавядаў, што тады яго збівалі дубінкай кожны дзень. Мікіту адбывае ў калоніі тэрмін – чатыры з паловай гады пазбаўлення волі. На судзе ён распавёў, што ў СІЗА яму не давалі таблетак, канваір тады сказаў: “Ты палітычны, здохнеш”. Пасля прысуду ў Мікіты Залатарова пачалася гістэрыка: ён кідаўся на краты і крычаў: "Выпусціце мяне адсюль!".
21-гадовы Арсеній Майсейчык, асуджаны да шасці гадоў калоніі, хворы на лейкому: гэта патрабуе рэгулярнага кантролю лекарамі і штогадовага праходжаня МРТ. Хлапцу таксама забароненыя шмат якія фізічныя нагрузкі — невядома, ці ўлічваецца гэта ў папраўчай калоніі, дзе Арсеній цяпер адбывае пакаранне. Праблемы са здароўем, якія патрабуюць рэгулярнага даследавання, немагчымага ва ўмовах зняволення, маюць таксама Ігар Мінц, Марына Маркевіч, Яўген Люльковіч, Вольга Цыбульская, Вольга Залатар. У Арцёма Баярскага пасля чатырохмесячнага бесперапыннага кашлю развілася недыягнаставаная алергія.
У некаторых палітвязняў няма хранічных захворванняў, аднак, калі яны хварэюць, ва ўстановах ім не аказваецца належная медычная дапамога, што прыводзіць да цяжкіх наступстваў. Калі Яўген Бароўскі цяжка захварэў, меркавана, на гаймарыт, адміністрацыя ПК-15 адмовілася прымаць для яго медычную пасылку. У яго былі моцныя галаўныя болі і цяжкае дыханне. Патэлефанаваўшы родным, ён сказаў: “Я, напэўна, проста памру тут – мне так дрэнна". Ён працягваў хадзіць на працу з тэмпературай 38-39 градусаў.
“Я, напэўна, памру”. Палітвязень Яўген Бароўскі не атрымлівае лячэння ў калоніі
У Марфы Рабковай, асуджанай да 14 гадоў і дзевяці месяцаў зняволення, імкліва пагаршаецца стан здароўя праз умовы ўтрымання. Яна мае праблемы з лімфавузламі і шчытападобнай залозай, вадкасць у малым тазе.
"Ёй ужо трэба не проста УГД зрабіць, а пункцыйную біяпсію"
Летам 2021 году яна губляла прытомнасць у СІЗА, моцна схуднела і цяжка перахварэла на кавід. Яна некалькі разоў пісала заяву на выклік стаматолага, аднак ёй пастаянна адмаўлялі ў гэтым. Праблемы з зубамі назіраюцца шмат у каго з палітзняволеных: так сказваецца недахоп кальцыю і адсутнасць своечасовай стаматалагічнай дапамогі.
Спецдакладчыкаў ААН праінфармавалі пра стан здароўя праваабаронцы Марфы Рабковай
Крызіс са здароўем у Марыі Калеснікавай пачаўся 28 лістапада 2022 году, калі "да праблем з ціскам, млоснасцю і прытомнасцю дадаўся пакутлівы боль у страўніку". Марыю даставілі ў хірургічнае аддзяленне гомельскай бальніцы хуткай дапамогі і прааперавалі з прычыны прабадной язвы і перытаніту. Праз некалькі дзён палітзняволеную перавялі назад у калонію, у медыцынскі стацыянар, дзе ёй дазволілі сустрэцца са сваім бацькам. Цяпер Марыя ўжывае мала ежы, бо харчаванне з калоніі ёй не пасуе. У медсанчастцы паабяцалі скарэктаваць для яе рэжым харчавання. Вядома, што шпіталізацыі папярэднічала непрапарцыйна жорсткае абыходжанне ў ШІЗА. Марыя мае праблемы са здароўем у жаночай ПК-4 у Гомелі. Праз гэта яна не працуе. Аднойчы на пастраенні яе прыйшлося нават выводзіць пад рукі.
