30.05.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, свабода сумлення, рэпрэсіі, затрыманні, зборныя матэрыялы Сёння ў Беларусі шырока пераследуюць прадстаўнікоў рэлігійнай супольнасці, што падтрымалі дэмакратычны рух. Як гэта адбываецца ў 2024 годзе?

У эфіры "Радыё Свабода" тэалагіня і прадстаўніца "Хрысціянскай візіі" Наталля Васілевіч распавядала пра розныя выпадкі ціску на вернікаў у зняволенні, здзекаў і нават катаванняў.

— Людзі, што з'яўляюцца вернікамі, бачаць свой шлях нават унутры турмы не як нейкі канец, не як страчаныя гады, яны бачаць гэта часта ў кантэксце свайго вечнага жыцця, таго, што яны гэтым цяпер служаць Богу.

Адміністрацыйны пераслед святароў

Паводле маніторынгу "Хрысціянскай візіі", вядома не менш чым пра восем выпадкаў адміністратыўнага пераследу святароў з пачатку 2024 года.

raman_razhdziestvenski.jpg
Раман Раждзественскі

9 студзеня стала вядома, што ў Чэрыкаве на 14 сутак арыштаваны Раман Раждзественскі — пастар баптысцкай суполкі ў аграгарадку Верамейкі (Чэрыкаўскі раён, Магілёўская вобласць), што ўваходзіць у Саюз Евангельскіх хрысціян-баптыстаў у Рэспубліцы Беларусь. Яго асудзілі па адміністратыўным артыкуле 19.11 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Пастар раней ужо затрымліваўся, быў пакараны штрафам і ў яго канфіскавалі ноўтбук у сакавіку 2022 года.

kavalchuk_sviatar.jpg
Ігар Кавальчук

10 лютага пасля вяртання з паездкі ў Італію быў затрыманы святар Ігар Кавальчук, былы настаяцель прыхода храма Успення Прасвятой Багародзіцы ў Рагачове, Гомельская епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы. У яго тэлефоне былі выяўленыя падпіскі на "экстрэмісцкія" рэсурсы, на яго быў складзены пратакол паводле арт. 19.11 КаАП РБ. Святара арыштавалі тэрмінам на 15 сутак. 25 лютага, калі мінаў тэрмін адбыцця арышту, святара не выпусцілі, супраць яго быў пачаты новы адміністратыўны працэс паводле арт. 19.11 КаАП РБ. Другі тэрмін арышту склаў 12 сутак. Невядома, ці быў святар вызвалены датэрмінова пад нейкімі ўмовамі, альбо цалкам адбыў арышт. 9 сакавіка ўцёк з Беларусі ад пераследаў.

zarecki_sviatar.jpg
Аляксандр Зарэцкі

22 лютага быў затрыманы пастар Аляксандр Зарэцкі. Ідэолагі не аднойчы выказвалі прэтэнзіі пастару з нагоды таго, што ў яго царкве здзяйсняюцца малітвы за спыненне вайны ва Украіне і пагражалі пераследам. Пастар быў арыштаваны тэрмінам на 15 сутак, пасля — яшчэ на 15 сутак паводле 1 арт. 24.23 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў). Такой палічылі прамову падчас набажэнства. Нагодай для пераследу сталі выказванні, якія прыпісваюцца яму падчас службы: "памолімся за тых, хто ў турмах па сфальсіфікаваных прычынах"; "паглядзіце, як вышэйстаячыя чыноўнікі кажуць адно, а на вуліцах людзі бачаць іншае"; "нам паказваюць казаць, што ўсё добра, што ўсё падабаецца і задавальняе, і часам прасцей пагадзіцца"; "людзі на У. – здраднікі, калі прыйшлі рускія, яны ўпалі да іх у ногі"; "давайце маліцца за У., прыходзьце на малітвы за У.".

hedroic_sviatar.jpg
Павел Гедройць

14 сакавіка адміністратыўны пераслед ужылі супраць каталіцкага святара Паўла Гедройця, пробашча Крыжаўзвіжанскага касцёла ў вёсцы Галынка і Касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Перстунь Гродзенскага раёна. Святара прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама канфіскавалі мабільны тэлефон. Яго таксама абвінавацілі, што ён любіць спяваць "гарныя бандэраўскія песні". Святара аштрафавалі на 1 200 рублёў (340 еўра).

