26.04.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, экстрэмізм, зборныя матэрыялы Беларускі рэжым па палітычных матывах пераследуе не толькі грамадзян сваёй краіны, пад рэпрэсійны каток трапляюць грамадзяне і грамадзянкі іншых краін. Напэўна, адзін з самых вядомых палітычных справаў супраць замежных грамадзян – кейс Наталлі Хершэ, якую вызвалілі з калоніі пры садзейнічанні Швейцарскай Канфэдэрацыі. У беларускіх месцах няволі застаюцца грамадзяне Украіны, Польшчы, Расійскай Федэрацыі, Латвіі, Казахстана і Узбекістана. Дакладная лічба невядома, але іх падлік ідзе на трэці дзясятак. Іх пераследуюць за ўдзел у акцыях пратэсту, каментары, перадачу інфармацыі незалежным СМІ і сваякам за мяжу. З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне ўзмацніўся ціск і пераслед украінцаў у Беларусі – іх абвінавачваюць у "агентурнай дзейнасці" і "шпіянажы". "Вясна" распавядае, каго з замежных грамадзян пераследуюць у Беларусі па палітычных матывах і па якіх справах.
Украіна
Раней некалькі грамадзян Украіны асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Сярод іх – Міхаіл Феранец, Раман Гузінскі, Ірына Коваль, Кірыл Пятрэнка, Аксана Лакоза. Цяпер пасля адбыцця пакарання іх дэпартуюць у трэція краіны.
Да двух гадоў калоніі за каментары ў "Аднакласніках" пра Лукашэнку асудзілі 69-гадовага ўраджэнца Украіны (мае беларускае грамадзянства) Аляксандра Патапава. Пасля ранення і гібелі ва Украіне ад рук расійскіх вайскоўцаў ягонай дачкі і пляменніцы, ён пакінуў эмацыйныя каментары. У апошнім слове на судзе яму забаранілі выкарыстоўваць украінскія словы.
За "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" да 2,5 гадоў калоніі асудзілі грамадзянку Украіны Кацярыну Бруханаву. Яе абвінавацілі ў тым, што напачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне яна адправіла ў чат-бот рэдакцыі "Зеркала" два відэа з перамяшчэннем расійскай ваеннай тэхнікі пад Мінскам.
Агулам з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне ўзмацніўся ціск на ўкраінцаў у Беларусі. Да гэтага часу на памежных пунктах памежнікі дасканала дапытваюць іх, а некаторых не ўпускаюць у краіну без тлумачэнняў прычын.
Ужо два гады ў Беларусі пераследуюць украінцаў па падазрэннях у супрацоўніцтве з украінскімі спецслужбамі. Дзеянні затрыманых украінцаў кваліфікуюць як "агентурную дзейнасць" (арт. 358-1 КК) і "шпіянаж" (арт. 358 КК). Так, па гэтых артыкулах асудзілі мінімум сем грамадзян Украіны: Сяргея Бойку, Людмілу Ганчарэнку, Міхаіла Сталярчука, Дзмітрый Гудзік, Паўла Купрыенку, Андрэя Шмая, Наталлю Захаранку.
Таксама за агентурную дзейнасць (арт. 358-1 КК) пераследуюць 25-гадовага дыджэя з Украіны Арцёма Макавея, які родам з пасёлка Падгародная Мікалаеўскай вобласці Украіны. Працэс над хлопцам пачнецца 29 красавіка ў Брэсцкім абласным судзе. Справу будзе разглядаць суддзя Мікалай Сянько.
Як піша "Наша Ніва", Макавей жыў у Беларусі з 2009 году, меў тут дазвол на жыхарства. Яго маці расказвала, што ў студзені 2023 году сына выклікалі ў міграцыйную службу і "прапаноўвалі там прайсці паліграф". Мужчына ўтрымліваецца пад вартай у брэсцкім СІЗА.
Таксама пад вартай утрымліваецца фігурант справы аб дыверсіі ў Мачулішчах 26 лютага 2023 года Мікалай Швец з Украіны. Паводле прапагандыстаў, украінскія спецслужбы адправілі яго ў Беларусь, каб здзейсніць "тэракт". Калі адбудзецца суд – невядома.
