19.04.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, праваабаронцы У Бруселі адбылася сустрэча дэлегацыі па сувязях з Беларуссю Еўрапейскага парламента. У якасці спікераў з Беларусі на сустрэчы выступілі праваабаронца і былы палітвязень Леанід Судаленка, галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна і каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", муж палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк Андрэй Шарэнда.
- Леанід Судаленка ў Еўрапарламенце. Фота: фэйсбук Леаніда
Праваабаронца, былы палітвязень Леанід Судаленка распавёў пра асабісты досвед і катаванні, праз якія давялося прайсці ў зняволенні:
"Я Леанід Судаленка, беларускі праваабаронца, за мірную дзейнасць па абароне ахвяр рэпрэсій 2020 года кінуты на тры гады ў турму. Вызваліўшыся пасля заканчэння тэрміну, быў вымушаны праз рэпрэсіі, якія працягваюцца, пакінуць Беларусь. Следам рэжым Лукашэнкі выставіў новыя абвінавачванні, пагражаючы завочным судом адправіць у турму ўжо на сем гадоў, абвінаваціўшы ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці", а фактычна за тое, што не маўчу, распавядаю пра катаванні, пра нечалавечыя ўмовы, у якіх знаходзяцца тысячы беларускіх палітвязняў.
Пасля выхаду з турмы пачуццё адчаю і безнадзейнасці не пакідаюць мяне ні на адзін дзень. Чарговая смерць беларускага палітвязня за турэмнымі кратамі толькі ўзмацняе гэтыя пачуцці і мяне зноў ахоплівае бездапаможнасць. Зноў усплываюць думкі пра катаванні, пра нечалавечыя ўмовы, у якіх утрымліваюць палітычных.
Інтэлектуальна там кожны задумваецца пра сэнс жыцця, пераасэнсоўвае яго і, магчыма, не раз з ім развітваецца. Маральна там удвая цяжка, таму што разуменне прававога хаосу не адпускае ні на хвіліну – палітычныя за кратамі без злачынства, толькі за тое, што нязгодныя, за тое, што патрабуюць пераменаў!
Стрэс і пастаяннае агрэсіўнае асяроддзе павольна адымаюць здароўе. Асабліва ў штрафных ізалятарах, дзе катуюць холадам, дзе адбіраюць споднюю бялізну, не даюць матрацы і пасцельную бялізну, дзе дрэннае харчаванне, недахоп вітамінаў і шпацыроў. Дзе палітычных месяцамі і нават гадамі трымаюць у адзіночных камерах без сувязі са знешнім светам, дзе поўная адсутнасць медыцынскай дыягностыкі здароўя, дзе няма сувязі са знешнім светам.
А ў перапынках паміж ізалятарамі палітычных сілком адпраўляюць на брудную і шкодную працу ў халодныя прамысловыя цэхі. Улічваючы вялікую працягласць гэтых выпрабаванняў, нешматлікія выжывуць без шкоды для свайго здароўя. І мае думкі сёння пра 60-гадовага беларускага паплечніка па праваабароне Алеся Бяляцкага, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, кінутага ў турму на 10 гадоў. Яго трымаюць у халоднай адзіночнай камеры, адкуль прыходзяць навіны аб прыкметным пагаршэнні яго здароўя. І я не знаходжу адказ на пытанне, што мы будзем рабіць, калі ў адзін з дзён даведаемся, што яго здароўе не вытрымала катаванняў…Мае думкі сёння пра тысячы іншых палітвязняў, пра праваабаронцаў, пра журналістаў, прафсаюзных лідараў і палітыкаў, пра проста неабыякавых беларусаў, што выжываюць у турмах без злачынстваў. Мае пачуцці — пачуцці выжылага сведкі, гэта тое, што турбуе і не пакідае мяне ў спакоі сёння", — сказаў праваабаронца.
Леанід Судаленка таксама распавёў, што ў віцебскай калоніі № 3, дзе ён адбываў пакаранне, з 1 000 зняволеных — 300 былі палітвязнямі, гэта значыць практычна траціна. Вязні сумлення вымушаныя хадзіць са спецыяльнымі жоўтымі біркамі і ўмовы ўтрымання для палітвязняў непараўнальна больш жорсткія, чым у астатняга кантынгенту.
Па словах праваабаронцы, неабходна неадкладна ратаваць людзей, паколькі выжыць у турме сёння вельмі складана.
"Лукашэнку неабходна паставіць жорсткі ўльтыматум і запатрабаваць вызваліць палітвязняў, інакш смерцяў у турмах будзе больш", — упэўнены Судаленка.
Крыніца: Леанід Судаленка – у Еўрапарламенце: "Неабходна неадкладна ратаваць людзей"