15 сакавіка пакараны адміністратыўным штрафам праваслаўны святар Мікалай Гайдук, клірык храма ў гонар Сабора ўсіх беларускіх святых у Гродна. Улады выявілі, што ў яго ва "УКантакце" была размешчана інфармацыйная прадукцыя з лагатыпам "TUT.BY", а таксама фота Гебельса са свастыкай. Дзеянні былі кваліфікаваныя як захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў з мэтай распаўсюджвання (ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ), а таксама распаўсюджванне нацысцкай сімволікі (ч. 1 арт. 19.10 КаАП РБ). Гайдук растлумачыў, што нацысцкую сімволіку размяшчаў як частку гістарычнага фотаздымка з мэтай крытыкі нацысцкіх поглядаў, што пацвярджалася і кантэкстам размешчанай ім інфармацыі, аднак яму прызначылі штраф у памеры 1 600 рублёў.

yuhnevich_sviatar.jpg
Анджэй Юхневіч

8 траўня былі затрыманыя святары ордэна Місіянераў Аблатаў Беззаганнай Марыі, якія служаць у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне (Віцебская вобласць) ксяндзы Анджэй Юхневіч OMI і Павел Лемех OMI. Юхневіч таксама з'яўляецца кіраўніком каардынацыйнай групы настаяцеляў і прадстаўнікоў манаскіх суполак Беларусі. Затрыманне адбылося пасля ўдзелу абодвух святароў у сустрэчы святароў і прысвечаных асоб Віцебскай епархіі, якая прайшла ў іх храме. Святароў абвінавачваюць у "дыверсійнай дзейнасці на шкоду беларускай дзяржаве". Да суда святары ўтрымліваліся ў ізалятары часовага ўтрымання ў Віцебску. Святароў асудзілі па скайпе: Юхневіча — на 15, а Лемеха — на 10 сутак.

17 траўня стала вядома пра пераслед пастара Юрыя Гардзея (Царква ХВЕ "Благадаць", Іўе, Гродзенская вобласць). Суд Іўеўскага раёна разгледзеў у дачыненні да яго справу аб адміністратыўным правапарушэнні паводле ч. 2. 19.11 (захоўванне з мэтай распаўсюджвання інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў). Святару паставілі ў віну адну падпіску на так званы экстрэмісцкі рэсурс у "Аднакласніках". Віну ён не прызнаў. Суддзя ўлічыў меддаведку, у адпаведнасці з якой пастара нельга адпраўляць у ізалятар, і прысудзіў штраф у 1 200 рублёў (прыкладна 400 еўра) з канфіскацыяй тэлефона.

Святары-палітвязні

rezanovicz_siarhej.jpg
Сяргей Рэзановіч

Сяргей Рэзановіч — праваслаўны святар, настаяцель храма святога Архангела Міхаіла ў аграгарадку Сцяпанкі Жабінкаўскага раёна (Брэсцкая вобласць). Быў затрыманы разам з жонкай Любоўю і сынам Паўлам. Суддзя Максім Філатаў прызначыў Разановічу 16 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і 600 базавых велічынь штрафу (19 200 рублёў).

beladzed-uladz.jpg
Уладзіслаў Беладзед

31 мая 2023 года быў затрыманы Уладзіслаў Беладзед, выкладчык катэхізіса ў Мінскім Архікафедральным саборы, які ў час мірных пратэстаў 2020 года актыўна ўдзельнічаў у агульных хрысціянскіх малітвах аб спыненні гвалту і беззаконня ў сувязі з палітычным крызісам, які развіваецца ў Беларусі. Супраць верніка ўжылі бесчалавечнае і зневажальнае годнасць абыходжанне, яго прымусілі запісаць т.зв. "пакаяльнае" відэа, на якім ён выглядаў вельмі прыгнечаным і вымушаны быў двойчы на камеру заяўляць аб сваёй гомасексуальнай арыентацыі, што ставіць яго пад дадатковую пагрозу ціску ў месцах адбыцця арышту або знаходжання пад вартай. На відэа, знятым прапагандай, пра верніка выказваліся ў зневажальным і абразлівым тоне, а таксама дэманстравалі фота і відэа са сцэнамі сексуальнага характару, у якіх ён нібыта ўдзельнічаў. 14 сакавіка 2024 года па справе Уладзіслава Беладзеда быў вынесены прысуд. Суддзя Алена Ананіч (Мінскі гарадскі суд) асудзіла яго да 3 гадоў пазбаўлення волі. Справа разглядалася ў закрытым рэжыме.

henrykh-akalatovicz.jpg
Генрых Акалатовіч

Генрых Акалатовіч — святар з Валожына. Мужчыну затрымалі ў лістападзе 2023 года. На момант затрымання яму было 70 гадоў. Ён перанёс інфаркт і нядаўна яму была зробленая аперацыя на страўніку ў сувязі з анкалагічным захворваннем, ён мае патрэбу ў медычным назіранні і пастаянным прыёме лекаў. Яго ўтрымліваюць у СІЗА КДБ. Да змены статусу для яго адмаўляліся прымаць цёплыя рэчы і прадукты. У першыя дні пасля затрымання святару ўдалося перадаць толькі прадметы гігіены, бялізну і таблеткі – ён мае сур'ёзныя хваробы, таму вымушаны прымаць некалькі відаў лекаў. Раней паведамлялася, што ксяндзу інкрымінуюць "здраду дзяржаве" (арт. 356 Крымінальнага кодэкса).

hilo_sviatar.jpg
Мікалай Хіло

29 траўня стала вядома, што супраць Мікалая Хіло, прапаведніка царквы ЕХБ "Дабравесьце", затрыманага 24 красавіка, была распачатая крымінальная справа. Ён быў узяты пад варту і знаходзіцца ў новым СІЗА ў Калядзічах. Прычыны і падставы да затрымання служыцеля дагэтуль застаюцца невядомымі. Таксама невядома, па якім артыкуле ўзбуджаная крымінальная справа.

