23.05.2024 Тэгі: палітвязні, палітыка, праваабаронцы Асобы: Наталля Сацункевіч 22 траўня ў Сейме Літвы прайшло мерапрыемства, прысвечанае 70-годдзю заснавання службы "Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода Беларусь". Тэма арганізаванай дыскусіі — "Умацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці. Як эфектыўна супрацьстаяць прапагандзе Лукашэнка і Пуціна". У дыскусіі прынялі ўдзел літоўскія палітыкі, прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай апазіцыі, прадстаўнікі незалежных СМІ, а таксама праваабаронцы. Сярод іх — прадстаўніца ПЦ "Вясна" Наталля Сацункевіч.
Таксама падчас мерапрыемства быў прэзентаваны новы падкаст "Радыё Свабоды", які называецца "Архіпелаг Белаг". У ім расказваецца аб тым, як Беларусь ператвараецца ў турэмную дзяржаву.
"Я прымала ўдзел у запісу гэтага падкасту як экспертка, — кажа Наталля Сацункевіч, — і паспрабавала даць парады, як супрацьстаяць таму, што адбываецца з чалавекам, калі ён сутыкаецца з рэпрэсіямі, фактычна з парушэннямі сваіх правоў, на ўсіх этапах, пачынаючы ад затрымання, вобшука, потым допыты, СІЗА ці ІЧУ, потым суд, калонія. Канешне, досыць складана даваць парады, асабліва з улікам таго, што ўсім хочацца простых парадаў, што рабіць: рабі гэта і гэта — і тады ўсё будзе добра, а гэтага і гэтага не рабі — і тады дрэнна не будзе. І мне самой хацелася б ведаць такія парады і даваць іх, але праблема ў тым, што іх не існуе, і кожная сітуацыя досыць індывідуальная. Аўтарка падкаста Ганна Соўсь кажа, што ён ствараўся і запісваўся цягам сямі месяцаў. І канешне, гледзячы як мяняецца сітуацыя ў Беларусі, відавочна, што тыя парады ці тое, што мы абмяркоўвалі сем месяцаў таму, ужо зараз можа не так актуальна, а дзесьці і зусім не актуальна, а можа нават і стала небяспечным для чалавека. Канешне, я старалася даць як мага больш універсальныя парады, але важна мець гэтае дапушчэнне пра час".
На канферэнцыі выступала Вольга Гарбунова, прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета па сацыяльных пытаннях.
"Вольга таксама ўдзельнічала ў запісу падкаста, і яна там агучвала імёны тых палітвязняў, якія загінулі падчас зняволення ў турме, — узгадвае Наталля Сацункевіч. — І яна распавядала, што ім давялося чатыры разы перазапісваць гэты спіс. Таму што людзі паміраюць у беларускай турме, і на пачатку гэтага года было некалькі выпадкаў з прамежкаў каля месяца, і вось яны чатыры перазапісвалі. Гэта жудасна гучыць, і гэта вельмі добра адлюстроўвае, што адбываецца".
Падчас канцерэнцыі шмат абмяркоўвалі важнасць незалежных медыя і іх голаса.
"Нашы партнеры і сябры, журналісты з "Радыё Свабоды" шмат дзякавалі Літоўскай дзяржаве, таму што пасля таго, як у ліпені 2021 года адбыліся ператрусы ў офісе "Радыё Свабоды" у Беларусі, яны больш не маглі адносна бяспечна ажыццяўляць сваю працу знутры Беларусі, рэдакцыя пераехала ва Украіну, а потым пасля пачатку поўнамасштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, пераехалі ў Вільнюс. І ў лютым 2022 года адчыніўся офіс у Вільнюсе. Такая беларуская служба ў выгнанні, я б сказала. І журналісты "Радыё Свабоды" працягваюць сваю працу для Беларусі з Літвы. Гэта, канешне, зусім не ўнікальная сітуацыя для беларускіх медыя і беларускіх праваабаронцаў, але гэта магчымасць працаваць і ўсё ж такі рабіць свой ўнёсак у сітуацыю", — кажа праваабаронца.
Таксама на канферэнцыі выступаў былы палітзняволены і журналіст "Радыё Свабода" Алег Груздзіловіч, які распавёў, з якімі выпрабаваннямі ён сутыкнуўся падчас свайго зняволення.
