26.05.2024 Тэгі: грамадства, праваабаронцы, правы чалавека Асобы: Наталля Сацункевіч Конференцыя "Глабальны стан правоў чалавека" прайшла 24 і 25 мая ў Венецыі. На ёй выступіла і прадстаўніца Праваабарончага цэнтра "Вясна" Наталля Сацункевіч.

sacunkevich_venecyja.jpg
Наталля Сацункевіч на канферэнцыі ў Венецыі

Панэль, на якой выступала праваабаронца, называлася "Абараняем правы чалавека ў часы вайны і канфлікту".

"На жаль, на панэлі не былі прадстаўлены праваабаронцы з Расіі і Украіны, таму той погляд на вайну ва Украіне, які змагла расказаць я, канешне, з'яўляецца поглядам з беларускай боку беларускіх праваабаронцаў, — падзялілася Наталля Сацункевіч. — Спачатку я расказала пра пяцёх калег з "Вясны", якія знаходзяцца ў турме за сваю праваабарончую працу. І расказала пра выклікі, з якімі сутыкнулася беларускае грамадзянскае грамадства і праваабаронцы пасля пачатку вайны, таму што Беларусь — краіна-саагрэсар, беларускі рэжым падтрымлівае Пуціна, беларускія землі выкарыстоўваюцца расійскай арміяй, расійскія салдаты лечацца ў беларускіх шпіталях беларускімі дактарамі. Але рэжым — гэта не людзі, і мы ў сваёй працы паказваем, што беларускае грамадзянскае грамадства і праваабаронцы падтрымліваюць Украіну ў яе барацьбе, пачынаючы ад заяў (у першы ж дзень пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання "Вясна" выступіла з заявай, асуджаючы агрэсію і вайну), так і канкрэтнымі справамі.

Таксама мне было важна даць аўдыторыі (а яна была вельмі розная) разуменне кантэксту, што адбываецца ў Беларусі, якая сітуацыя з правамі чалавека і палітычны крызіс, таму што сітуацыя драматычна дрэнная, і любая спроба скарыстацца сваімі правамі, такімі як свабода выказвання меркаванняў або свабода мірных сходаў, вядзе да арышту, штрафу ці нават крымінальнай справы. Не дазваляюцца ніякія крытычныя каментары ў адрас уладаў або Лукашэнкі, і міліцыя дагэтуль шукае і затрымлівае людзей, якія прымалі ўдзел у пратэстах у 2020 годзе".

Таксама праваабаронца ў сваім выступленні на канферэнцыі расказала, якое ўздзеянне вайна мае на Беларусь.

"З майго пункту гледжання, гэта тры вялікія пункты, — кажа Наталля Сацункевіч. — Першае — яна была самым вялікім трыгерам для публічных пратэстаў пасля восені 2020 года: мы бачылі, як у лютым 2022 на вуліцы гарадоў Беларусі выйшлі тысячы людзей, і больш за тысячу з іх было затрымана ў тыя дні.

Другое — гэта ўзмацненне гвалту з боку праваахоўных органаў: яны сталі больш жорсткімі, паказальна жорсткімі, і я прывяла ў прыклад вядомы кейс рэйльсавых партызан, якім простралілі калені і паказалі гэта на дзяржаўным тэлебачанні, і прапаганда гэта шырока выкарыстоўвала як сродак запалохвання (чалавеку, які не супраціўляўся, простралілі каленні суставы пасля затрымання).

І трэцяе — рэпрэсіі не заканчваюцца, парушэнні правоў чалавека становяцца шырэйшымі, і акрамя крытыкі рэжыму Лукашэнкі дадаецца і падтрымка Украіны — такое меркаванне ў Беларусі таксама нельга выказваць беспакарана. Я прывяла лічбы пра тое, што 12 чалавек абвінавачаны ў "рэйльсавым сабатажы" і атрымалі амаль 200 гадоў турмы за гэта; больш за 1500 чалавек было затрымана за антываенную пазіцыю. І я таксама расказала пра тое, што беларусы актыўна выказваюць сваю антываенную пазіцыю і праводзяць маршы, пікеты, руйнуюць інфраструктуру на чыгунках, каб запаволіць рух расійскай ваеннай тэхнікі, і дапамагаюць у інфармацыйнай вайне, і таксама беларускія добраахвотнікі змагаюцца на баку Украіны".

У сваім рэзюмэ Наталля Сацункевіч расказала, што праваабаронцы і грамадства павінны рабіць, што могуць рабіць і што мы робім:

"Першае самае важнае — гэта ўсё ж такі акуратна збіраць і захоўваць інфармацыю пра парушэнні правоў чалавека, дакументаваць выпадкі прымянення катаванняў і забароненага абыходжання.

Другое — гэта дапамагаць людзям-ахвярам парушэння правоў чалавека, падтрымліваць іх і іх сем'і.

І трэцяе — гэта гучна казаць, адвакатаваць і прасоўваць сітуацыю: казаць пра тое, што ваенныя злачынцы і парушальнікі правоў чалавека павінны быць пакараныя, а людзі, чые правы былі парушаны, павінны быць у іх адноўлены, і яны павінны атрымаць справядлівую кампенсацыю".

  

Крыніца: "Рэжым — гэта не людзі". У Венецыі прайшла канферэнцыя аб стане правоў чалавека