15.05.2024 Тэгі: палітвязні, катаванні, рэпрэсіі У межах Тыдня салідарнасці з палітвязнямі Беларусі "Вясна" падрыхтавала шэраг відэа, на якіх былыя палітвязні дзеляцца сваімі гісторыямі пра няякасную і несвоечасовую медычную дапамогу ў месцах зняволення. Былы палітвязень Вадзім Хіжнякоў распавёў пра неаказанне яму дапамогі пры алергіі на цвіль у гродзенскай турме № 1, дзе ў ліпені 2023 года памёр мастак Алесь Пушкін, а таксама пра здзек канваірамі над зняволеным з псіхічным разладам падчас этапу ў сталыпінскім вагоне.
- Вадзім Хіжнякоў
Фельчар паглядзеў і сказаў: "Ну аклямаўся — усё нармальна"
"Магу расказаць гісторыю, якая адбылася асабіста са мной і паставіла мяне перад выбарам паміж жыццём і смерцю. Гісторыя здарылася ў гродзенскай турме: у мяне быў канфлікт з аператыўнікамі і мяне адправілі ў кругасветку. Я мяняў камеры кожныя адзін-два дні. У адно з такіх наваселляў я трапіў у камеру, дзе было ўсё пашкоджана шэрай цвіллю. У мяне на яе алергія, я пра гэта ведаў. Я адразу ім заявіў, што ў мяне алергія, я буду дрэнна сябе адчуваць і не ведаю, што можа быць са мной. Яны праігнаравалі гэты момант, акрамя таго адправілі мяне на верхнюю шконку, там дзе павінны ляжаць "палітычныя", па іх правілах. А там было ўсё пашкоджана цвіллю вакол мяне. Я вось усю ноч і па сутнасці ўвесь дзень ўдыхаў гэтыя мікрачасцінкі цвілі.
На трэцюю ноч мне стала дрэнна, я пайшоў памыцца да ракавіны і ў гэты момант пачаў губляць прытомнасць. Пачаў падаць назад ніцма, яшчэ і з пастамента, з вышыні. І толькі дзякуючы таму, што мяне падхапіў сукамернік, я не разбіў сабе галаву. Сукамернікі пачалі стукаць у дзверы, праз нейкі час прыйшоў дзяжурны фельчар. Ён паглядзеў, сказаў: "Ну аклямаўся — усё нармальна". Так са мной адбывалася яшчэ адзін раз, і тое ж самае: "Аклямаўся — усё нармальна". А на трэці раз адбывалася судовае пасяджэнне, нас туды везлі. І, адпаведна, ім нібыта трэба было мяне везці і вось толькі праз гэтае яны мне ўкалолі нейкі там укол, з іх слоў гарманальны. Ну і я паехаў у суд, там у судзе я сказаў, што мне не аказваюць дапамогу. Мяне пасля гэтага перавялі ў іншую камеру. Што б было са мной далей — невядома, калі б я застаўся ў той камеры."
"Галоўнае, захаваць здароўе". 21 мая — Дзень палітвязняў
"Зашпілілі яму кайданкі за спіну і зацягнулі іх так моцна, каб было балюча яму варушыцца"
Таксама Вадзім распавёў пра гісторыю, якая здарылася з ім падчас этапу ў сталыпінскім вагоне, у якім перавозяць зняволеных у месцы зняволення:
"У аднаго зняволенага на фоне прысуду нейкі шызафрэнічны прыпадак здарыўся. Перастаў пазнаваць усіх, пачаў буяна сябе паводзіць. Так яны што зрабілі?
Звычайна нас везлі як? У кайданках, нягледзячы на краты, кайданкі наперадзе. І вось ты цэлыя суткі ў кайданках і еш, і ў прыбіральню ходзіш. Яны [канваіры] проста не знайшлі нічога больш разумнага, як зашпіліць яго кайданкі за спіну і зацягнуць іх так моцна, каб было балюча яму варушыцца. Я выходзіў у прыбіральню і бачыў, што ён проста ляжыць ніцма, тварам уніз, і ў яго рукі зашпіленыя кайданкамі назад".
"Ім дазволена караць дысцыплінарна, у 99% выпадкаў — без нагоды"
Глядзіце відэа ў Tik-Tok "Вясны".
Крыніца: "Я пачаў губляць прытомнасць", — Вадзім Хіжнякоў пра наступствы алергіі на цвіль у турэмнай камеры