У псіхалагіні Алесі Лянцэвіч падазрэнне на цяжкае захворванне, якое ў месцах пазбаўлення волі ні дыягнаставаць, ні нармальна лячыць немагчыма. Аднак яе асудзілі да пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады і шэсць месяцаў у калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
За час знаходжання ў СІЗА-3 і ў папраўчай калоніі здароўе пагоршылася ў палітвязня Аляксея Ільінчыка. Правая рука ў яго амаль не дзейнічае, парушаны маўленчы апарат, таму гаворыць ён з цяжкасцю. Пісаць самастойна лісты ён таксама не можа. Да таго ж, лісты яму перадаюць не спраўна, нават ад сваякоў. Яго асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі, вядома, што яго змяшчалі ў неўралагічнае аддзяленне рэспубліканскай бальніцы, якое знаходзіцца на тэрыторыі СІЗА № 1 г. Мінска.
У Аляксея Галаўко, асуджанага да 12 гадоў калоніі, хранічныя праблемы з носам, якія патрабуюць хірургічнага ўмяшальніцтва. Антаніна Канавалава ў калоніі атрымала інваліднасць па зроку, ёй не прызначаюць патрэбнае лекаванне.
Шмат у якіх палітвязняў за кратамі імкліва пагаршаецца здароўе праз умовы ўтрымання, абвастраюцца хранічныя захворванні. Сярод іх — жорстка збіты пры затрыманні Раман Багнавец, бацька шасцярых дзяцей Аляксандр Зялюткін, у якога сур’ёзна пагоршылася здароўе. Ён адчувае моцны боль, бо пачалося нагнаенне на дзёснах і з’явіліся дзіркі ў зубах. Ад болю Аляксандр не можа жаваць. Арцём Калашук не чуе адным вухам, але адбывае два гады пакарання ў калоніі. Мікіта Кунтыш мае захворванне, якое пры неналежным доглядзе лекараў можа перайсці ў хранічную стадыю. У Сцяпана Латыпава дыягнаставана цынга. У праваабаронцы Уладзя Лабковіча значна пагоршылася здароўе. Ён скардзіцца на частыя галаўныя болі і на бяссонніцу. Таксама ў яго вельмі пагоршыўся зрок. Анджэя Пачобута адправілі ПКТ на наступны дзень пасля таго, як у яго быў ціск 190/140. Яўген Рагуцкі з дзяцінства мае рэўматоідны артрыт. У супрацоўніка мытнай службы Яўгена Гурыновіча, якога судзяць за "здраду дзяржаве", сур'ёзныя праблемы з хрыбетнікам. У журналіста Дзяніса Івашына ўлетку 2021 году, ужо ў зняволенні, пачаліся праблемы з сэрцам.
Хранічныя хваробы і праблемы са здароўем маюць Уладзіслаў Беладзед, Віктар Бедрый, Юрый Бялько, Віталь Бандарук, Вольга Брыцікава, Уладзіслаў Бурын, Максім Вінярскі, Леанід Германовіч, Рыгор Грыг, Мікалай Дзядок, Ягор Дуднікаў, Віктар Яроменка, Алена Яфрэменка, Аляксандр Жмуро, Уладзімір Запольскіх, Кацярына Зарэцкая, Аляксей Іванісаў, Аляксандр Калін, Сяргей Капанец, Мікіта Карпенка, Яўген Клімаў, Піліп Канцэвіч, Дзмітрый Каханоўскі, Аляксей Кудасаў, Вікторыя Кульша, Міхаіл Лабань, Руслан Ліннік, Сяргей Лісоўскі, Мікіта Літвіненка, Руслан Лабанок, Максім Лапацін, Аляксанд Лопух, Анатоль Мацулевіч, Павел Нядбайла, Аляксей Арлоў, Алесь і Ян Папковічы, Сяргей Плоніс, Яна Пінчук, Андрэй Папоў, Андрэй Паротнікаў, Сяргей Раткевіч, Аляксандр Рэзнік, Яўген Рубашка, Алег Рубец, Сяргей Савіч, Дзяніс Сальмановіч, Сяргей Сацук, Павел Севярынец, Павел Сакалоў, Міхаіл Тарасевіч, Валянцін Цераневіч, Сяргей Цібец, Аляксандр Францкевіч, Паліна Шарэнда-Панасюк, Аляксандр Шаламіцкі, Юлія Юргілевіч.
