28.05.2024 Тэгі: звароты, грамадства, палітвязні, умовы ўтрымання, права на здароўе Спецдакладчыкі ААН звярнуліся з лістом да беларускай дзяржавы па сітуацыі з пагаршэннем здароўя палітвязня Паўла Кучынскага, пра якую ім паведамілі юрысты "Вясны".
У сваім запыце прадстаўнік працоўнай групы па адвольных затрыманнях Мэцью Джылет, Спецыяльная дакладчыца па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марын, Спецыяльная дакладчыца па пытанні аб праве кожнага чалавека на найвышэйшы дасягальны ўзровень фізічнага і псіхічнага здароўя Тланенг Мофокенг, Спецыяльная дакладчыца па пытанні аб правах людзей з інваліднасцю Хеба Хаграс звяртаюць увагу ўрада на атрыманую інфармацыю аб стане здароўя палітвязня.
Спецдакладчыкі выказалі занепакоенасць у сувязі з меркаванай адмовай у належнай медычнай дапамозе Паўлу Кучынскаму і неадпаведнасцю ўмоў яго ўтрымання пад вартай стану ягонага здароўя. Яны нагадалі беларускаму ўраду пра міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека, якія забараняюць катаванні і жорсткае і бесчалавечае абыходжанне, якое прыніжае годнасць чалавека. Спецдакладчыкі згадваюць Міжнародныя пакты аб грамадзянскіх і палітычных правах, Асноўныя прынцыпы абыходжання са зняволенымі, прынятыя Генеральнай асамблеяй ААН, Мінімальныя правілы абыходжання са зняволенымі (правілы Нэльсана Мандэлы), Стамбульскі пратакол і шэраг іншых дакументаў — у прыватнасці, ранейшых рашэнняў міжнародных у галіне правоў чалавека.
"Адсутнасці медычнай дапамогі і адмова ў шпіталізацыі затрыманага ў крытычным стане могуць быць ахарактарызаваныя як сур'ёзны боль і пакуты, наўмысна прычыненыя службовай асобай".
Таксама спецдакладчыкі згадваюць, што падчас Універсальнага перыядычнага агляду ў 2020 годзе Беларусь прызнала выкананай рэкамендацыю па паляпшэнні доступу і якасці медычнага абслугоўвання, уключаючы псіхіятрычную дапамогу для зняволеных, і павялічыла колькасць медычнага персаналу на ўсіх месцах утрымання пад вартай.
Спецдакладчыкі просяць урад:
1. Даць любую дастатковую інфармацыю і каментары з нагоды сітуацыі.
2. Даць інфармацыю аб фактычных і юрыдычных падставах дляарышта, затрымання, прад'яўлення абвінавачванняў і вынясення прысуду спадару Паўлу Кучынскаму і растлумачыць, як гэтыя дзеянні адпавядаюць абавязацельствам Беларусі ў міжнародным праве ў галіне правоў чалавека.
3. Растлумачыць, якім чынам стан здароўя і інваліднасць Паўла Кучынскага былі прыняты ва увагу адпаведнымі органамі ўлады пры прыняцці рашэння аб ягоным папярэднім зняволенні пад варту і вынясенні яму прысуду.
4. Даць інфармацыю аб бягучым стане здароўя Паўла Кучынскага і растлумачыць, наколькі медычная дапамога, якая ім атрымліваецца, і ўмовы яго ўтрымання пад вартай адпавядаюць абавязацельствам Беларусі па міжнародным праве ў галіне правоў чалавека.
5. Пераканацца, што Кучынскі атрымлівае своечасовую і адэкватную медычную дапамогу ў адпаведнасці з ягоным дыягназам, а таксама ў тым, што ўмовы ягонага ўтрымання пад вартай адпавядаюць стану яго здароўя і інваліднасці. Калі ў турэмным шпіталі немагчыма правесці якія-небудзь медыцынскія працэдуры, неабходныя ў сувязі са станам яго здароўя, забяспечыць перавод Кучынскага ў адпаведную грамадзянскую бальніцу.
6. Растлумачыць, якія сродкі прававой абароны былі даступныя Кучынскаму для аспрэчвання адпаведнасці яго ўтрымання пад вартай, яго ўмоў і медычнай дапамогі, якую ён атрымлівае, абавязацельствам Беларусі па міжнародным праве ў галіне правоў чалавека.
7. Растлумачыць юрыдычныя і адміністрацыйныя наступствы пагаршэння стану здароўя Кучынскага і змены ягонай ступені інваліднасці з другой на першую.
8. У абставінах цяжкага стану здароўя Кучынскага — разглядзець магчымасць яго памілавання або змякчэння прысуду або замены турэмнага зняволення альтэрнатыўнай формай пазбаўлення волі, у адпаведнасці з мінімальнымі стандартамі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у дачыненні да мераў, не звязаных з турэмным зняволеннем (Такійскія правілы).
Спецдакладчыкі настойліва заклікаюць прыняць неабходныя меры і выказваюць упэўненасць у тым, што могуць публічна выказаць сваю занепакоенасць, паколькі на іх думку, атрыманая імі інфармацыя дастаткова дакладная, каб паказваць на праблему, якая патрабуе неадкладнай увагі.
Нагадаем, у сакавіку 2024 году юрысты "Вясны" звярнуліся да спецыяльных дакладчыц ААН па Беларусі і па пытанні аб праве на здароўе ў сувязі з пагаршэннем стану здароўя Паўла Кучынскага.
Палітзняволены маладзечанец мае першую групу інваліднасці — у яго лімфома Ходжкіна чацвёртай стадыі. Нягледзячы на анказахворванне, яго ўтрымліваюць у зняволенні больш за два гады.
"Вясна" накіравала зварот спецдакладчыкам ААН з нагоды пагаршэння здароўя Паўла Кучынскага
Замест калоніі Паўла накіравалі ў рэспубліканскую лякарню ў Калядзічах.
У чэрвені 2022 года яго асудзілі да пяці гадоў калоніі, а па выніках апеляцыі паменшылі прысуд толькі на тры месяцы. Замест калоніі Паўла накіравалі ў рэспубліканскую лякарню ў Калядзічах, дзе палітвязень цяпер праходзіць лячэнне, якое яму не дапамагае, таму хвароба прагрэсуе. Раней з лекарамі праводзілася кансультацыя з нагоды перасадкі касцявога мозгу, але гэта немагчыма зрабіць ва ўмовах зняволення.
Крыніца: Спецдакладчыкі ААН звярнуліся да Беларусі з запытам аб сітуацыі са здароўем Паўла Кучынскага