21.05.2024 Тэгі: палітвязні, ЕС-Беларусь, дзень палітвязняў Напярэдадні Дня салідарнасці з палітвязнямі Беларусі Вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага саюза Жазэп Барэль выступіў з заявай. ЕС у чарговы раз запатрабаваў неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, а таксама заклікаў улады Беларусі забяспечыць доступ да належнага медычнага абслугоўвання без дыскрымінацыі.

belarus-eu-1a0tr.jpg
Ілюстрацыйнае фота "Наша Ніва"

Пасля смерці палітвязня і актывіста Вітольда Ашурка ў турме ў траўні 2021 года прынамсі яшчэ пяць палітвязняў памерлі ў месцах зняволення: Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік і Аляксандр Кулініч. Яны былі рэпрэсаваныя за свае палітычныя погляды і перакананні ды не атрымлівалі належнай медычнай дапамогі. Сёння ў Беларусі па-ранейшаму налічваецца каля 1 400 палітвязняў. Сотні людзей маюць сур'ёзныя праблемы са здароўем, інваліднасць, узрост старэйшы за 60 гадоў і псіхічныя разлады. Яны незаконна ўтрымліваюцца пад вартай, супраць іх ужываюцца катаванні ды жорсткае абыходжанне, уключна з пазбаўленнем неабходнай медычнай дапамогі.

Акрамя гэтага, ЕС адзначыў палітычны пераслед беларусаў і беларусак, што вымушаныя былі пакінуць Беларусь:

"Рэжым усё часцей нападае і на тых, хто збег з краіны. Еўрапейскі Саюз асуджае нядаўнюю хвалю ператрусаў і канфіскацыі маёмасці палітычных актывістаў, якія працягваюць сваю дзейнасць у выгнанні. 104 чалавекі былі дададзеныя ў спіс падазраваных у рамках масавага крымінальнага пераследу ў дачыненні да беларусаў за мяжой".

У дзень палітвязняў ЕС запатрабаваў неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і заклікаў улады Беларусі выконваць міжнародныя абавязальніцтвы ў галіне правоў чалавека, у прыватнасці, забяспечыць доступ да належнага медычнага абслугоўвання без дыскрымінацыі.

"ЕС працягне падтрымліваць усіх тых, хто смела змагаецца за незалежную і дэмакратычную Беларусь", — заявіў Жазэп Барэль.

Крыніца: ЕС выступіў з заявай у Дзень палітвязняў