Інваліднасць
Яшчэ прынамсі 16 чалавек у зняволенні маюць інваліднасць. Артадонт з Заслаўя Дзмітрый Утоўка мае інваліднасць па слыху. У зняволенні ён знаходзіцца са слыхавым апаратам, яго, як і батарэйкі, ужо трэба мяняць. Мужчына атрымлівае дапамогу па інваліднасці, але яго ўтрымліваюць для выплаты штрафу. Ігар Шумілаў, асуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі, мае інваліднасць трэцяй групы. 10 гадоў таму ён трапіў у ДТЗ і згубіў нагу, а таксама праз гэта мае сур'ёзную праблему з правай рукой.
56-гадовы Валянцін Колб мае інваліднасць праз захворванне сэрца, раней перанёс інфаркт. Адразу пасля затрымання мужчыну стала дрэнна, яго даставілі ў Пінскую цэнтральную бальніцу, прыставілі канвой. Валянціна Колба абследавалі, дыягнаставалі пярэдінфарктны стан і пакінулі для далейшага лячэння. Мужчына некаторы час знаходзіўся ў рэанімацыі. Яму прызначылі пяць гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Максім Ражкоў мае інваліднасць другой групы. Асуджаны да 3,5 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Інваліднасць мае Аляксандр Кісель, які стаіць на ўліку ў псіхіятра ад самага нараджэння. Яго накіравалі на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычны стацыянар. Інваліднасць мае Аляксандр Каралёў. Аксана Ляўшова мае захворванне ног, не можа самастойна перамяшчацца, мае інваліднасць. Яе асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі. Таксама інваліднасцю маюць архітэктар Аляксей Парэцкі, мастак Канстанцін Прусаў, географ Руслан Садоўнічы, стрыечны брат прадстаўніка палка Каліноўскага Сяргей Франчук.
Анкалогія
Асобна варта сказаць пра палітзняволеных, якія хварэюць на анкалогію. Некаторыя трапілі ў зняволенне, ужо маючы анкалагічнае захворванне, у некаторых яго выявілі ўжо пасля затрымання. У абодвух выпадках стан людзей пагаршаецца неаказаннем медыцынскай дапамогі, адмовамі ў правядзенні неабходных маніпуляцый і аперацый, а таксама адсутнасцю доступу да лекаў.
Журналістка Ксенія Луцкіна мае пухліну ў галаўным мозгу: яна расце і правакуе цяжкія болі, якія лекары супакойваюць абязбольваючымі. Ёй патрэбная кансультацыя профільных спецыялістаў, якіх у зняволенні няма. У лютым Ксенія перахварэла на двухбаковую пнеўманію. Вядома, што праз стан здароўя жанчыну вызвалілі ад працы ў прамысловай зоне ў калоніі, куды яна трапіла адбываць восем гадоў зняволення.
У 29-гадовага палітзняволенага Паўла Кучынскага рак чацвёртай стадыі, аднак яго асудзілі да чатырох гадоў і дзевяці месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ягоны стан вельмі пагоршыўся, у зняволенні пачаўся запаленчы працэс. У ліпені 2022 года, падчас медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі, Паўлу паставілі першую групу інваліднасці — да гэтага ў яго была інваліднасць другой групы. У канцы верасня 2022-га Паўла перавялі ў рэспубліканскую лякарню на Валадарскага, дзе будуць утрымліваць да правядзення ПЭТ/КТ — дыягностыкі для онкахворых. У гэтай лякарні хворыя знаходзяцца не ў палатах, а ў звычайных камерах, якія перабудавалі для медыцынскіх патрэбаў.
Пазбаўлены волі, змагаецца за жыццё
Гісторыя вязня Паўла Кучынскага, хворага на рак у 4-й стадыі.
Як стала вядома ў снежні 2023 году, курсы хіміятэрапіі Паўлу не дапамагаюць і хвароба прагрэсуе. Пасля абследаванняў курс лячэння змяняюць, але палітвязню не становіцца лепш. Таксама ў яго была кансультацыя з лекарамі наконт перасадкі касцявога мозга, але праз зняволенне і ўмовы ўтрымання зрабіць гэта немагчыма. Вядома, што Павел праз калонію спрабаваў перадаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Палітвязня нават перавялі дзеля гэтага ў калонію на некалькі дзён, але ў выніку, калі яго ўжо перавозілі ў лякарню, хлопцу вярнулі паперу з прашэннем.
