29.05.2024 Тэгі: палітвязні, інфаграфіка, рэпрэсіі Затрыманне блогера папулярнага YouTube-канала "Страна для жизни" Сяргея Ціханоўскага і іншых удзельнікаў выбарчага пікета ў Гродне 29 траўня 2020 года распачало хвалю масавых рэпрэсій у Беларусі, якая трывае да гэтага часу. Чатыры гады таму, 1 чэрвеня 2020 года, Ціханоўскага прызналі палітвязнем — першым за падзеі 2020 года. З таго часу тысячы людзей прайшлі праз затрыманні, збіванні і катаванні, "суткі" і зняволенне па палітычных матывах. Па стане на 29 траўня 2024 года ў спісе палітычных зняволеных налічваецца 1 410 чалавек, 173 з якіх — жанчыны.
Чатыры гады рэпрэсій — гэта 1 461 дзень бесперапыннага пераследу грамадзянскай супольнасці за нязгоду з дзеяннямі ўладаў; гэта штодзённыя затрыманні людзей, якія чытаюць навіны ў незалежных СМІ, выказваюць салідарнасць з палітзняволенымі, падтрымліваюць Украіну ў вайне супраць Расіі; гэта тысячы беларусаў, якія вымушаны былі пакінуць свой дом праз пагрозу палітычнага пераследу; гэта шэсць памерлых у зняволенні беларусаў, якім не змаглі своечасова аказаць якасную медыцынскую дапамогу. Сёння "Вясна" распавядае ў лічбах пра чатыры гады беспрэцэдэнтных жорсткіх масавых рэпрэсій у краіне.
Сяргей Ціханоўскі — першы палітвязень Беларусі за падзеі 2020 года. Роўна чатыры гады таму, 29 траўня 2020 года, падчас правядзення пікету па зборы подпісаў грамадзян у падтрымку вылучэння ў якасці кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у Гродне затрымалі кіраўніка ініцыятыўнай групы, блогера папулярнага YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргея Ціханоўскага і яшчэ прынамсі 15 грамадзян, якія бралі ўдзел у тым пікеце. Усё адбывалася ў жывым эфіры — сведкамі правакацыі і затрыманняў сталі тысячы гледачоў стрымаў і дзясяткі ўдзельнікаў выбарчага пікету. Праз дзень праваабаронцы прызналі блогера палітычным зняволеным.
Чатыры гады са дня масавых затрыманняў на пікеце ў Гродне: распавядаем пра лёс фігурантаў "справы Ціханоўскага"
Распавядаем, што цяпер з затрыманымі ў Гродне фігурантамі "справы Ціханоўскага".
На 29 траўня 2024 года ў Беларусі налічваецца 1 410 палітвязняў. Большасць палітзняволеных складаюць мужчыны — 1 237 чалавек. Таксама ў зняволенні ўтрымліваюцца 173 жанчыны.
З 2020 года за барацьбу за грамадска-палітычныя правы і выказванне свайго меркавання ў Беларусі пераслед зазналі больш за 8000 жанчын, з якіх 1 154 былі асуджаныя па крымінальных справах. На сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 173 палітзняволеных жанчын, 123 з іх на дадзены момант утрымліваюцца ў калоніях.
Праваабаронцам вядома не менш чым пра 254 палітвязня, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. Сярод іх — 16 чалавек з інваліднасцю, 91 чалавек у цяжкім стане здароўя, 65 сталых людзей, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто з іх мае вялікія праблемы са здароўем), а таксама дзесяць чалавек з ментальнымі разладамі.
"Я, напэўна, проста памру тут": хто з палітвязняў знаходзіцца ў асаблівай рызыцы за кратамі
Самай старэйшай палітзняволенай беларускай застаецца 74-гадовая Наталля Таран, асуджаная да трох з паловай гадоў калоніі па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса.
А самая маладая палітзняволеная — 16-гадовая грамадзянка Украіна Марыя Місюк, якая паводле прапагандыстаў нібыта "стварыла анархісцкую ячэйку "Чорныя салаўі" пад кіраўніцтвам Нацыянальнай вызваленчай арміі Украіны".
Агулам за чатыры гады ў Беларусі было вынесена не менш за 5 133 палітычныя прысуды па крымінальных справах, з якіх 40 — "завочна" ў межах спецыяльнай вытворчасці. Мінімум 2 466 чалавек былі асуджаныя за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў 2020 годзе паводле арт. 342 і 293 Крымінальнага кодэкса.
Акрамя гэтага, улады пачалі актыўна судзіць беларусаў за "данаты" ў шматлікія фонды і ініцыятывы для дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій. Частку людзей выклікаюць у КДБ і просяць не ў працэсуальным парадку ахвяраваць сумы ў шмат разоў большыя за данаты, пагражаючы крымінальнай справай. Але некаторых данаціўшых адразу затрымліваюць у межах крымінальнай справы. Так, агулам ужо былі асуджаныя 90 чалавек паводле арт. 361-2, 290-1 і 361-3 Крымінальнага кодэкса.
За "здраду дзяржаве" паводле арт. 356 Крымінальнага кодэкса быў асуджаны мінімум 51 чалавек. Абсалютная большасць з іх — да пазбаўлення волі.
Не менш за 36 418 чалавек зазналі адміністрацыйны пераслед з 29 траўня 2020 года. Тысячы людзей прайшлі праз "суткі" ў жудасных умовах утрымання ў беларускіх ІЧУ.
Сілавікі ладзяць рэпрэсіі па ўсёй Беларусі і нават у маленькіх мястэчках.
Мінімум 5 300 чалавек былі асуджаныя за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" паводле арт. 19.11 КаАП. Падставай для пераследу звычайна становяцца падпіскі на "экстрэмісцкія" каналы ці перасланыя прыватныя паведамленні з навінамі ад незалежных СМІ.
З 2020 года ў "спіс экстрэмістаў" трапілі ажно 4 100 чалавек. А ў "спіс тэрарыстаў" КДБ унёс больш за 400 беларусаў.
Па даных "Вясны", мінімум 114 палітвязням узмацнілі пакаранне за "парушэнне ўнутранага парадку папраўчай установы". Як мінімум 76 палітзняволеных перавялі на турэмны рэжым і супраць яшчэ 38 распачалі новыя крымінальныя справы.
Беларусы на "крытай": як палітвязняў працягваюць пераследаваць у калоніях
З моманту першых прысудаў па палітычна матываваных крымінальных справах цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю з месцаў пазбаўлення волі не менш за 1 012 палітзняволеных.
Сёлета была ўжо трэцяя гадавіна са дня смерці ў шклоўскай калоніі № 17 палітзняволенага актывістаВітольда Ашурка. З таго часу ў месцах няволі памерлі яшчэ пяць палітвязняў:Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік і Аляксандр Кулініч.
Крыніца: Мінімум 5 133 асуджаных па крымінальных справах: чатыры гады рэпрэсій у лічбах (інфаграфіка)