21.05.2024 Тэгі: палітвязні, дзень палітвязняў 21 траўня 2021 года ў шклоўскай калоніі № 17 памёр актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак, якога асудзілі ў закрытым рэжыме да пяці гадоў зняволення. Афіцыйная прычына смерці палітвязня — спыненне сэрца, хоць, паводле сваякоў, да зняволення на здароўе мужчына не скардзіўся. Следчы камітэт заявіў, што смерць палітвязня не мела крымінальнага характару, і да гэтага часу не завёў справу. За гэтыя гады праваабаронцы сабралі сведчанні былых вязняў аб жорсткіх умовах утрымання ў ПК-17 і праблемах з медыцынскай дапамогай. Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка каментуе бядзейнасць дзеючай улады Беларусі па расследванні гібелі Вітольда Ашурка ў турме і іншых палітвязняў.

vitold.jpeg
Вітольд Ашурак. Архіўнае фота

"Каштоўнасць чалавечага жыцця ўжо даўно не ў прыярытэце для цяперашніх уладаў Беларусі. Гэтая лінія была пачатая ў першыя дні паслявыбарчых пратэстаў, калі на мірных пратэстоўцаў абрынулі практычна ўвесь арсенал наяўных у сілавых ведамстваў сродкаў: дайшла справа нават да прымянення агнястрэльнай зброі. Напады на мірных пратэстоўцаў, якія пацягнулі іх гібель, дагэтуль не расследаваныя. Тры гады прайшло з дня гібелі палітвязня Вітольда Ашурка – доказы віны ў яго смерці адміністрацыі калоніі ўладамі паказаны ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання, аднак нават гэта не стала штуршком для арганізацыі сапраўднага эфектыўнага расследавання. Абыякавасць да наступстваў неаказання медыцынскай дапамогі, якую пазней дэманстравалі турэмныя адміністрацыі ў дачыненні да Мікалая Клімовіча, Аляксандра Кулініча, Ігара Ледніка, Алеся Пушкіна, Вадзіма Храсько, – гэта адкладзены вынік прамога заахвочвання бесчалавечнага стаўлення да палітвязняў, вынік беспакаранасці.

Улады адабралі жыцці палітвязняў. Яны ж адбіраюць у іх родных і блізкіх, ва ўсяго народа Беларусі надзею на аднаўленне справядлівасці ў найбліжэйшай будучыні: атмасфера татальнага страху, адсутнасць працэсуальнай падтрымкі і юрыдычнай дапамогі ўнутры краіны закрываюць шлях да пошуку праўды.

Цяпер у беларускіх калоніях і турмах знаходзяцца сотні людзей, якія ў сілу розных прычын (інваліднасць, цяжкія і хранічныя захворванні), якія пагаршаюцца бесчалавечнымі ўмовамі ўтрымання, могуць у любы момант папоўніць спіс беззваротных ахвяр. Мы не ведаем дакладна пра стан палітычных і грамадскіх лідараў, якіх утрымліваюць ва ўмовах поўнай або практычна поўнай ізаляцыі – і гэта яшчэ адзін фактар рызыкі, які патрабуе сваёй ліквідацыі.

Мы, праваабаронцы "Вясны", заклікаем міжнародныя арганізацыі і дэмакратычныя ўрады прыняць эфектыўныя меры для змены сітуацыі. Зло не можа заставацца беспакараным, беспакаранасць спараджае новыя злачынствы", — заяўляе Павел Сапелка.

Праваабаронцы "Вясны" на знак памяці пра Вітольда абвясцілі 21 траўня Днём палітвязняў.

"Сумна, калі чалавек памірае на свабодзе, і невыносна сумна, калі гэта адбываецца ў зьняволеньні, калі чалавек там застаецца сам на сам, і ніхто ні можа ў апошню хвіліну ягонага жыцьця падтрымаць яго і разьвітацца зь ім",казаў пра смерць Вітольда Алесь Бяляцкі.

Сёння прапаноўваем пачытаць архіўныя матэрыялы "Вясны" пра Вітольда:

Блог Алеся Бяляцкага: Сьмерць палітычнага зьняволенага Вітольда Ашурка

Што давяло яго да такога стану? Ён быў зьбіты? Яму не давалі спаць? На яго ціснулі маральна? Там было холадна? Ён галадаў? Адказу на гэтыя пытаньні мы ня маем.

"Героі не паміраюць": 21 траўня — гадавіна са дня смерці Вітольда Ашурка

"Добры дзень, сябры! Я Вітольд Ашурак, мне 49 год. Я каардынатар Руху “За свабоду” у Гродзенскай вобласці, сябра Сойму партыі БНФ. Шмат год удзельнічаю ў рашэнні праблемаў рэгіёна".

"Спыняцца ніхто не збіраецца". Распавядаем, што цяпер з расследаваннем смерці ў калоніі Вітольда Ашурка

Што цяпер з праверкай па факту смерці ў калоніі Вітольда Ашурка, ці ёсць спадзевы на ўзбуджэнне крымінальнай справы і прыцягнення да адказнасці вінаватых, якая практыка па падобных справах у Беларусі — пра гэта распавялі брат Вітольда Андрэй Ашурак і праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка.

"Яго місія ў большым. Яго мэта — нешта дасягнуць і даказаць": вязні шклоўскай калоніі пра Вітольда Ашурка

"Вясна" сабрала ўсе сведчанні былых вязняў ПК № 17 з адкрытых крыніц пра ўмовы ўтрымання і абставіны смерці Вітольда Ашурка.

"Давесці да канца справу Вітольда важна для ўсяго грамадства", — Андрэй Ашурак

"Вясна" паразмаўляла Андрэем Ашуркам пра сведчанні вязняў, якія ўтрымліваліся з Вітольдам у калоніі, а таксама пра расследаванне справы і аднаўленне справядлівасці.

Падкаст "Вясна прыйдзе". На судзе і ў труне. Памяці Вітольда Ашурка – палітвязня, які памёр у калоніі

*У падкасце выкарыстаны запісы з суда над Вітольдам, якія зрабіў Юрась Дзяшук. А таксама музыка: tochka k; Kevin Macleod. 

Крыніца: 21 траўня — трэцяя гадавіна смерці палітзняволенага актывіста Вітольда Ашурка