56-гадовы Уладзімір Малахоўскі хварэе на анкалогію, а таксама мае трэцюю групу інваліднасці. Яго асудзілі да 3,5 гадоў зняволення. Да затрымання ён чатыры разы праходзіў хіміятэрапію, ягонае здароўе вельмі аслабленае.
У 40-гадовага Руслана Слуцкага добраякасная пухліна галаўнога мозгу, а таксама моцныя болі ў спіне, праз якія ён часам не мог устаць з ложку, аднак у шпіталізацыі яму адмаўлялі. Аднак вядома, што ў лістападзе 2022 году ён быў шпіталізаваны праз пнеўманію. Мужчына асуджаны да 11 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
У палітвязня Яўгена Бурло ў зняволенні здарыўся рэцыдыў захворвання, на якое мужчына пакутаваў яшчэ да затрымання, у яго некроз тазабедраных суставаў. Яўген быў накіраваны ў медсанчастку СІЗА. Знаёмыя Яўгена распавялі, што сваякі палітвязня звярталіся да кіраўніцтва СІЗА, каб ён мог атрымаць належнае лячэнне, але там адмовілі. Яўген Бурло быў на мыліцах у час прысуду, ён нават не мог устаць. Яго асудзілі да васьмі гадоў калоніі. Вядома, што Яўген Бурло патрабуе аперацыі на хрыбце. Яму абяцалі яе правесці.
Узрост
Сёння ў зняволенні ўтрымліваюцца 63 людзей у сталым узросце. У іх шмат хваробаў, развіццё якіх правакуюць і без таго цяжкія ўмовы знаходжання ў зняволенні. Высокі артэрыяльны ціск, хваробы сэрца і рухальнага апарату без адпаведнага дагляду прыводзяць людзей ва ўсё горшы і горшы стан. 66-гадовы старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў быў асуджаны да дзесяці гадоў калоніі, хаця ў зняволенні ў яго пагоршыўся стан здароўя, выявілі анкалагічнае захворванне. Восенню 2021 году ў лісце на волю ён пісаў, што лекар робіць яму абязбольваючыя ўколы, каб ён мог паспаць ноччу. Вядома, што ў яго бралі аналізы, яму праводзілі абследаванні – верагодна, яму патрэбная аперацыя. У кастрычніку 2023 году ён паведамляў, што ў яго вельмі баляць і ацякаюць ногі праз моцны варыкоз. Было вядома, што пасля ШІЗА яму не паведамлялі вынікаў анкалагічнага даследавання.
Палітзняволеная Ірына Мельхер перанесла гіпертанічны крыз, кожны дзень ейны стан пагаршаецца: яна мае праблемы з сэрцам, нервамі. Першы месяц пасля затрымання яна не магла спаць, пакуль ёй не выпісалі заспакаяльныя. У брэсцкім СІЗА яна была на ляжачым рэжыме, аднак яе перавялі на верхнюю койку, адкуль яна не магла злезці самастойна. Разам з тым жанчыне часта трэба было хадзіць у прыбіральню, бо яна мае праблемы з ныркамі. Таму калі яна прачыналася ноччу, то вымушаная была чакаць, пакуль хтосьці прачнецца і дапаможа ёй забрацца назад наверх. У выніку яе асудзілі да 17 гадоў пазбаўлення волі.
«Калі адным словам, то яно будзе нецэнзурным»
Як (не) ахоўваецца права на здароўе зняволеных Беларусі? Заканадаўства і практыка.
У зняволенні на розныя хваробы пакутуюць і лідары незалежнага прафсаюзу РЭП. 66-гадовы Генадзь Фядыніч мае праблемы з сэрцам і дыябет, яго асудзілі да дзевяці гадоў калоніі. У 73-гадовага Васіля Бераснева значна пагоршылася здароўе ў СІЗА, ён пакутуе ад боляў у адзінай нырцы. Магчыма, у яго анкалагічнае захворванне, аднак на момант верасня 2022 году яго не накіроўвалі на абследаванне. Замест гэтага — пастаянна ставілі абязбольваючыя кропельніцы. Яго асудзілі да дзевяці гадоў калоніі. 68-гадовы Вацлаў Арэшка мае шэраг захворванняў, у тым ліку – праблемы з вачыма, праз якія яму можа пагражаць слепата. Ён асуджаны да васьмі гадоў калоніі.
