21.05.2024 Тэгі: акцыі, палітвязні, салідарнасць, дзень палітвязняў У трэцюю гадавіну з дня смерці ў шклоўскай калоніі № 17 палітзняволенага актывіста Вітольда Ашурка беларусы ўсяго свету праводзяць 21 траўня Дзень салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі. У гэтым годзе запланавана болей за 30 розных мерапрыемстваў і акцый у розных краінах свету. Яны пачаліся 19 траўня і будуць праходзіць некалькі дзён. Распавядаем, як беларусы выказваюць салідарнасць з тымі, хто зараз за кратамі і з тымі, хто адтуль болей не вернецца.
19 траўня
У цэнтры Варшавы 19 траўня, ля помніка Каперніку, адкрылася інтэрактыўная выстава пад адкрытым небам пад назвай "Муры". На стылізаванам дроце былі размешчаны фатаграфіі палітвязняў Беларусі.
Да партрэтаў падыходзілі ў тым ліку госці Варшавы, якія разглядалі і фатаграфавалі партрэты.
На мерапрыместве выступілі былыя палітвязні, якія нядаўна з'ехалі з Беларусі. Яны распавялі пра цяжкія ўмовы ў зняволенні і катаванні. У канцы акцыі беларуская мастачка Яна Шостак правяла свой знакаміты перфоманс "Хвіліна крыку".
Рым. Сёння беларуская дыяспара ў Італіі правяла мітынг, прысвечаны Дню палітвязня.
Мітынг быў арганізаваны Народнай амбасадай Беларусі ў Італіі, на ім прысутнічалі прадстаўнікі палітыкі з палітычных партый «Fratelli d’Italia”, “Partito democratico”, “Più Europa”, кандыдатка ў Еўрапарламент Вольга Сурынава, а таксама прадстаўніца Народнай амбасады Юлія Юхно.
Разам з нашымі паплечнікамі мы распавялі гісторыі беларускіх палітвязняў і яшчэ раз нагадалі пра нашую барацьбу.
Беларусы Вялікабрытаніі сабраліся на акцыю салідарнасці з палітвязнямі ў Лондане, у Parliament Square.
20 траўня
Беларусы Бельгіі, насуперак усім пагрозам рэжыму, выйшлі 20 траўня ў самым сэрцы Еўропы на акцыю, каб нагадаць пра лёс нашых палітычных вязняў і выказаць падтрымку тым, хто знаходзіцца за кратамі адно праз прагу лепшай долі для беларускага народу.
Пасля акцыі, ужо традыцыйна, у Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі беларусы Бельгіі напісалі паштоўкі тым палітвязням, якія святкуюць свой дзень народзінаў у траўні, і тым, пра каго няма ніякай інфармацыі ўжо трывалы час.
У акцыі ўзяў удзел і намеснік прадстаўніка ў замежных справах Кабінета, кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі Уладзімір Астапенка.
Турын, Італія.
Сёння ў Турыне адбылося адкрыццё выставы Ксішы Ангелавай, мастачкі, якая распавядае пра палітвязняў мовай мастацтва. Да 24 траўня у Нацыянальнай студэнцкай бібліятэке Турына можна пабачыць амаль 400 партрэтаў беларускіх зняволенных.
У адкрыцці выставы бралі ўдзел прэзідэнт асацыяцыі Fondazione Luigi Firpo Vincenzo Ferrone, адказная за культуру ў адміністрацыі Турына Rosanna Purchia, мастачка Ксіша Ангелава, былая палітзняволенная Ася Булыбенка і прэзідэнтка асацыяцыі «Талака» Юлія Юхно. "Гэта першая выстава Ксішы ў Італіі! Мы вельмі ўсцешаныя тым, як усё прайшло і ўдзячныя ўсім, хто прыйшоў нас падтрымаць!", - паведамляюць арганізатары марапрыемства.
Падрабязную інфармацыю пра ўсе мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі можна паглядзець на сайце prisonersday.info.
Інфармацыя дапаўняецца.