24.04.2024 Тэгі: суды, грамадства, рэпрэсіі 18 красавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў чарговы ўказ "Аб прызначэнні і вызваленні суддзяў". Некаторыя суддзі, якія выносілі палітычна-матываваныя прысуды, пайшлі на павышэнне, а аднаго знялі з пасады за "здзяйсненне правіны". "Вясна" прааналізавала ўказ і распавядае пра рэпрэсіўных суддзяў і іх новыя пасады.
Карсюк — намеснік старшыні суда Кастрычніцкага раёна, а Млечка — суда Фрунзенскага раёна. Змены ў Мінску
Указ Лукашэнкі "Аб прызначэнні і вызваленні суддзяў" закрануў суды Кастрычніцкага і Фрунзенскага раёна Мінску, а таксама Мінскі гарадскі суд.
Так, пасаду намесніка старшыні суда Фрунзенскага раёна заняў Андрэй Млечка. Паводле інфармацыі Вясны, Млечка вынес не менш за 43 палітычна-матываваныя прысуды паводле крымінальных справаў і 85 рашэнняў паводле адміністрацыйных справаў. У тым ліку ён разглядаў "справу ОГСБ", па выніках якой адправіў чатырох палітзняволеных хлопцаў у калонію на вялікія тэрміны.
Раней намесніцай старшыні была Юлія Блізнюк. Цяпер з пасады яе знялі і прызначылі суддзёй. Менавіта Блізнюк вынесла прысуд за надпіс "Не забудзем" на Пушкінскай, судзіла Лявона Халатрана,а таксама адправіла ў калонію бездоманага Аляксандра Кутаса. Агулам Блізнюк разглядзела мінімум 31 палітычную крымінальную справу і 129 адміністрацыйных.
Суддзя Дзмітрый Карсюк пераведзены з суда Цэнтральнага раёна Мінска. Цяпер ён прызначаны намеснікам старшыні суда Кастрычніцкага раёна Мінска. Карсюк — адзін з самых рэпрэсіўных суддзяў краіны. За тры з паловай гады бесперапынных рэспрэсій у Беларусі ён асудзіў амаль 400 чалавек, 80 з якіх — па крымінальных справах. З 313 чалавек, якіх ён асудзіў паводле адміністрацыйных артыкулаў, абсалютная большасць была арыштавана да "сутак".
Карсюк вядомы сваімі прысудамі стрыечнаму брату Паўла Латушкі Анатолю, былому следчаму Ягору Вяршыніну, рэдактарцы беларускай газеты "Новы Час" Аксане Колб іДзмітрыю Сончыку, у якога ў зняволенні здарыўся інфаркт, а пасля — інсульт.
Аляксандр Рудэнка, які раней быў намеснікам старшыні суда Кастрычніцкага раёна Мінска,цяпер прызначаны суддзём Мінскага гарадскога суда. За час сваёй працы на мінулым месцы, Рудэнка паспеў вынесці 22 палітычныя прысуды паводле крымінальных артыкулаў, а таксама 154 рашэнні па адмінстрацыйных справах. Рудэнка асудзіў актывістку руху "Маці-328" Марыну Кісялевіч, якой нядаўна замянілі "хімію" на калонію, а таксама сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Юрыя Савіцкага.
"Вызваліць з пасады за здзяйсненне правіны": змены ў рэгіёнах
Яўгена Ерафеева прызначалі на чарговыя пяць гадоў суддзём суда Жлобінскага раёна. За ўдзел у акцыях пратэсту, якія адбываліся 9 і 10 жніўня 2020 года ў Жлобіне, мясцовых жыхароў пераследуюць да гэтага часу. Ерафееў з 2020 года асудзіў па крымінальных артыкулах, не менш за 30 чалавек, 12 з якіх — да пазбаўлення волі. Ён адправіў у калонію маці непаўнагадовых дзяцей Людмілу Кірыленку і былога супрацоўніка БМЗ Ігара Поварава.
Суддзю Алесю Осіпаву перавялі з суда Цэнтральнага раёна Гомеля ў Гомельскі абласны суд. Па данных праваабаронцаў, мінімум пяць чалавек яна пазбавіла волі паводле крымінальных артыкулаў. Сярод асуджаных Віктар Прусаў і Павел Ларчык.
Старшынёй суда Брагінскага раёна стала суддзя Марыя Гаўрыленка, якая ў снежні 2020 года асудзіла Аляксандра Кулагу да двух гадоў "хіміі" за "абразу Лукашэнкі".
Замест суддзі Сяргея Васілеўскага на пасаду старшыні суда Пухавіцкага раёна прызначана Любоў Сівакова. Раней яна працавала старшынёй суда Крупскага раёна. У сакавіку 2020 года яна асудзіла да аднаго года шасці месяцаў "хатняй хіміі" Сяргея Шынкевіча за "абразу" міліцыянтаў Дубровенскага аддзелу ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама.
А Сяргей Васілеўскі, згодна з указам, стаў суддзём Мінскага абласнога суда. Ён, паводле інфармацыі "Вясны", Васілеўскі асудзіў паводле крымінальных артыкулаў чатырох чалавек, двух з якіх — да пазбаўлення волі.
А суддзю суда Лепельскага раёна Дзмітрыя Васюка ўвогуле знялі з пасады за здзяйсненне правіны, несумяшчальнай са знаходжаннем на дзяржаўнай грамадзянскай службе. Раней ён асудзіў трох беларусаў да "хіміі" за "абразу прадстаўніка ўлады" (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).
Крыніца: Адпраўлялі на "суткі" і ў калоніі: каго з рэпрэсіўных суддзяў Лукашэнка адправіў на павышэнне