Таксама ў зняволенні знаходзіцца 62-гадовая Галіна Дзербыш, якая пакутуе на анкалогію, мае другую групу інваліднасці і праблемы з сэрцам. Яе стан здароўя ў зняволенні пагоршыўся, адразу пасля затрымання яе змяшчалі ў карцар, дзе яна некалькі разоў губляла прытомнасць. Вядома, што неабходныя лекі ёй перадавалі альбо са спазненнем, альбо не аддавалі наогул. Яе асудзілі да 20 гадоў калоніі.
63-гадовы актывіст і краязнаўца Уладзімір Гундар – чалавек з інваліднасцю другой групы, у яго няма адной нагі. Аднак у СІЗА яму не дазволілі пакінуць пратэз, не перадавалі неабходныя лекі: высокі ціск справакаваў гіпертанічны крыз. Акрамя таго, ён папрасіў перадаць у СІЗА больш моцныя акуляры і новыя таблеткі ад сэрца. Яго асудзілі да 18 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Гундара часта кідаюць у карцар, ён неаднаразова абвяшчаў галадаванне.
Да пяці гадоў пазбаўлення волі асудзілі 67-гадовага філосафа Уладзіміра Мацкевіча, нягледзячы на сталы ўзрост, ён трымаў галадаванне. Падчас яго ў мужчыны знізіўся ціск, нямелі рукі і ногі, адчувалася вялікая стомленасць. У пачатку жніўня 2023 г. у Рэспубліканскай бальніцы палітвязню зрабілі планавую аперацыю, 18 жніўня 2023 г. філосафа перавялі са шпіталя назад у турму.
Да чатырох гадоў калоніі асудзілі 63-гадовага Аляксея Міронава, да 14 гадоў – 67-гадовага Мікалая Статкевіча, які мінімум тройчы хварэў на ковід падчас зняволення — на гэтым фоне ў яго развілося запаленне лёгкіх, да чатырох з паловай гадоў – 66-гадовую Алену Гнаўк.
За каментары да шасці гадоў калоніі агульнага рэжыму асудзілі палітзняволеную 69-гадовую пенсіянерку Наталлю Пятровіч.
За кратамі знаходзіцца 72-гадовы палітзняволены пенсіянер Васіль Дземідовіч. Яго асудзілі да сямі гадоў калоніі, пенсіянер з’яўляецца самым пажылым беларусам, уключаным КДБ у спіс "тэрарыстаў". Адзначым, што за апошні год мужчына перажыў дзясяткі этапаў. Этапуюць палітвязняў у цяжкіх умовах: у "сталыпінскім" вагоне пад жорсткім кантролем канваіраў і сабак, у кайданах, падчас чаго іх часта не кормяць, усе рэчы яны нясуць у руках, закаваных у кайданы. Таму гэта пакідае вельмі дрэнны адбітак на здароўі Васіля.
62-гадовая Ала Зуева мае лейкоз крыві, пры вынясенні прысуду суд гэта да ўвагі не прыняў. Палітзняволеная лічыць, што вынесены ёй прысуд можна параўнаць са смяротным. Яна працавала настаўніцай у школе, але звольнілася яшчэ да пенсіі праз хваробу. Праз кепскі стан здароўя пераважна знаходзілася дома, амаль не выяжджала з гораду.
64-гадовы журналіст Андрэй Толчын пакутуе на гіпертанію, мае праблемы з нагамі.
63-гадовая Вольга Стаброўская мае інваліднасць трэцяй групы, у апошні час у жанчыны абвастрыліся хваробы. Яе асудзілі да года і трох месяцаў пазбаўлення волі.
70-гадовы святар Генрых Акалатовіч перанёс інфаркт, нядаўна яму была зроблена аперацыя на страўніку ў сувязі з анкалагічным захворваннем. Ён мае патрэбу ў медыцынскім назіранні і пастаянным прыёме лекаў.
