28.05.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, свабода мірных сходаў У судзе Маскоўскага раёна Брэста 24 траўня адразу пяць чалавек абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Мясцовых жыхароў — Маргарыту Ацемасаву, Ганну Васільеву, Арцёма Ботава, Андрэя Салапуру, Аляксандра Якубука — асудзілі за ўдзел у акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года. Суддзя Марына Скалковіч прызначыла ім ад двух з паловай гады "хатняй хіміі" да паўтара года калоніі, піша "Берасцейская Вясна".
У выніку мясцовыя жыхары былі асуджаныя:
- Арцём Ботаў, Андрэй Салапура, Аляксандр Якубук — паўтара года калоніі кожнаму;
- Маргарыта Ацемасова — два гады пазбаўлення волі ўмоўна (жанчына мае дзіця, якому менш за год);
- Ганна Васільева — два гады і шэсць месяцаў "хатняй хіміі" (у жанчыны двое непаўналетніх дзяцей).
Такім чынам, па падліках "Берасцейскай Вясны", ужо вядома пра 25 асуджаных паводле арт. 342 КК за пратэсты ў Брэсце 10 жніўня 2020 года. Праваабаронцы нагадваюць, што за тую акцыю пратэсту актыўна судзілі ў 2021 годзе і ўсім прызначалі калонію паводле арт. 293 КК. Пасля некаторага зацішша, у канцы 2023 года з'явіліся новыя затрыманні за тыя пратэсты — ім пачалі прад'яўляць ужо артыкул 342 КК.
Крыніца: Да 1,5 года калоніі. Яшчэ пяць чалавек асудзілі за ўдзел у пратэстах 10 жніўня 2020 у Брэсце