22.04.2024 Тэгі: суды, палітвязні, рэпрэсіі У Шклове 22 сакавіка адбыўся суд па замене Анатолю Латушку рэжыму ўтрымання на турэмны. Суддзя Аляксандр Тараканаў пастанавіў перавесці палітвязня, асуджанага да шасці гадоў калоніі, у турму тэмінам на шэсць месяцаў. Анатоля ўжо этапавалі ў гародзенскую турму № 1.
Анатоль — стрыечны брат палітыка Паўла Латушкі. У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 20 верасня 2022 года Анатолю прысудзілі шэсць гадоў калоніі, Алене Маліноўскай — чатыры гады калоніі, Ліліі Ананян — пяць гадоў "хатняй хіміі". Латушку яшчэ аштрафавалі на 300 базавых велічыняў і пастанавілі кампенсаваць шкоду пацярпелым.
Нагадаем, фігурантаў справы затрымалі 31 студзеня 2022 года за маляванне па трафарэце на паштовых скрынях у пад'ездах герба "Пагоня" і змясцілі пад варту.
Вядома, што пасля затрымання Анатоля моцна збівалі. Падчас суда, які праходзіў у адкрытым рэжыме, былі агучаныя падрабязнасці прымянення фізічнай сілы да яго ў Цэнтральным РУУС. Жонку Анатоля таксама асудзілі праз тры тыдні пасля мужа. Алене прысудзілі два з паволай гады "хатняй хіміі".
Спачатку Латушка адбываў тэрмін у наваполацкай калоніі № 1, але пазней яго перавялі ў шклоўскую калонію № 17. Па ініцыятыве адміністрацыі ўстановы яму вырашылі ўзмацніць пакаранне і перавесці на турэмны рэжым. Па рашэнні суддзі Аляксандра Тараканава палітвязень паўгода будзе адбываць тэрмін у гродзенскай турме № 1.
Апраналі пакет на галаву, было не менш за 50 удараў: сталі вядомыя падрабязнасці збіцця палітвязня Анатоля Латушкі
Падтрымайце Анатоля: Турма № 1, 230023, Гродна, Кірава, 1, Анатоль Віктаравіч Латушка
Крыніца: Палітвязня Анатоля Латушку перавялі на турэмны рэжым у Гродна