10.05.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, пераслед, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 9-10 траўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 22 чалавек — цяпер у ім 4056 прозвішчаў
10 траўня МУС зрабіла традыцыйнае пятнічнае абнаўленне "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
Сярод іншых, у спіс дадалі грамадзяніна Расіі Міхаіла Бодаша, кухара Ігара Казубава, бацьку траіх непаўнагадовых дзяцей Віталя Максімчука.
Сілавікі затрымалі вядомую перакладчыцу Вольгу Калацкую
Затрыманне адбылося 7 траўня ў Мінску. Акрамя таго, дома ў яе правялі ператрус.
Вольга Калацкая пераклала на беларускую мову дзясяткі фільмаў, сэрыялаў і кніг, у тым ліку творы Вірджыніі Вулф, Тэнэсі Ўільямса, Уільяма Голдынга, Пола Остэра, Тоні Парсанза, Артура Голдэна, фільмы «Глядыятар», «Шрэк», «Сямейка Смітаў» ды іншыя, піша @radiosvaboda.
У 2021-ым годзе Вольгу асудзілі да 2 гадоў «хатняй хіміі» за тое, што падчас адной з акцый пратэсту яна нібыта ўдарыла прапагандыста Рыгора Азаронка.
Затрыманыя святары Анджэй Юхневіч і Павел Лемех
Клірыкаў затрымалі 8-га траўня пасля сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў Віцебскай дыяцэзіі ў Шуміліна. Падставы затрымання невядомыя.
Анджэй Юхневіч з'яўляецца старшынёй каардынацыйнай групы настаяцеляў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў Беларусі. Гэта касцёльны орган, які займаецца супрацай паміж манаскімі ордэнамі, піша @christianvision.
Крыніца: Затрыманні святароў і перакладчыцы, папаўненне ў "спісе экстрэмістаў": хроніка пераследу 9-10 траўня