29.05.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, гісторыі вязняў Чатыры гады таму, 29 траўня 2020 года, падчас правядзення пікету па зборы подпісаў грамадзян у падтрымку вылучэння ў якасці кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у Гродне затрымалі кіраўніка ініцыятыўнай групы, блогера папулярнага YouTube-канала "Страна для жизни" Сяргея Ціханоўскага і яшчэ прынамсі 15 грамадзян, якія бралі ўдзел у тым пікеце. Усё адбывалася ў жывым эфіры — сведкамі правакацыі і затрыманняў сталі тысячы гледачоў стрымаў і дзясяткі ўдзельнікаў выбарчага пікету. Частку затрыманых пазней вызвалілі, а некаторых затрымалі і асудзілі па крымінальных артыкулах. У зняволенні ціск на фігурантаў не скончыўся. Фактычна, тыя падзеі на плошчы ў Гродне 29 траўня 2020 года сталі пачаткам масавых рэпрэсій у Беларусі, якія цягнуцца па гэты час. Распавядаем, што цяпер з затрыманымі ў Гродне фігурантамі "справы Ціханоўскага".
Што адбылося на пікеце ў Гродне 29 траўня 2020 года?
Увечары 29 траўня ў Гродне на плошчы Савецкай падчас пікету па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай быў затрыманы кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргей Ціханоўскі і яго прыхільнікі. Тады ў прамым эфіры "Страна для жизни" да блогера з дакучлівымі пытаннямі і паводзінамі стала прыставаць жанчына. Пазней журналісты высвятлілі, што гэта была правакатарка. Калі Ціханоўскі зразумеў гэта, ён пачаў сыходзіць ад іх, на плошчы пачалася мітусня, гарадзенцы хацелі абараніць блогера, у выніку чаго малады міліцыянт апынуўся на зямлі. Ён ляжаў, пакуль да яго не падышлі людзі ў цывільным адзенні і не дапамаглі сесці на лаву. Гэта быў старшы участковы інспектар грамадскага пункта аховы парадку № 2 (Ленінскі раён Гродна) Уладзімір Казлоўскі. У (вельмі) хуткім часе прыехалі супрацоўнікі АМАПу і затрымалі каля 15 удзельнікаў пікету, у тым ліку членаў каманды "Страна для жизни".
За чатыры гадзіны да інцыдэнту Лукашэнка апісаў нейкае здарэнне, вельмі падобнае да пазнейшай правакацыі супраць Ціханоўскага.
Дарэчы, цяпер Казлоўскі займае пасаду начальніка штаба Аддзела ўнутраных спраў Ленінскага раёна Гродна. Казлоўскі пачаў адсуджваць кампенсацыі за свае нібыта маральныя пакуты. Агулам Казлоўскі на 2022 год змог спагнаць за абразу сябе больш за дзесяць тысяч рублёў.
Ужо на наступны дзень МУС паведаміла, што абодва міліцыянты ляжаць у шпіталі. Але потым высвятлілася, што яны ляглі ў бальніцу не адразу пасля інцыдэнту, а праз нейкі час.
Першапачаткова была ўзбуджаная крымінальная справа аб "гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў" паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса. Аднак па заканчэнні 10-сутак ужо ў мінскім СІЗА № 1 удзельнікам мерапрыемства было прад'яўленае абвінавачванне паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, і ў актыўным удзеле ў такіх дзеяннях). Гэта справа атрымала назву "справа Ціханоўскага".
31 траўня 2020 года праваабарончая супольнасць Беларусі выступіла з заявай аб прызнанні Сяргея Ціханоўскага і ўсіх затрыманых у сувязі з інцыдэнтам палітычнымі зняволенымі.
Васіль Баброўскі і Уладзімір Навумік — адпушчаныя пасля 40 сутак за кратамі
- Палітвязні Васіль Баброўскі і Уладзімір Навумік пасля вызвалення 9 ліпеня 2020 года. Фота: spring96.org
Васілю Баброўскаму 45 гадоў, 29 траўня пераходзіў з аднаго прыпынку да другога, дзе яго і затрымалі. А 36-гадовы інжынер Уладзімір Навумік у той дзень пайшоў па торт для дачкі, але апынуўся ў СІЗА: калі ўбачыў тузаніну вакол Сяргея Ціханоўскага, ён паспрабаваў зняць на тэлефон відэа.
