22.05.2024 Тэгі: грамадства, салідарнасць У дзень смерці палітвязня Вітольда Ашурака ў калоніі 21 траўня абвешчаны Міжнародным днём салідарнасці з палітвязнямі Беларусі. Сёлета, у трэцюю гадавіну смерці Вітольда, тэмай Дня абвешчана права на здароўе ў зняволенні і медычную дапамогу. Сабралі рэакцыі і выказванні беларускіх НДА, грамадска-палітычных дзеячаў і дзяячак і іншых арганізацый і ініцыятываў.
Падтрымка ад еўрапейскай моладзі – гэта падтрымка і ад усёй Еўропы
Моладзевы нацыянальны моладзевы савет "РАДА" з нагоды Дня салідарнасці з палітзняволенымі распавёў, як з дапамогай міжнароднай адвакацыі даносіць інфармацыю пра сітуацыю з палітвязнямі да грамадства Еўропы, прадстаўнікоў моладзі, а таксама Еўрапарламента.
Паводле даных БНМС "РАДЫ", на сёння ў Беларусі 517 маладых палітзняволеных.
Сёлета каманда "РАДЫ" падрыхтавала новую рэзалюцыю для Моладзевага еўрапейскага форума пра маладых палітзняволеных у Беларусі. Як выказалася старшыня "РАДЫ" Марго Ворыхава, падтрымка ад еўрапейскай моладзі – гэта падтрымка і ад усёй Еўропы.
Што "неінклюзіўнага" перажываюць беларускія палітвязні
Недзяржаўная арганізацыя "Іншыя", якая займаецца пытаннямі інклюзіі і гендарнай роўнасці, расказала, што "неінклюзіўнага" перажываюць беларускія палітвязні. "Іншыя" звярнулі ўвагу на медычную дапамогу, стаўленне да палітвязняў з боку адміністрацыі і ўмовы ўтрымання. Так, ані ў СІЗА, ані ў калоніях адсутнічае належная меддапамога, а даступная аказваецца несвоечасова; палітвязні пазначаны жоўтымі біркамі; прымусовае прызнанне віны і падпісанне прашэння аб памілаванні палітвязнямі, а таксама пастаянны псіхалагічны ціск; жахлівыя ўмовы ўтрымання ў СІЗА і калоніях і жорсткія ўмовы працы на прамзоне.
"Палітвязні – наш агульны пякучы боль"
Фонд папулярызацыі беларускай культуры на Падляшшы "Тутака" заклікаў далучацца да акцый салідарнасці па ўсім свеце і падтрымкі беларускіх палітзняволеных.
"Палітвязні – наш агульны пякучы боль. Будзьма памятаць і падтрымліваць іх не толькі ў гэты важны дзень, але штодня, пакуль кожны з іх не будзе вольны".
"Разам нашыя галасы гучней". 35 медыйшчыкаў у няволі
Беларуская асацыяцыя журналістаў нагадала, што на сённяшні дзень у няволі знаходзяцца 35 прадстаўнікоў медыясферы.
"35 нашых калегаў і каляжанак знаходзяцца за кратамі за сваю прафесійную дзейнасць. За тое, што яны годна рабілі сваю працу. За праўду.
Мы не павінны заставацца абыякавымі. Разам нашыя галасы гучней".
"Свабоду адвакатам і ўсім палітвязням!"
Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека заклікае разам з юрыдычнай ініцыятывай defenders.by паўдзельнічаць у кампаніі #скажыадвакатудзякуй і напісаць зняволеным адвакатам падзяку за іх працу і падтрымку.
На сённяшні дзень у Беларусі 1374 палітвязня, сярод якіх шэсць адвакатаў.
"Трэнд дзяржапалітыкі 2024 – спыніць любую дапамогу палітвязням"
Беларускі хельсінскі камітэт у Дзень салідарнасці з палітвзянямі звяртае ўвагу на 254 палітвязня, якія знаходзяцца цяпер у няволі ў асаблівай рызыцы. Сярод іх – 16 чалавек з інваліднасцю, 92 чалавекі ў цяжкім стане здароўя, 63 чалавекі ва ўзросце 60+ , а таксама 10 чалавек з ментальнымі разладамі.
"Мне баліць у сэрцы, калі я думаю пра палітвязняў"
Беларуская нацыянальная лідарка Святлана Ціханоўская далучылася да акцыі салідарнасці з беларусамі і беларускамі Швецыі.
"Мне баліць у сэрцы, калі я думаю пра палітвязняў. Але кожны раз, калі бачу нашу сумесную падтрымку і салідарнасць, я адчуваю цяпло. Гэта сапраўды дае сілы, каб змагацца далей, пакуль усе палітвязні не будуць на волі".
Пра акцыі і сустрэчы салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі па ўсім свеце нагадаў Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскага.
"Маральная падтрымка – лісты і званкі – яны бесцэнныя". Экаактывісты за кратамі
Да дня салідарнасці з палітвязнямі арганізацыя па ахове навакольнага асяроддзя "Экадом" пагутарыла з былымі экаактывістамі, якія апынуліся за кратамі за праяву сваёй грамадзянскай пазіцыі. Яны распавялі пра выклікі і цяжкасці ў турме, а таксама падзяліліся, як лепей падтрымаць людзей у няволі.
"Кажуць, што ты нікому не патрэбны і ўсе цябе забылі", - распавёў блогер Аляксандр Кабанаў, які актыўна выступаў супраць будаўніцтва шкоднага для экалогіі акумулятарнага завода ў Берасці.
Былыя палітзняволеныя заклікалі пісаць лісты вязням.
"Маральная падтрымка – лісты і званкі – яны бесцэнныя".
Як не саромецца маленькіх унёскаў
Праваабарончая арганізацыя Respect-Protect-Fulfill зрабіла падборку ў картках аб тым, як цяпер падтрмліваць палітвязняў ва ўмовах небяспекі і пераследу беларускімі ўладамі за любую праяву салідарнасці. А таксама як не саромецца маленькіх унёскаў.
Крыніца: Дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Рэакцыі НДА і грамадскай супольнасці