22.05.2024 Тэгі: палітвязні, салідарнасць У трэцюю гадавіну з дня смерці ў шклоўскай калоніі № 17 палітзняволенага актывіста Вітольда Ашурка беларусы ўсяго свету правялі 21 траўня Дзень салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі. Гэтая дата паўстала з ініцыятывы праваабаронцаў "Вясны". Сёлета запланавана болей за 30 розных мерапрыемстваў і акцый у розных краінах свету. Яны пачаліся 19 траўня і будуць праходзіць некалькі дзён. Падрабязную інфармацыю пра ўсе мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі можна паглядзець на сайце prisonersday.info
21 траўня
Богаслужэнне за здароўе беларускіх палітзняволеных і іх хутчэйшае вызваленне з няволі прайшло ў адным з храмаў у Ватыкане.
У цэнтры Уроцлава адбылася акцыя салідарнасці ў падтрымку палітзняволеных Беларусі.
Удзельнікі далучыліся да акцыі, каб выказаць сваю салідарнасць з тымі, хто знаходзіцца за кратамі за свае погляды і барацьбу за волю і незалежнасць Беларусі.
У літоўскай Клайпедзе адбылася акцыя салідарнасці, прысвечаная Дню палітвязня.
Мясцовыя беларусы зладзілі роварную паездку па вуліцах горада.
21 траўня, у Дзень палітвязня ў цэнтры Кіева, на Храшчаціку, сабраліся беларусы, каб напісаць лісты і паштоўкі, якія праз Польшчу даедуць да Беларусі і будуць адпраўленыя Белпоштай.
“На жаль, толькі за сённяшні дзень афіцыйны лік палітычных вязняў узрос на 19 чалавек. Але, якім бы ні быў ціск, наша салідарнасць будзе толькі ўзрастаць, набліжаючы момант свабоды і справядлівасці!”, - кажуць арганізатары.
Дзень салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі: акцыі ў іх падтрымку праходзяць па ўсім свеце
Інфармацыя дапаўняецца.