24.05.2024 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі, экстрэмізм У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 24 траўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Супраць светлагорскай праваабаронцы Алены Маслюковай распачалі спецвытворчасць - яе збіраюцца судзіць завочна
Ёй інкрымінаваныя ч. 1, ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Яе запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне следчага камітэту па Гомельскай вобласці.
Беларусам за мяжой пішуць у прыват з крымінальнага вышуку
Салігарчанка Карына Пацёмкіна паведаміла ў Фэйсбуку, што ёй напісаў следчы крымінальнага вышуку Салігорскага РАУС. Нібы супраць жанчыны завялі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). Яе просяць даслаць актуальны адрас за мяжой і свой фотаздымак.
У Аляксандра Корнышава зноў правялі ператрус і распытвалі пра "Витебский курьер news"
Рэдактар інтэрнэт-выдання Аляксандр Корнышаў з лістапада 2020 года жыве ў замежжы.
Як паведаміў БАЖ, 23 траўня сілавікі прыйшлі з ператрусам па месцы яго рэгістрацыі ў Віцебску — у кватэру бацькоў, дзе даўно няма ніякай маёмасці журналіста.
"Сказалі, што будуць шукаць у кватэры «экстрэмісцкую інфармацыйную прадукцыю», але нічога не знайшлі. Распытвалі, якая ў мяне ёсць маёмасць".
Мінчука арыштавалі за БЧБ-фіранкі па скарзе "неабыякавага грамадзяніна"
Згодна з пастановай суда, апублікаванай на сайце pravo.by, у судзе Першамайскага раёна Мінска 26 красавіка разглядзелі справу Вячаслава С. паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Яго абвінавацілі ў пікетаванні бел-чырвона-белымі фіранкамі на акне кватэры. Суд прызначыў яму 3-сутачны арышт.
Вячаслаў абскардзіў пастанову суда, адзначыўшы, што доказы яго віны адсутнічаюць. Таксама на судзе даў паказанні сведка, які патлумачыў, што "расфарбоўка фіранак не ўтрымлівае чырвоных і белых колераў". Акрамя гэтага, паводле матэрыялаў справы, праверка "правапарушэння" пачалася пасля скаргі невядомага чалавека ў міліцыю.
У выніку скаргу Вячаслава пакінулі без задавальнення, а рашэнне суда — без зменаў.
У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 42 чалавекі — цяпер у ім 4100 прозвішчаў
24 траўня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
Сярод іншых, у спіс дадалі трыятланістку Валянціну Зелянкевіч, аўтарку лозунгу "Стоп таракан" Людмілу Барэйку, асуджанага за "здраду дзяржаве" Ягора Краўчэню, палітвязня Ігара Чарнавусава, якога асудзілі за стварэнне чату і падтрымку Украіны.
Крыніца: Супраць праваабаронцы Алены Маслюковай распачалі спецвытворчасць: хроніка пераследу 24 траўня