"Я здымаў гэтыя міліцэйскія бусы і людзей у цывільным. У гэты момант мяне схапілі і закінулі ў бус тварам у падлогу. Я пытаюся, за што, а яны кажуць: "За тое, што здымаў". Адзін прыціснуў мне галаву каленам – так мы ехалі палову шляху да пастарунку. Потым я папрасіў адпусціць і мне ўжо дазволілі проста сесці на падлогу. У РУУС яны да ночы разбіраліся. Затрымалі, а потым не ведалі, што са мной рабіць", — распавядаў пасля вызвалення мужчына журналістцы "Белсата" Кацярыне Андрэевай.
9 ліпеня 2020 года, амаль праз месяц утрымання ў мінскім СІЗА-1, Васіля і Уладзіміра адпусцілі. Ім змянілі меры стрымання з заключэння пад варту на падпіску аб нявыездзе. Яны засталіся абвінавачанымі па крымінальнай справе па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Праз некаторы час абвінавачванні з іх былі знятыя.
Вяргілій Ушак — вызвалены пасля двух месяцаў на "Валадарцы", пакінуў Беларусь
- Вяргілій за 2 месяцы зняволення вельмі схуднеў. Цяпер штаны, якія насіў раней, падвязвае вяроўкай. Фота: spring96.org
Вяргілій Ушак — аператар, які здымаў пікет па зборы подпісаў у Гродне 29 траўня 2020 года. Гэта быў яго першы дзень з камандай. Яго затрымалі і змясцілі пад варту паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Два месяцы ён правёў на "Валадарцы". 29 ліпеня 2020 года ён выйшаў на волю, аднак застаўся падазраваным па крымінальнай справе з падпіскай аб нявыездзе. Неўзабаве пасля вызвалення "Вясна" паразмаўляла з Вяргіліем, дзе ён распавёў пра сваё затрыманне, галадоўку на знак пратэсту і зняволенне:
"Калі нас прывезлі ў ІЧУ ў Мінск, я чуў, як Сяргей Ціханоўскі казаў там "Стоп таракан!" Гэта падбадзёрвала. Мы чамусьці доўга чакалі ў аўтобусе нашага засялення.
У ІЧУ на Акрэсціна ў камерах я быў адзін. Я адразу ж аб'явіў галадоўку ў знак пратэсту. Мяне перапаўняла злосць ад таго, што адбываецца. Акрамя таго, я ўспомніў, як у сваіх роліках Сяргей Ціханоўскі казаў, што ежа ў месцах зняволення вельмі дарагая, і я не хацеў плаціць за яе. Заяву на адмову ад ежы доўга не прымалі, узялі толькі на другі дзень. На ІЧУ я яшчэ галадаць не ўмеў, таму я адразу і не еў, і не піў. Але мне ўсё роўна прыносілі ежу і ставілі, каб яна пахла. Лекар, які раніцай прыходзіў на агляд, мацаў мяне і казаў супрацоўнікам ІЧУ: "Яшчэ працягне".
Палітвязень Вяргілій Ушак – пра свае 2 месяцы зняволення па "справе Ціханоўскага"
Пасля вызвалення Вяргілій пакінуў Беларусь у меркаваннях бяспекі.
Зміцер Фурманаў і Яўген Разнічэнка — асуджаныя па адной крымінальнай справе
Зміцер Фурманаў, як сябра ініцыятыўнай групы па вылучэнні ў кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, быў затрыманы наўпрост падчас зборк подпісаў. Калі адбыўся інцыдэнт з міліцыянтам, пасля якога пачаліся затрыманні людзей з натоўпа, Зміцер сядзеў за сталом і працягваў збіраць подпісы. Затым да яго прыбеглі амапаўцы, схапілі пад рукі прама на стуле і пацягнулі праз сквер у машыну на вачах у яго бацькоў, якія таксама былі на пікеце. Пасля таго, як Зміцера і іншых фігурантаў справы этапавалі ў мінскае СІЗА-1, яго дзяўчына Вольга Каракіна і маці абвясцілі пад засценкамі "Валадаркі" галадоўку, каб вызвалілі іх блізкага чалавека.
На наступны дзень быў затрыманы 35-гадовы будаўнік Яўген Разнічэнка, які таксама быў на плошчы. Увечары 29 траўня ён запісаў галасавое паведамленне і размясціў яго ў тэлеграм-чаце "Страна для жизни". Ён паведаміў, што гэта ён укладваў міліцыянта на асфальт.
"Хутчэй за ўсё паспрабуюць прышыць "крыміналку". Калі я перастану выходзіць на сувязь, хлопцы, разумейце, што гэта правакацыя з боку спэцслужбаў", — сказаў ён і перастаў выходзіць на сувязь каля першай гадзіны ночы.
Зміцера Фурманава і Яўгена Разнічэнку судзілі разам з былым сілавіком і валанцёрам каманды Уладзімірам Кнігай, якога затрымалі на некалькі дзён пазней — 4 чэрвеня 2020 года. На судзе ўсе не прызналі віну і заявілі, што падзеі 29 траўня 2020 года — правакацыя сілавымі ведамствамі Беларусі.
