18 траўня ў 14.30 у судзе Маскоўскага раёну Мінска адбудзецца разгляд справы студэнцкага актывіста Крысціяна Шынкевіча супраць БДПУ. Ён скардзіцца на незаконнае адлічэнне з універсітэту.
На Дзень Волі Крысціян Шынкевіч быў брутальна затрыманы на офісе ПЦ “Вясна” падчас інструктажу перад назіраннем за акцыяй. Яго разам з іншымі назіральнікамі даставілі ў РУУС Першамайскага раёну, але потым адпусцілі.
На наступны дзень, 26 сакавіка, яго затрымалі зноў, падчас акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы. Суткі ён правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, а затым яго асудзілі па артыкуле 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і далі штраф памерам 20 базавых велічынь.
Пасля гэтых падзей, 28 сакавіка, актывіст даведаўся, што яго заднім днём адлічылі з універсітэта– на загадзе рэктара стаяла дата 24 сакавіка. Афіцыйная прычына - «невыкананьне абавязкаў навучэнца». Аднак Крысціян упэўнены, што ён адлічаны за грамадскую дзейнасць. Бо напярэдадні Дня волі яго некалькі разоў выклікалі ў дэканат і папярэджвалі, каб ён не пісаў крытычных пастоў пра педуніверсітэт.
Крысціян Шынкевіч лічыць сваё адлічэнне незаконным і збіраецца на судзе даць пацверджанні гэтаму. Так, БДПУ не адзінажды парушыў тэрміны азнаямлення студэнта са сваімі рашэннямі, у тым ліку і з рашэннем аб адлічэнні. Крысціяну не была прадстаўлена магчымасць напісаць тлумачальную запіску. Таксама актывіст сцвярджае, што ў журнале наведвальнасці супраць яго прозвішча дамалёўваліся пропускі.
Усе гэтыя парушэнні вымусілі Крысціяна спачатку накіраваць скаргу на дзеянні рэктара ў Міністэрстве адукацыі. Аднак адтуль прыйшоў адказ, што міністэрства не мае паўнамоцтваў адмяняць рашэнне рэктара. Таму актывіст вырашыў звярнуцца ў суд.
Крыніца: Адлічаны пасля Дня Волі студэнт будзе судзіцца з БДПУ