20.05.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 19-20 траўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Сілавікі затрымалі 3D-візуалізатара
Сцвярджаецца, што ён нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, абражаў у каментарах прапагандыста Азаронка, дасылаў інфармацыю ў «Чорную кнігу Беларусі» і прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога».
У якасці доказаў «пратэснай дзейнасці» затрыманага сілавікі паказалі кадры з кнігай «Рэвалюцыя» Віктара Марціновіча, якую знайшлі ў беларуса.
Перакладчыцу Вольгу Калацкую аштрафавалі на 800 рублёў
Калацкую затрымалі напачатку траўня, а дома ў яе прайшоў ператрус. Да суда яна знаходзілася на волі. 17 траўня яе асудзілі паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Суд прызначыў ёй 20 базавых велічыняў (800 рублёў), піша "Радыё Свабода". У 2021-ым годзе Вольгу асудзілі да 2 гадоў «хатняй хіміі» за тое, што падчас адной з акцый пратэсту яна нібыта ўдарыла прапагандыста Азаронка.
Вольга пераклала на беларускую мову дзясяткі фільмаў, серыялаў і кніг, у тым ліку творы Вірджыніі Вулф, Тэнесі Уільямса, Уільяма Голдынга, Пола Остэра, Тоні Парсанза, Артура Голдэна, фільмы «Гладыятар», «Шрэк», «Сямейка Смітаў» ды іншыя.
Адбыліся ператрусы ў кватэрах беларускіх эмігрантаў у Мінску, Магілёве і Гродне
Яны прайшлі 16-17 траўня, піша "Медыязона". Вядома, што родным аднаго з эмігрантаў следчы казаў, што «мае спіс з 200 чалавек», да каго яны пойдуць яшчэ.
Нагадаем, СК распачаў крымінальную справу супраць 104 беларусаў, што выйшлі на акцыі да Дня Волі па ўсім свеце. Паведамлялася, што цяпер праводзяцца следчыя дзеянні, у тым ліку агляды, ператрусы, накладанне арышту на маёмасць і іншыя працэсуальныя мерапрыемствы.
Крыніца: Затрыманні, штраф, ператрусы: хроніка пераследу 19-20 траўня