2 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёну Гродна вынеслі прысуд па гэтай гучнай справе. Зміцера Фурманава асудзілі на два гады калоніі, Яўгена Разнічэнку — на тры з паловай гады зняволення, Уладзіміра Кнігу — чатырма гадамі калоніі строгага рэжыму.
Адбываць тэрмін Зміцера накіравалі ў калонію № 3. 21 кастрычніка 2021 года палітвязень выйшаў на волю і пакінуў Беларусь. У Беларусі супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу. Зміцер распавядае "Вясне", што тое затрыманне стала лёсавызначальным для яго:
"Жыццё змянілася кардынальна. Тое, што я лічыў важным, цяпер не так важнае, і наадварот, тое, што падавася не важным, цяпер істотнае. Але самае галоўнае не змянілася: гэта любоў да праўды і прага да яе распаўсюду".
Гродненец адзначае, што з таго часу ягонае жыццё змянілася вельмі моцна:
"Цяпер я прайшоў школку праваабароны і пашырыў свае веды на тэму правоў чалавека. Калі б гэтага не адбылося, хіба я так і працягваў б працаваць інжынерам і не цікавіўся б парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі. Таму цяпер я працую ў ініцыятыве Volnyja тэхнічным мэнаджарам, каб дапамагаць вольным палітвязням у рэсацыялізацыі. А яшчэ я ажаніўся на сваёй каханай дзяўчыне, якая мяне чакала з-за кратаў, цяпер мы разам чакаем хлопчыка і адчынілі краму+творчую прастору KROPKA, где можна набыць вырабы беларускіх майстроў і правесьці сустрэчы, імпрэзы, майстар-класы. Цяпер мы рыхтуемся да нараджэньня сына, плануем пашыраць працу Кропкі, каб яшчэ больш яна прыносіла карысці беларусам і беларускам праз пашырэнне нашай мовы і культуры".
Сваіх паплечнікаў, затрыманых з ім на пікеце, Зміцер называе "сумленнымі беларусамі":
"Яны хочуць гаварыць праўду і робяць гэта нягледзячы ні на што. Мы павіны не забываць пра іх і падтрыліваць іх і іхнія сем'і.
Справа, па якой мяне затрымалі, цалкам палітычна-матываванае, як я й лічыў раней. Людзей кідалі за краты і там працягваюць трымаць толькі за тое, што яны хочуць, каб у Беларусі адбыліся сапраўдныя выбары".
Уладзіміра Кніга накіравалі адбываць тэрмін у папраўчую калонію № 14 у Навасадах. У зняволенні на яго пачалі аказваць ціск. Улетку 2022 года палітвязню ўзмацнілі рэжым і змянілі яго на турэмны. У жодзінскай турме № 8 больш за чатыры месяцы яго ўтрымлівалі ў ШІЗА. 25 ліпеня 2023 г. Уладзіміра асудзілі паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі турмы). Яму дадалі яшчэ адзін год зняволення. Калі б не гэты суд, Уладзімір бы ўжо выйшаў на волю. Цяпер ён утрымліваецца ў турме № 8.
Яўген Разнічэнка цалкам адбыў свой тэрмін у калоніі № 17 і выйшаў на волю.
Аляксандр Арановіч — асуджаны да 6 гадоў калоніі
41-гадовы кіроўца аўтадома са Старых Дарогаў Аляксандр разам з камандай "Страны для жизни" ездзіў па рэгіёнах Беларусі на брэндаваным аўтадоме. Затрымалі яго разам з іншымі ўдзельнікамі СДЖ, з якімі ён прыехаў на пікет. Аляксандра судзілі аднаго — справу супраць яго вылучылі ў асобную вытворчасць. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і п. 13 ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). У апошнім слове на судзе Аляксандр заявіў:
"Усе справы сфабрыкаваныя, абараніцца не далі. Усе зацікаўленыя, каб мяне асудзіць і пасадзіць!"
У судзе Ленінскага раёна Гродна 27 красавіка 2021 агучылі прысуд — шэсць гадоў зняволення. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў "Воўчыя норы". Вядома, што Аляксандру некалькі разоў прапаноўвалі пісаць заяву на памілаванне, але ён адмовіўся. 13 ліпеня 2023 года палітвязню зрабілі больш жорсткім рэжым — яго перавялі на турэмны рэжым тэрмінам на два гады. Цяпер ён утрымліваецца ў магілёўскай турме № 4.