63-гадовы Ігар Леднік меў інваліднасць 2-й групы праз праблемы з сэрцам. Яго пакаралі трыма гадамі зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. 20 лютага 2024 году стала вядома, што Ігар Леднік памёр за кратамі.
Праблемы псіхалагічнага кшталту
Мінімум дзесяць чалавек знаходзяцца ў месцах зняволення з ментальнымі разладамі. У зняволенні палітвязні сутыкаюцца з беспрэцэндэнтным ціскам, пастаянна знаходзяцца ва ўмовах стрэсу: гэта пагаршае іх псіхалагічны стан, а таксама паглыбляе тыя псіхалагічныя праблемы, якія назіраліся ў іх і да затрымання. Часта супрацоўнікі дзяржаўных органаў не ўспрымаюць гэтыя праблемы сур’ёзна, таму ніякім чынам не дапамагаюць іх вырашаць.
Алену Маўшук асудзілі да шасці гадоў калоніі, пасля затрымання ў яе склаўся цяжкі дэпрэсіўны стан. Пачуўшы, колькі ёй запрасіў пракурор, жанчына напісала ў сшытку і паказала прысутным у зале суда: “Я павешуся”. На пачатку студзеня 2022 года Алена Маўшук паведаміла блізкім ужо з калоніі, што да яе ўжываюць фізічны і псіхалагічны гвалт, яе пазбавілі ўсіх перадач і спаткання з блізкімі, яна рэгулярна атрымлівае пакаранні і знаходзіцца ў прыгнечаным псіхалагічным стане. Вядома, што Алену пазбавілі бацькоўскіх правоў.
Псіхалагічная дапамога
Як перажыць ізаляцыю ў адзіночнай камеры і падчас вымушаных уцёкаў.
У Кірыла Пальчэўскага, асуджанага да трох гадоў і месяца калоніі, дыягнаставана лёгкая разумовая адсталасць.
Пасля затрымання Юрый Прахарэнка схуднеў на 35 кілаграмаў, у яго назіраліся панічныя атакі, псіхасаматычныя разлады і дэпрэсія. Яго накіравалі на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.
З пэўнымі псіхалагічнымі праблемамі сутыкнуліся Ігар Карпіцкі, Юрый Касцюк. Таксама — Віктар Барушка, які пасля затрымання 12 дзён правёў у рэанімацыі БХМД і на судзе заявіў пра збіццё. Вольга Іванчанка мае хваробу аўтыстычнага спектру. Юрый Кавалёў паводле пастановы суда знаходзіцца ў РНПЦ псіхічнага здароўя. Андрэй Сачэўка мае разлад асобы. Марыі Успенскай прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары. Лячыцца яна будзе да выздараўлення — тэрмін не вызначаецца судом.
Праблемы пасля затрымання
Паколькі ў Беларусі людзей часта затрымліваюць з неапраўданым прымяненнем сілы, часам гэта прыводзіць да з’яўлення праблемаў са здароўем ужо пасля затрымання. Неаказанне своечасовай медычнай дапамогі з’яўляецца таксама метадам ціску на людзей, таму часцей за ўсё праблемы такога кшталту прагрэсуюць.
Пры затрыманні моцна збілі Сяргея Верашчагіна. У бальніцы сярод дыягназаў, якія паставілі тады лекары, былі закрытая чэрапна-мазгавая траўма, удар галаўнога мозгу, множныя гематомы і ўдары — у тым ліку грудной клеткі, шыйнага, груднога і паяснічнага аддзелаў пазваночніка, скроневых абласцей. Яму не аказвалі медычную дапамогу, таму ў яго пачала развівацца слепата, нямець левая частка цела. Аднак яго асудзілі да пяці гадоў калоніі, у рэабілітацыі палітвязню адмаўляюць.
Вячаслава Рагашчука, які праходзіць па так званай “пінскай справе”, збівалі цягам трох дзён пасля затрымання. Са словаў яго сукамернікаў, у камеры ў Пінскім ІЧУ ў Вячаслава была вісячая гематома за вухам, тры раны на галаве, па ўсіх пазванках былі чорныя круглыя сінякі. Доўгі час Вячаслаў скардзіўся на шум і звон у галаве, пры гэтым медыцынская дапамога яму не аказвалася. Акрамя гэтага, ён пісаў, што ў ізалятары яму дыягнаставалі "кровазліццё, страсенне мозгу ці траўму галавы" або "мікраінсульт". Аднак палітвязня асудзілі да шасці гадоў калоніі.