Пераслед рэлігіі

7 лютага ў Мінскім гарадскім судзе прайшло судовае пасяджэнне па ліквідацыі мясцовага дабрачыннага фонду ў гонар Святога Іаана Рускага, звязанага са Свята-Елісавецінскім манастыром у Мінску. Пазоўнікам па справе выступіла Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Мінгарвыканкама. Фонд быў створаны сёстрамі і братамі міласэрнасці сястрыцтва ў гонар Прападобнамучаніцы Вялікай княгіні Лізаветы пры Свята-Елісавецінскім манастыры ў Мінску. Быў зарэгістраваны 14 чэрвеня 2017 года, дырэктарам Фонду быў святар СЕМ іерэй Алег (Каваленка), духоўнікам — таксама святар СЕМ іерэй Валерый Захараў.

Увесну ўлады адмовілі каталіцкім вернікам у Баранавічах у правядзенні штогадовага Крыжовага шляху на свята Вялікай Пятніцы, якая ў 2024 годзе адзначалася 29 сакавіка. Раней мерапрыемства праходзіла кожны год, мела агульнагарадскі характар і нават стала візітнай карткай Баранавічаў. Прычыны для адмовы ў дазволе на правядзенне Крыжовага шляху ўлады не паказалі.

15 траўня стала вядома, што святар беларускай суполкі ў Вільні протаіерэй Георгій Рой, які перайшоў ва Сусветны патрыярхат, быў дададзены ў расійскую базу вышуку. У Беларусі супраць яго распачатая крымінальная справа, аднак невядома па якім артыкуле. Рой актыўна дапамагаў затрыманым падчас мірных акцый 2020 года, адкрыў сабор, каб пратэстоўцы маглі схавацца ад пераследаў, выступаў з прадэмакратычнымі і антываеннымі публікацыямі ў сваіх сацсетках. Праз пагрозу пераследу вымушаны быў з'ехаць з Беларусі.

Рэлігійныя "экстрэмісцкія" матэрыялы

Пасля падзей 2020 года беларускі рэжым пачаў зачыстку медыйнага поля, прызнаючы незалежныя сродкі масавай інфармацыі, вэб-сайты, тэлеграм-каналы, сацыяльныя сеткі, а таксама сімвалы, звязаныя з мірным пратэстам, "экстрэмісцкімі матэрыяламі". У выніку пад артыкул 19.11 КаАП трапляюць асобы, якія перасылаюць інфармацыю з гэтых крыніц інфармацыі, альбо інфармацыю, што ўтрымлівае лагатыпы гэтых крыніц інфармацыі.

Цяпер у спісе на 18 сакавіка 2024 года не менш за 13 выпадкаў, не лічачы вернікаў у пераліку "экстрэмістаў". Сярод крыніц — старонкі ксяндза Вячаслава Барка, праваслаўнага архіепіскапа Гродзенскага Арцемія, праваслаўнай тэалагіні Наталлі Васілевіч. А таксама — старонкі грэка-каталіцкай газеты "Новая жизнь", суполкі "Хрысціянская візія", "Христиане против войны", грэка-каталіцкая газета "Царква".

Еўрапейскі Парламент на сваім пасяджэнні 15 сакавіка 2023 года прыняў рэзалюцыю "Рэпрэсіі, што працягваюцца супраць беларускага народу, у прыватнасці, у дачыненні да Алеся Бяляцкага і Анджэя Пачобута".

У паказаным дакуменце звяртаецца ўвага на пераслед рэлігійнай супольнасці: "Нелегітымны рэжым Лукашэнкі працягвае душыць свабоду рэлігіі і перакананняў; беручы пад увагу, што, паводле звестак Каардынацыйнай рады, некалькі каталіцкіх, грэка-каталіцкіх і праваслаўных святароў і пратэстанцкіх пастыраў сутыкнуліся з рознымі формамі ціску, ад штрафаў да працяглых тэрмінаў пазбаўлення волі, у тым ліку Сяргей Разановіч, які быў асуджаны да 16 гадоў пазбаўлення волі".

У матэрыяле выкарыстаная інфармацыя, сабраная "Хрысціянскай візіяй". 10 лютага яна падала матэрыялы для дакладу Спецыяльнай дакладчыцы па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Радзе па правах чалавека ААН за 2024 год, прысвечанага свабодзе асацыяцыі. У сваіх матэрыялах "Хрысціянская візія" звяртае ўвагу на тое, што свабода асацыяцыі і свабода рэлігіі і перакананняў непарыўна звязаныя паміж сабой, і як парушэнне аднаго з правоў падрывае асновы рэалізацыі іншага права. Даклад быў пададзены на англійскай мове, ёсць пераклад на рускую мову.

Крыніца: Як і за што цяпер пераследуюць святароў?