Сяргей Ціханоўскі — асуджаны да 18 гадоў калоніі, утрымліваецца ў рэжыме інкамунікада
Самога блогера Сяргея Ціханоўскага асудзілі да 18 гадоў зняволення. Аператара Арцёма Сакава, якога затрымалі праз два дні пасля правакацыі на плошчы, асудзілі з ім да 16 гадоў зняволення. Іх справу аб'ядналі са справамі мадэратара сацсетак "Страна для жизни" Дзмітрыя Папова, адміністратара тэлеграм-канала "Беларусь головного мозга" Ігара Лосіка, блогера MozgON Уладзіміра Цыгановіча, палітыка Мікалая Статкевіча. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме наўпрост у будынку гомельскага ізалятара.
Адбываць тэрмін Арцёма Сакава этапавалі ў ПК № 17 — там яго змясцілі ў ПКТ на чатыры месяцы, а потым перавялі на турэмны рэжым у магілёўскую турму № 4. Як нядаўна распавядаў "Вясне" другі аператар Ціханоўскага Канстанцін Сярогін, якому цудам удалося пазбегнуць крымінальнага пераследу, іх не затрымалі з Арцёмам на плошчы з астатнімі, бо тыя адлучылыся ў краму:
"Ну і тады атрымаўся цікавы збег абставінаў. Калі адбылася правакацыя з жанчынай і міліцыянтам, які паваліўся, і пачаліся затрыманні, мы з Арцёмам адышлі на другі бок вуліцы ў краму за вадзічкай. Калі мы вярталіся, то ўбачылі Сяргея, які крыкнуў: "Усё, хлопцы, працуе АМАП". У гэты час я проста штурхнуў Арцёма за кусты, таму што ўсіх пачалі круціць. Было вельмі шмат міліцыі вакол і было вельмі жорстка. У нас атрымалася схавацца за кустамі і мы выпалі з гэтай усёй мітусні. Потым мы хутка заскочылі ў выпадковую гарадскую маршрутку".
"Мне падаецца, сёння нас прымуць". Аператар Ціханоўскага, які застаўся на волі, распавёў пра пераслед каманды
У зняволенні на Ціханоўскага ад самага пачатку адбываўся ціск і ладзіліся правакацыі: карцар, спробы перавесці ў "нізкі статус", адзіночная камера, скрытая камера на сустрэчах з адвакатамі, ШІЗА, ПКТ, турэмны рэжым, пераслед па новай крымінальнай справе... Неўзабаве пасля яго затрымання палітвязня змясцілі ў карцар, і адвакаты хадзілі да яго кожны дзень – у тым ліку для таго, каб хоць на некалькі гадзін выцягнуць яго адтуль, хай і ў следчы кабінет.
"Карцар амаль такога ж памеру, як сам Ціханоўскі. Там практычна няма дзе сядзець, замест крэсла-выступ у сцяне, магчыма толькі стаяць, хадзіць – два крокі ў адзін бок, два крокі ў іншую. У Сяргея балела нага. Спякота. І мы стараліся хоць бы фізічна яму дапамагчы: даўжэй з ім папрацаваць, каб ён менш сядзеў у карцары. І, я думаю, ён цаніў гэта нашу ўвагу", – распавядала былая абаронца палітвязня Наталля Мацкевіч.
Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях прызнала пазбаўленне волі Сяргея Ціханоўскага адвольным, якое суправаджаецца парушэннем шэрагу яго фундаментальных правоў.
Палітвязня накіравалі адбываць тэрмін у папраўчую калонію № 15, але ў хуткім часе яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым. У сярэдзіне студзеня 2023 года супраць яго завялі справу паводлеч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) і ў дадатак да 18 гадоў калоніі прызначылі яшчэ паўтара года зняволення. Цяпер, як адзначае жонка палітвязня Святлана Ціханоўская, пра яго мала што вядома нават сям'і і блізкім.
"Я не ведаю дакладна дзе ён, у якім стане і што з ім адбываецца. Гэтага не ведаюць ні ягоныя сябры, ні ягоныя блізкія, ні паплечнікі", — распавяла жонка Сяргея Ціханоўскага.
Больш за год палітвязень утрымліваецца ў рэжыме інкамунікада без сувязі са знешнім светам ужо 445 дзён. Былы палітзняволены распавёў "Радыё Свабода", што напачатку 2023 года чуў па "сарафанным радыё", што Ціханоўскі пастаянна знаходзіцца ШІЗА ці карцары, а "ўмовы вельмі суровыя".
"Мы верым у яго ідэі. Мы ідзем яго словам. І працягваем яго справу і яго барацьбу", —сказала Святлана ў чацвёртую гадавіну затрымання мужа.