23.05.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя У судзе Ленінскага раёну Мінска дзявятага красавіка асудзілі Дзіяну Арлову паводле ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Марына Клімчук прызначыла Дзіяне тры гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі") і штраф 200 базавых велічыняў (8000 рублёў).
Жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна ў некалькіх тэлеграм-чатах і каналах у кастрычніку і лістападзе 2020 года пакінула пад фотаздымкам і відэа з Лукашэнкам каментары, якія суд палічыў абразлівымі. Паводле судовай пастановы, відэа, пад якім Дзіяна пакінула каментар, было апублікавана ў тэлеграм-канале "Мая краіна Беларусь" прыкладна а 19:37 11 лістапада 2020 года. Акурат у гэты дзень сілавікі ўварваліся ў кватэру да актывісткі Ніны Багінскай і затрымалі яе. Мы знайшлі меркаванае відэа, у якім падчас адной з нарадаў Лукашэнка загадвае не затрымліваць актывітску:
"Вы глядзіце толькі Ніну Багінскую не забірайце з плошчаў".
Таксама Дзіяна пакінула каментар пад публікацыяй з асабістымі данымі тагачаснага начальніка ГУБАЗіК Мікалая Карпянкова. Ён асбаіста збіваў пратэстоўцаў, а на адной з пратэсных акцый у Мінску 6 верасня 2020 года разбіў дручком шкляныя дзверы ў кавярні.
- Мікалай Карпянкоў у акцыі пратэсту ў Мінску 6 верасня 2020 года. Фота: Наталлля Фядосенка / ТАСС / Scanpix / LETA
Мінчанка пракаментавала 15 лістапада 2020 года публікацыю з асабістымі данымі і фотаздымкам начальніка ІЧУ на Акрэсціна Ігара Кенюха. А таксама ў бок старшыні Бараўлянскага сельскага выканкама, старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, тагачаснага міністра МЗС Уладзіміра Макея, старшыні КДБ Івана Церцеля і іншых прадстаўнікоў улады.
Агулам у судовай пастанове 21 эпізод. Жанчына цалкам прызнала віну.
"Размяшчала каментары, бо знаходзілася пад уражаннем да прачытанага ў публікацыях", – паведаміла на судзе жанчына.
Асобы, у бок якіх былі пакінутыя каментары заяілі грамадзянскія пазовы памерам па 2000 рублёў, якія ўсе Арлова прызнала ў поўным аб’ёме. Да суда яна знаходзілася пад асабістым паручальніцтвам.
Дзіяна Арлова мае сярэднюю адукацыю і працуе майстрам па педыкюру.
Крыніца: Мінчанку асудзілі на 3,5 гады "хатняй хіміі" за 21 каментар у бок Лукашэнкі і сілавікоў