Праваабаронцы заклікалі Спецдакладчыкаў ААН умяшацца ў сітуацыю з пагаршэннем здароўя палітвязня Вячаслава Рагашчука
Аляксандр Капшуль паехаў у Маскву, каб адтуль выехаць у Варшаву, але па дарозе ў цягніку ў яго праверылі дакументы супрацоўнікі ФСБ. Ён зразумеў, што па прыездзе ў расійскую сталіцу яго затрымаюць, і на хаду выскачыў з цягніка. Капшуль зламаў нагу і вывіхнуў руку, але змог дабрацца да мяжы з Украінай. Расійска-ўкраінскую мяжу Капшуль вырашыў прайсці легальна. На памежным пункце яго затрымалі, пасля супрацоўнікі ФСБ вывезлі мужчыну ў Беларусь і перадалі супрацоўнікам КДБ. Пасля мужчыну змясцілі ў СІЗА КДБ. Праз тыдзень яму правялі аперацыю, але, каб вярнуць яму здольнасць рухацца паўнавартасна, патрэбная рэабілітацыя. Без дазволу лекара СІЗА яму не перадавалі патрэбныя лекі. Яго асудзілі да 15 гадоў калоніі.
Рэйкаваму партызану Віталю Мельніку пры затрыманні прастрэлілі каленныя суставы, вядома, што па СІЗА ён перасоўваўся на мыліцах. Мужчыну прысудзілі 13 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Невядома, ці аказваецца яму рэабілітацыйная дапамога.
Праваабаронцы шмат гадоў звяртаюць увагу на жорсткія ўмовы ўтрымання ў зняволенні. Яны абгрунтавана крытыкуюць умовы ўтрымання ў ізалятарах, калоніях і турмах, якія дапаўняюць пакуты, прычыненыя самім фактам пазбаўлення волі.
Юрыст “Вясны” Павел Сапелка: — Пасля пачатку выбарчай кампаніі 2020 году адміністрацыі месцаў пазбаўлення волі рабілі захады, якія стваралі для палітзняволеных умовы, якія набліжаюцца, а часта — дасягаюць — узроўню катавальных. Ці варта казаць пра тое, што пакуты, якія прычыняюцца такім стаўленнем, шматкроць ўзмацняліся, калі ахвярамі бесчалавечнай палітыкі станавіліся людзі з інваліднасцю, цяжкімі або хранічнымі захворваннямі? Якімі б ні былі прычыны такога стаўлення, яно забароненае і павінна быць неадкладна спыненае, а вінаватыя павінны панесці адказнасць. Мінімальныя стандартныя правілы арганізацыі Аб'яднаных Нацый у дачыненні да абыходжання са зняволенымі (правілы Нэльсана Мандэлы) загадваюць, што «зняволеных, якія не нясуць крымінальную адказнасць або ў якіх пазней дыягнаставаныя сур'ёзныя псіхічныя захворванні і/або цяжкі стан здароўя, для якіх далейшае знаходжанне ў турэмных умовах будзе азначаць пагаршэнне іх стану, не варта ўтрымліваць у турэмных установах...» (правіла 109). Гаворачы пра палітвязняў, мы, праваабаронцы, працягваем патрабаваць іх безумоўнага вызвалення, спынення пераследу або перагляду іх справаў. Разам з тым мы асабліва падкрэсліваем: для тых з іх, хто з прычыны стану здароўя і наяўнасці цяжкіх захворванняў адчувае асаблівыя пакуты, чыё жыццё ў сувязі з гэтым пастаўленае ў небяспеку, вызваленне не можа быць прадметам уладных маніпуляцый, палітычных дыскусій і інсінуацый. Яно павінна адбыцца неадкладна, у якасці першага кроку да сапраўднага нацыянальнага прымірэння, каб не абцяжарваць немінучую адказнасць вінаватых у злачынствах супраць чалавечнасці. |