Восенню 2023 года КДБ заявіў, што ў Беларусі затрымалі шэсць чалавек па абвінавачванні ў "падрыхтоўцы тэрактаў", сярод іх — два ўкраінцы. Украінскага егера Вячаслава Бародзія затрымалі ў Ельскім раёне Беларусі, які мяжуе з Жытомірскай вобласцю Украіны. Прапагандысты сцвярджалі, што ён нібыта прайшоў падрыхтоўку ў навучальным цэнтры Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны і што "з сакавіка гэтага года, акрамя ГУР Мінабароны, ён стаў супрацоўнічаць яшчэ і са Службай бяспекі Украіны". Што яму канкрэтна прад'яўляюць — пакуль невядома. На следчых дзеяннях яго вадзілі на ланцугу. Вячаслаў Бародзій змешчаны ў СІЗА.
Таксама затрыманы Іван Ліхалат. Паведамлялася, што яму інкрымінуюць шпіянаж (арт. 358-1 КК).
Напачатку красавіка 2024 года дзяржканал АНТ выпусціў сюжэт пра затрыманні ў памежных з Украінай раёнах. Паведамляецца пра 10 затрыманых, тры з якіх – грамадзяне Украіны. Гэта бацька і сын Сяргей і Павел Кабарчукі. Паводле версіі тэлеканала, яны нелегальна перайшлі ўкраінска-беларускую мяжу і прынеслі ў Беларусь выбухоўку. Аўтары сюжэту сцвярджаюць, што мужчыны пераходзілі мяжу з цеплавізарамі, правяраючы такім чынам, ці няма каго на іх шляху. У чым іх абвінавачваюць цяпер, працэсуальны статус і месцазнаходжанне ўкраінцаў невядомыя.
Таксама сцвярджаецца, што затрымана грамадзянка Украіны, жыхарка Маларыцкага раёна, Лідзія Грук. Паводле прапагандыстаў, яна са сваім мужам Яўгенам фатаграфавала прымежныя аб'екты ва Украіне. Аўтары роліка сцвярджаюць, што і яе абвінавачваюць у тэрарызме.
Латвійская Рэспубліка
У Мінскім гарадскім судзе ў кастрычніку 2023 года асудзілі 57-гадовую грамадзянку Латвіі Алу Сакаленку. Яе абвінавацілі ў агентурнай дзейнасці паводле арт. 358-1 КК. Справу ў закрытым рэжыме разглядала Анастасія Папко, але вынік суда невядомы.
У прапагандысцкім фільме, дзе паказвалася і затрыманне жанчыны, паведамлялася, што "Сакаленка па заданні латвійскіх спецслужб рыхтавала да вярбоўкі беларускіх вайскоўцаў, збірала даныя, стварала кампраментуючыя сітуацыі, якія потым і служаць падставай для вярбоўкі замежнікамі".
Яна адбывае свой тэрмін у гомельскай жаночай калоніі.
У "спісе экстрэмістаў" таксама адзначаецца, што ў Беларусі быў асуджаны 45-гадовы грамадзянін Латвіі Дзмітрый Сіўко. У 2022 годзе ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля яго асудзілі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады). Мужчыне прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары з узмоцненым наглядам.
Расійская Федэрацыя
Адным з самых гучных справаў пераследу грамадзянкі Расіі быў кейс Сафіі Сапегі, якую затрымалі з Раманам Пратасевічам у выніку пасадкі Ryanair у 2021 годзе. За адміністраванне праекта "Чорнай кнігі Беларусі" яе асудзілі да шасці гадоў калоніі. 7 чэрвеня 2023 г. Сафія была вызвалена па памілаванні.
