23.04.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 23 красавіка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Сілавікі затрымалі мужчыну, які ў жніўні 2020-га атрымаў раненне падчас акцыі
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне мужчыны, які ўдзельнічаў у паслявыбарчай акцыі пратэсту ў Мінску. На "пакаяльным відэа" затрыманы кажа, што ў той дзень атрымаў раненне і быў шпіталізаваны. Па якім артыкуле затрыманы мужчына і дзе цяпер знаходзіцца, невядома.
Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына пазбавілі перадач
Пра гэта напісала ў адмысловым тг-канале ягоная жонка Вольга. Таксама яна адзначыла, што цяпер, каб даслаць вітаміны ў турму ці калонію, неабходна атрымаць спецыяльны дазвол ад лекара медычнай часткі ўстановы. Раней такое правіла распаўсюджвалася толькі на неабходныя лекі.
"Ранейшы сьпіс дазволеных для перасыланьня вітамінаў скасаваны. Цяпер нават вітамін С нельга даслаць вязьню без "рэкамэндацыі мэдыка"", — піша Вольга Івашына.
Нагдаем, у верасні 2022 года Гродзенскі абласны суд прызнаў Івашына вінаватым паводле арт. 365 КК (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) і асудзіў яго да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Летась Дзянісу ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна.
Падтрымайце палітвязня: Следчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Дзянісу Яўгенавічу Івашыну
Крыніца: Затрыманні і ціск на палітвязняў: хроніка рэпрэсій 23 красавіка Дапоўнена