22.05.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У Мінскім гарадскім судзе 20 траўня распачаўся суд над 38-гадовым аператарам АНТ Антонам Казельскім. Яго абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да санкцыяў і іншых дзеянняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бяспецы), а таксама ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы). На воліАнтона чакаюць жонка і чацвёра дзяцей. Былы сукамернік палітвязня, з якім яны разам адбывалі разам адміністрацыйны арышт на Акрэсціна, распавёў "Вясне" падрабязнасці затрымання Антона.
Былы арыштант Акрэсціна Сяргей (імя зменена ў мэтах бяспекі) некаторы час у адной камеры знаходзіўся разам з Антонам Казельскім, якога затрымалі ў кастрычніку 2023 года. Паводле Сяргея, аператара АНТ затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу наўпрост на працоўным месцы. Вядома, што на момант затрымання жонка палітвязня была цяжарная і неўзабаве нарадзіла чацвёртае дзіця.
Са словаў сукамернікаў, мужчына прапрацаваў на тэлевізіі паўтара года, а потым у яго знайшлі каментары за 2020 год, у якіх ён нібыта заклікаў выходзіць людзей на пратэст.
"З таго, што Антон распавядаў: яго ўзялі за каментары з заклікамі выходзіць на вуліцу. Хоць сам ён нікуды не хадзіў, за што з яго асобна смяяліся сілавікі, маўляў, "канапавы герой".
Прыехаў на працу, здаецца, па званку калегі або непасрэднага начальніка. З апаратурай (відэакамеры, штатывы — такое). Каля офісу яго сустрэў той, хто тэлефанаваў, нічога не патлумачыўшы паклікаў за сабой і сказаў: "Тэхніку таксама вазьмі". Відаць было, што чалавек баіцца і засмучаны тым, што патэлефанаваў, сустрэў і выпраўляе. Прывялі ў адзін з кабінетаў у "офісе". Далей допыт, "пакажы тэлефон" і іншая класіка. Па прыездзе ў РУУС забралі тэхніку і склалі "на захоўванне". Туды — на захоўванне — патрапілі і асабістыя "складаныя тэхнічныя прылады", што менавіта не памятаю, магчыма асабісты фотаапарат і ноўтбук. Антон быў засмучаны тым, што чалавек, які выклікаў яго, сказаў узяць апаратуру з машыны з сабой у "офіс". АНТшнае абсталяванне, што было пры ім, засталося ў РУУС", — распавядае сукамернік палітвязня.
Сяргей узгадвае, што Антон спрабаваў зрабіць прыемнае сваёй жонцы нават з-за кратаў: "зляпіў ёй кветку з хлеба і спрабаваў яго перадаць на волю".
Пасля адміністрацыйнага арышту Антона перазатрымалі ў межах крымінальнай справы. Цяпер яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў: ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да санкцыяў і іншых дзеянняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бяспецы), а таксама ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы). Суд над ім распачаўся 20 траўня ў Мінскім гарадскім судзе. Справу разглядае суддзя Святлана Макарэвіч.
Падтрымайце Антона грашовымі пераводамі і пасылкамі:
СІЗА-1. 223016, Навадворскі сельсавет, 143/4, в. Пашковічы, Мінскі раён, Мінская вобласць
Антон Уладзіміравіч Казельскі
Крыніца: Затрымалі на працоўным месцы: што вядома пра палітзняволенага аператара АНТ Антона Казельскага