"Асабліва ён заасяродзіўся на адсутнасці якасці і адсутнасці агулам медычнага абслугоўвання і дапамогі. А гэта тое, што стала тэмай Дня палітвязня, які беларускае грамадства адзначала 21 траўня ў трэцюю гадавіну смерці палітвязня Вітольда Ашурка. І Алег Груздзіловіч сказаў, што з тых людзей, якія памёрлі за кратамі, ён асабіста ведаў траіх з іх. А з мастаком Алесем Пушкіным яны шмат гадоў сябравалі і ведалі адзін аднаго. Таксама Алег распавядаў, што ў прынцыпе смерць у калоніі — гэта не такая рэдкая з'ява. Ён некалькі разоў трапляў у бальнічны ізалятар, і там таксама вязні паміралі", — гаворыць Наталля Сацункевіч.
Падчас канферэнцыі ўзгадвалі шмат выпадкаў людзей досыць сталага ўзросту, якім прысуджаны вялікія тэрміны. Напрыклад, нядаўняя навіна аб тым, што пенсіянеру з Ляхавічаў, 68-гадоваму Барысу Вітко прысудзілі сем гадоў і тры месяцы калоніі, а таксама штраф у суме 12 тысяч беларускіх рублёў.
"І такіх выпадкаў не мала. І выглядае так, што гэтых людзей гэты прысуд у сем гадоў — гэта не прысуд у сем гадоў, гэта смяротны, пажыццёвы прысуд. Вельмі страшна казаць гэта, але ў такіх выпадках людзі праўда могуць не дажыць", — дзеліцца праваабаронца.
Падчас канферэнцыі Ганна Соўсь, якая выступала мадэратаркай дыскусіі, задала Наталлі Сацункевіч пытанне, ці дастаткова заяў беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый ці сімвалічных хросных, якія існуюць для палітзняволеных.
"Маё меркаванне ў тым, што заяваў і дэкларацый недастаткова, — адказала праваабаронца. — І відавочна, што пакуль на сённяшні дзень беларускія палітвязні знаходзяцца ў турмах, значыць усе высілкі, якія прадпрымаюцца, і з улікам заяваў беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый, то гэтага недастаткова для вызвалення людзей. Але я не магу сабе ўявіць свет без гэтых заяў і дэкларацый. Вось 21 траўня быў Дзень палітвязня. І я прачнулася і бачу ў навінах: Еўрапейская камісія прыняла заяву аб тым, што беларускія палітвязні павінны быць вызваленыя і рэпрэсіі павінны быць спыненыя. Беларускія медыя пішуць на гэтую тэму, праваабарончыя арганізацыі, ладзіцца шмат мерапрыемстваў, кінапрагляды, акцыі ў розных фарматах і розных кутках свету. Вы можаце паглядзець на сайце "Вясны" інтэрактыўную мапу свету, дзе адзначаныя, у якіх гарадах і дзе праходзілі акцыі салідарнасці і прыцягнення ўвагі да беларускіх палітвязняў. Я не магу ўявіць сабе свет без амбасадаў і дыпламатаў, якія, будучы ў Беларусі і не ў Беларусі, прыцягваюць увагу да пытання палітвязняў, якія перадаюць лісты і словы падтрымкі сем'ям і самім палітвязням, якія спрабуюць трапіць на судовыя паседжанні, хоць іх не пускаюць нават у будынак суда ў Беларусі. Падаецца, што гэта як бы мала і не мае такога хуткага выніку, але я не магу ўявіць свет без гэтага. Калі зайсці ў ленту Фэйсбука і не пабачыць ніводнага сімвала салідарнасці з Беларуссю і з беларускімі палітвязнямі ці Украіны — гэта быў бы тады дзіўны свет. І канешне мне складана ўявіць дэмакратычны свет без гэтай канферэнцыі ў Сейме Літоўскай Рэспублікі. Бо гэта вельмі сімвалічна, што наша краіна-суседка Літва вельмі шмат падтрымлівае як на словах — вось гэтай канферэнцыяй — так і справамі: шмат беларускіх актывістаў, медыя, праваабарончых арганізацый, ініцыятыў і палітзняволеных знайшлі часовы прытулак у Літве. І калі мы вяртаемся да пытання сімвалічных хросных — ініцыятывы, якую ладзіць нашыя партнеры, праваабарончая арганізацыя Libereco, і ў Літоўскім Парламенце досыць шмат палітыкаў, якія з'яўляюцца сімвалічнымі хроснымі для беларускіх палітвязняў".
Праваабарончы цэнтр "Вясна" віншуе "Радыё Свабоду" з гадавінай і зычыць усяго добрага! А таксама дзякуе за працу па асвятленню парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.