Па "справе Ціханоўскага" да 16 гадоў калоніі быў асуджаны грамадзянін Расіі Дзмітрый Папоў. Яго абвінавацілі ў мадэрацыі сацыяльных сетак "Краіны для жыцця" і асудзілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. У кастрычніку 2022 г. стала вядома, што палітвязня перавялі на турэмны рэжым. На судзе, які адбываўся наўпрост у СІЗА, яго абараняла адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна. У інтэрв'ю блогу "Максімальна" яна распавяла:
"А насамрэч ён проста адзін раз прынёс паўэрбанк Ціханоўскаму. Чалавек атрымаў 16 гадоў за тое, што прынёс паўэрбанк і сябраваў з аператарам Ціханоўскага. І ўсё".
Таксама па "справе Ціханоўскага" быў асуджаны грамадзянін Расійскай Федэрацыі Андрэй Новікаў. Ён цалкам адбыў тэрмін і 31 кастрычніка 2022 г. выйшаў на волю з бабруйскай ПК № 2. Мужчыну адразу дэпартавалі ў Расію і перадалі ФСБ.
У Мінску да 11 гадоў калоніі асудзілі 20-гадовага расейца Ягора Дуднікава. Хлопец затрымалі за тое, што ён агучваў відэаролікі і аўдыёпаведамленні ў тэлеграм-канале "ОГСБ". Пасля затрымання ён сутыкнуўся з катаваннямі. Летам 2022 года яго перавялі з бабруйскай калоніі на турэмны рэжым.
У ваўкавыскай калоніі ўтрымліваецца асуджаны да дзевяці гадоў калоніі, збіты падчас жнівеньскіх пратэстаў, грамадзянін Расіі Максім Матырка.
Цяпер па"справе падрыхтоўкі дыверсій у Гродне" судзяць грамадзяніна Расіі Аляксея Кулікова. Па версіі КДБ, Аляксей здымаў на фота аб'екты ў Гродне для "ўкраінскіх спецслужб" — ваенкамат Гродна і Гродзенскага раёна, вайсковую частку 41780, нафтабазу раёна Аульс, нафтабазу раёна Дзевятоўка, генконсульства РФ. Кулікову выставілі абвінавачванні паводле ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму) і ч. 2 арт. 126 (акт міжнароднага тэрарызму) Крымінальнага кодэкса.
У 2022 годзе за "шпіянаж" (арт. 358 КК) і "агентурную дзейнасць" (арт. 358-1 КК) асудзілі 59-гадовага Сяргея Ботвіча. Вынік суда праваабаронцам невядомы.
Рэспубліка Польшча
На дадзены момант праваабаронцам вядома пра тры асуджаныя грамадзяне Польшчы па палітычных артыкулах.
Вясной 2023 года ў Гродне за "агентурную дзейнасць" да чатырох гадоў калоніі асудзілі грамадзяніна Польшчы Ежы Жывалеўскага. Яму быў інкрымінаваны арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць). Ежы адбывае тэрмін у віцебскай калоніі № 3.
У Мінску 17 красавіка 2023 года 54-гадовага грамадзіна Польшчы Роберта Тампалу асудзілі да трох гадоў калоніі паводле ч.1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 КК (абраза прадстаўнікоў улады). Тэрмін мужчына адбывае ў наваполацкай калоніі № 1.
Летам 2023 года ў Брэсцкім абласным судзе разглядалі справу Томаша Бярозы, якога абвінавацілі паводле ч.1 арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць) і арт. 358 (шпіянаж). Вынік суда праваабаронцам невядомы.
Рэспубліка Узбекістан
У "спісе экстрэмістаў" значыцца асуджаны паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады) 62-гадовы грамадзянін Рэспублікі Узбекістан Ільдар Таўхітаў. Па стане на жнівень 2023 года было пазначана, што ён адбывае пакаранне.
За ўдзел у акцыях пратэсту ў 2022 годзе асудзілі грамадзяніна Узбекістана Віктара Новіка з жонкай Вольгай. Суд Ленінскага раёна прызнаў іх вінаванымі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Рэспубліка Казахстан
У наваполацкай калоніі № 1 адбывае тэрмін жыхар Петрыкава, які мае грамадзянства Казахстана, Віталь Скударнаў. 11 лютага 2022 года яго асудзілі ў Гомелі паводле арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і 368 КК (Абраза Лукашэнкі). Тэрмін невядомы.