19.04.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, пераслед, ціск, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 18-19 красавіка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

19 красавіка

У Фаніпалі затрымалі 22-гадовую дзяўчыну за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020-ым годзе

Пра гэта паведамляе Следчы камітэт. Ёй інкрымінаваны арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак).

Ведамства таксама паведамляе, што агулам за ўдзел у акцыях пратэсту ў Фаніпалі былі затрыманыя 54 чалавекі.

У Гомельскай вобласці сілавікі затрымалі як мінімум чатырох чалавек

«Пакаяльныя відэа» з затрыманымі апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы. Сцвярджаецца, што людзі былі затрыманыя за падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы.

Паводле інфармацыі "Медыязона", сярод іх Уладзімір Кузьміч і Андрэй Петрашэнка.

Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Гродно Фолюш», «Гродно Вишневец», «Гродно/Валанцеры», «lidadlia», «Хроника Антивоенного Движения», «Будни свинопаса», «Resistance Chat», «плодотворные дебютные идеи»;
  • Instagram старонкі «Borisov Town», «stylski_dd», «v.pashtouki», «znivien_2020»;
  • Сайт і сацсеткі Дзмітрыя Балкунца;
  • Манаграфія Віктара Суворава, кнігі «День "М". Когда началась Вторая Мировая война? Нефантастическая повесть-документ», «Ледокол. Кто начал Вторую Мировую войну? Нефантастическая повесть-документ»;
  • Старонкі ў «Аднакласніках» «Денис Соколовский», «Аляксей Субатовiч», «Наш Дом», «Ольга Карач»;
  • TikTok-старонкі «chats.97», «Belgirl», «Крысцiна Чабор», «BeLaRuS», «Bumerang2020», «lukavyenovosti».

18 красавіка

У Мінску затрымалі хлопца за ўдзел у пратэстах 2020 года

Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што затрыманы «стаяў на барыкадах» каля гандлёвага цэнтру «Рыга» ў Мінску.

Палітзняволены Вячаслаў Лазараў у калоніі захварэў на пнеўманію. Яго змясцілі ў ШІЗА 

Пра гэта паведаміў праваабаронца Павел Левінаў, піша "БАЖ":

«Вячаслаў ляжаў у лякарні, цяпер хвароба адступіла, ён пачуваецца лепей, настрой у яго бадзёры. Аднак ёсць і не такія добрыя навіны: верагодна, што з 11 красавіка яго накіравалі ў штрафны ізалятар. За якія правіны і на які тэрмін, невядома».

Нагадаем, палітзняволеным сужэнцам Таццяне Пыцько і Вячаславу Лазараву прысудзілі да 3 і 5,5 гадоў зняволення адпаведна.

У выніку апеляцыі Вярхоўны суд прызначыў Таццяне той жа тэрмін, але з адтэрміноўкай выканання пакарання на тры гады. Вячаславу зменшылі тэрмін на паўгады. Цяпер ён адбывае тэрмін у папраўчай калоніі № 15.

Сілавікі затрымалі жыхара Брэста 

Паводле звестак "Вясна Брэст", гаворка пра Дзмітрыя Постнікава.

На «пакаяльным відэа» мужчына расказвае, што пратэстуючыя «выкарыстоўвалі брук, ламалі лаўкі, будавалі барыкады». Сілавікі суправадзілі гэта кадрамі акцыі пратэсту, якая праходзіла 10 жніўня 2020 года ў Брэсце.

Крыніца: Затрыманні за пратэсты 2020 года і падпіскі: хроніка пераследу 18-19 красавіка